Інстытут «Палітычная сфера» прэзентаваў сацыялагічнае даследаванне «Беларуская адукацыя сёння: стаўленне, ацэнка эфектыўнасці». Вынікі для прыхільнікаў беларушчыны несуцяшальныя: большасць беларускіх гараджан не лічыць неабходным мяняць мову выкладання дысцыплін у школах. Як змяніць сітуацыю на карысць беларускай мовы? Вынікі даследавання каментуе яго аўтар, сацыёлаг Аляксей Ластоўскі.
Фота з асабістага архіву Аліны Нагорнай
У анлайн-апытанні пра стаўленне і ацэнку адукацыі ў Беларусі, праведзеным у жніўні 2023 года, узяло ўдзел 1.002 паўналетніх жыхара гарадоў з насельніцтвам ад 5 тысяч чалавек.
Паводле аўтара даследавання, сацыёлага Аляксея Ластоўскага, беларусы ў сваім стаўленні да адукацыі абралі канфармісцкую і прагматычную мадэль. Гэта значыць:
1. Адаптацыя да існуючай сістэмы, нежаданне радыкальных зменаў;
2. Адукацыя разглядаецца як шлях дасягнення поспеху, пажадана пры гэтым – мінімум высілкаў.
Пераважная большасць беларускіх гараджан не лічыць неабходным мяняць мову выкладання дысцыплін у школах, сведчаць вынікі даследавання інстытута «Палітычная сфера», якія 18 снежня ў Вільнюсе прадставіў сацыёлаг Аляксей Ластоўскі.
Беларуская мова
Даследаванне паказвае непрыемныя для прыхільнікаў беларушчыны вынікі – 30 год грэбавання беларускай не маглі не адбіцца на сектары адукацыі.
За тое, каб ніяк не мяняць колькасць прадметаў, якія выкладаюцца па-руску і па-беларуску, выступіла 70% рэспандэнтаў.
Павелічэнне колькасці прадметаў, якія вывучаюцца па-беларуску, за кошт скарачэння рускамоўнай практыкі падтрымала 16% апытаных, а наадварот — 7%. Астатнія са сваім меркаваннем не вызначыліся.
«Калі мы будзем прасоўваць рэформы ў сістэме школьнай і вышэйшай адукацыі, то трэба ўлічваць чаканні бацькоў і вучняў. І не трэба чакаць ідэалістычнага і аптымістычнага ўспрыняцця радыкальных зменаў, - заўважае Аляксей Ластоўскі. - Калі мы кажам са сваіх пазіцый, што вось варта пашыраць беларускую мову ў школе, то павінны разумець, што гэта будзе выклікаць адразу негатыўную рэакцыю. І для таго, каб адбыліся змены, найперш трэба мяняць сацыяльны статус беларускай мовы, каб яна ўспрымалася як фактар для прафесійнага поспеху, кар'еры. Тады гэта будзе пазітыўна ўспрымацца. Трэба ісці не са школы, а са змены сацыяльнага статусу беларускай мовы і гісторыі».
Як лічыць сацыёлаг, калі б задавалі пытанне адносна стаўлення рэспандэнтаў да мовы ўвогуле, то адказы былі б больш аптымістычныя. «Але тут гаворка ішла пра прагматыку, пра ацэнкі перспектыў і прыняцце ўласных рашэнняў – гэта зусім іншая сітуацыя. У гэтым разе гатоўнасць да пашырэння беларускай мовы (у сістэме адукацыі) значна змяншаецца, - падкрэслівае Аляксей Ластоўскі. - З 1994 года беларуская ўлада не была зацікаўленая ў падвышэнні статуса беларускай мовы. Усё, што мы бачылі, гэта рытуальныя адмашкі кшталту апрануць раз на год вышыванку. (...) І гэта знаходзіць водгук у насельніцтва – прасцей рабіць усё праз рускую мову, бо трымацца беларускай мовы вымагае шмат высілкаў і ад дзяржавы, і ад людзей. І ніхто гэтых высілкаў рабіць не хоча.
Якім чынам можна памяняць сітуацыю?
Праз стварэнне паўнавартаснай сістэмы вышэйшай адукацыі (на беларускай мове) і праз абавязковае ўвядзення беларускай мовы як базавай для чынавенства. Каб у прафесіях, якія лічацца прэстыжнымі, была дамінантнай беларуская мова. Пры цяперашняй сітуацыі падвышэнне статуса беларускай мовы – немагчымае».
Дырэктар інстытута «Палітычная сфера», доктар палітычных навук Андрэй Казакевіч нагадвае, што ў беларусаў «стаўленне да школьнай адукацыі выключна прагматычнае»: «І калі задавалі пытанні для ўдакладнення пазіцыі па беларускай мове ў школе, то часта чулі ў адказ: «а навошта?». Чалавек вучыць, прыкладам, хімію ў школе на беларускай мове, а потым ідзе ва ўніверсітэт, дзе гэта хімія будзе толькі па-руску. Гэта вялікая праблема – вышэйшай адукацыі па-беларуску няма. То самае і з рынкам працы – беларуская мова не дае ніякіх перавагаў».
Даследчыкі ўпэўненыя, што сітуацыю з беларускай мовай і ў сістэме адукацыі, і ў грамадстве ўвогуле можа змяніць толькі палітычная воля кіраўніцтва краіны.
Замежныя мовы
Амаль палова рэспандэнтаў – 48% - лічыць, што трэба павялічыць колькасць гадзін вывучэння замежных моваў у школах, гімназіях ды ліцэях. За змяншэнне гадзін вывучэння – толькі 5%.
Не хочуць ні павелічэння, ні змяншэння – 41%. Не вызначыліся – 7% апытаных.
На прыярытэты ў вывучэнні замежных моваў, як бачым, паўплывала і цяперашняя геапалітычная сітуацыя.
Топ замежных моваў, якія, на думку рэспандэнтаў, найперш патрэбныя вучням ды студэнтам:
1. Англійская мова – 93%
2. Кітайская – 49%
3. Нямецкая – 24%
4. Польская – 10%
5. Французская – 8%
6. Іспанская – 5%
7. Іншая мова – 2%
Не вызначыліся – 4% рэспандэнтаў.
Большасць беларускай моладзі арыентуецца на адукацыю за мяжой
Калі браць агульныя лічбы, то ў Беларусі хочуць атрымоўваць адукацыю 52% беларусаў; у Расеі – 41%; у адной з краін Заходняй Еўропы ці ў ЗША – 38%; у Польшчы – 22%; у Кітаі – 18%; у Літве – 6% рэспандэнтаў.
Але калі ўзяць групу «18-24 гады», то для беларускай сістэмы адукацыі і для Беларусі ўвогуле тут вынікі нядобрыя. Толькі 36% рэспандэнтаў з «маладзёвай групы» хочуць вучыцца ў Беларусі; у Расеі – 23%; а вось у адной з краін Заходняй Еўропы ці ЗША – 53%. Польшчу выбралі б 33%, Кітай – 19%, Літву – 15% апытаных.
Улічваючы, што ўлады Беларусі зараз не прызнаюць замежныя дыпломы, значыць, тыя, хто хоча атрымаць адукацыю за мяжой, не збіраюцца працаваць з гэтай адукацыяй дома – адпаведна і вяртацца ў Беларусь.
Рыгор Сапежынскі, budzma.org