Беларускі Чэ Гевара і першы прэзідэнт

21.10.2020 Гісторыя

Неверагодна, што за жыццё аднаго чалавека можа столькі адбыцца і магчыма столькі зрабіць. Дзіўна, што з ягоным партрэтам не носяць майкі, бо яго можна лічыць не толькі беларускім Чэ Геварам, але і значна круцейшым за  аргентынскага «калегу». Пра захапляльнае жыццё беларускага рэвалюцыянера Мікаля Судзілоўскага — у новым матэрыяле «Будзьма».


Касмапалітычная асоба Мікалая Судзілоўскага надзвычай цікавая і шматбаковая. Ён жыў у Беларусі, Расіі, Украіне, Швейцарыі, Румыніі, Балгарыі, Грэцыі, Турцыі, Англіі, Францыі, ЗША, Японіі, на Філіпінах, у Кітаі і ў большасці гэтых краін займаўся рэвалюцыйнай дзейнасцю або палітыкай. Ён валодаў дзесяццю мовамі, адкрыў некалькі астравоў, стаў аўтарам некаторых медыцынскіх адкрыццяў, быў сябрам Амерыканскага таварыства генетыкаў, навуковых таварыстваў Японіі і Кітая. Акрамя ўсяго іншага быў медыкам, займаўся этнаграфіяй, аграноміяй, хіміяй, біялогіяй.

Маркс і Энгельс

Мікалай Судзілоўскі нарадзіўся ў Магілёве ў 1850 годзе і паходзіў са шляхецкай сям’і. Дзе б ён ні вучыўся і ні жыў, ён амаль заўсёды займаўся асветніцкай дзейнасцю, ствараў рэвалюцыйныя гурткі. Пасля заканчэння Магілёўскай гімназіі Мікалай навучаўся ў Пецярбургу, але праз сваю грамадскую актыўнасць мусіў перавесціся на медыцынскі факультэт Кіеўскага ўніверсітэта. 

Спачатку ён стварыў студэнцкі народніцкі гурток і ўзначаліў Кіеўскую камуну студэнтаў, а пазней выправіўся ў Херсонскую і Самарскую губерні, каб рэалізаваць так званыя «хаджэнні ў народ», праводзіць агітацыю сярод сялян і працоўных. Неўзабаве, каб пазбегнуць арышту, Судзілоўскі мусіў эміграваць, а ягонае імя занеслі ў спіс небяспечных дзяржаўных злачынцаў. Але варта адзначыць, што яго сястры пашанцавала менш, яе арыштавалі і каля двух гадоў трымалі ў Петрапаўлаўскай крэпасці.

Падчас эміграцыі, у Лондане, Судзілоўскі працаваў у шпіталі, але таксама браў удзел у дзейнасці эмігранцкіх і рэвалюцыйных суполак. Менавіта ў Лондане ён пазнаёміўся з Карлам Марксам, мала таго, нават выступаў на адным са сходаў разам з ім і Энгельсам (можна адзначыць і ягонае знаёмства з Бакуніным і Пляханавым).
Асабліва актыўную дзейнасць Судзілоўскі разгарнуў на Балканах, дзе, акрамя таго што займаўся медыцынскай практыкай, скончыў універсітэт Бухарэста і вёў рэвалюцыйную працу. Так, ён лічыцца адным з пачынальнікаў румынскага сацыял-дэмакратычнага руху, выдаваў газету «Бесарабія», праводзіў агітацыю, арганізоўваў гурткі і браў удзел у падрыхтоўцы балгарскага паўстання супраць Асманскай імперыі. Але нягледзячы на тое, што Судзілоўскі быў узнагароджаны румынскімі ўладамі залатым медалём, за сваю дзейнасць ён быў высланы ў Канстанцінопаль.

Першы прэзідэнт

Яшчэ некаторы час Мікалай Судзілоўскі пражыў у розных краінах Еўропы, але ўрэшце быў вымушаны зноў эміграваць. Спачатку ён перабраўся ў Нью-Ёрк і Сан-Францыска, дзе зноў меў медыцынскую практыку, выдаў некалькі навуковых артыкулаў, стаў віцэ-прэзідэнтам грэка-руска-славянскага таварыства, займаўся грамадскай дзейнасцю, атрымаў амерыканскае грамадзянства.

У 1892 годзе Судзілоўскі пераехаў на Гавайскія астравы. Праз год амерыканцы зрабілі пераварот і зрынулі апошнюю каралеву Гаваяў Ліліўакалані, а потым анексавалі астравы. Судзілоўскі пачаў арганізоўваць сярод мясцовых рэвалюцыйныя гурткі і стаў адным з заснавальнікаў Гавайскай партыі самакіравання. У выніку яго абралі сенатарам, а затым і прэзідэнтам Сената — фактычна, першым прэзідэнтам Гаваяў (і першым прэзідэнтам з Беларусі ў айчынай гісторыі).

Сунь Ятсэн

Праз фактычную здраду мясцовых і расчараванне ў далейшай барацьбе за незалежнасць Мікалай Судзілоўскі пераязджае ў Азію: спачатку ў Кітай, а потым у Японію, дзе зноў займаецца грамадскай дзейнасцю, арганізуе школу, выпускае газету.

Пражыўшы некаторы час на Філіпінах і вярнуўшыся ў Японію, Судзілоўскі канчаткова пасяляецца ў Кітаі, у горадзе Цяньцзынь. Там ён знаёміцца з Сунь Ятсэнам — кітайскім рэвалюцыянерам, заснавальнікам Гаміньдан і першым прэзідэнтам Кітайскай рэспублікі.

Да канца жыцця — а ён пражыў 79 гадоў — Мікалай Судзілоўскі ў змаганні за свабоду і незалежнасць актыўна займаўся асветніцкай і рэвалюцыйнай дзейнасцю.


Кірыл Стаселька, budzma.org