Пяць must-see фільмаў «Паўночнага ззяння»-2025, якія вы яшчэ паспеваеце паглядзець

XI кінафестываль «Паўночнае ззянне» перасек сваю лінію экватара і рухаецца да фіналу — 23 лістапада. Аднак у гледачоў і глядачак яшчэ ёсць магчымасць паглядзець бясплатна online фаварыты сусветных кінафорумаў, а для тых, хто ў Таліне — яшчэ пройдуць паказы хітоў беларускага кінематографа апошніх гадоў з вольным доступам. Сабралі пяць must-see фільмаў з розных праграм «Ззяння» — міжнароднай, «Ukraine Mon Amour», «Нязломнасць», Беларускага конкурсу.

Важна! Каб глядзець фільмы «Паўночнага ззяння» з Беларусі — дастаткова зарэгістравацца на платформе кінафэсту. Беларускам і беларусам замежжа акрамя рэгістрацыі для прагляду не толькі Беларускага конкурсу, але і Міжнароднай праграмы, спатрэбіцца атрымаць спецыяльны доступ, запоўніўшы кароткую форму. Калі ў вас ёсць праблемы з доступам, абавязкова пішыце на пошту support@northernlightsff.com.

Усе фільмы online-праграмы даступныя згодна з раскладам з 00:00 да 23:59 па Мінскім часе.

Online — да 23 лістапада

«Незабудка», 2025, Польшча

11, 19, 23 лістапада — online з 00:00 да 23:59

Беларускі рэжысёр Станіслаў Савасцееў, які прыйшоў у кіно з акцёрскага асяроддзя, стварае далікатны і праўдзівы партрэт Элізы — жанчыны сталага ўзросту, якая жыве з хваробай Альцгаймэра. Яе дом ператварыўся ў прастору памяці: на кожным кроку — нататкі-нагадванні, сямейныя фатаграфіі і відэа, якія яна штодня запісвае і пераглядае, каб утрымліваць сувязь з самой сабой.

Калі ж успаміны пакрысе пачынаюць вяртацца, Эліза знаходзіць даўно забыты дзённік і разумее, што магла страціць не толькі памяць.


«Хаос і цішыня», Германія

20-21 лістапада — online з 00:00 да 23:59

Фільм адлюстроўвае сучасны настрой нашага грамадства. Паказвае свет у стане нераўнавагі, экзістэнцыйную адзіноту людзей ды іхнае жаданне ацалення. Тугу па цішыні ў свеце, які занадта хуткі і занадта шумны. Урэшце мы бачым, як хаос і цішыня нарэшце сустракаюцца. Стужка перамагла ў намінацыі «лепшая рэжысура» на Міжнародным Варшаўскім Кінафестывалі 2024 года. На «Паўночным ззянні» яна дэманструецца ў межах спецыяльнай праграмы «Нязломнасць», якая паказвае здольнасць чалавечага духу трываць, адаптавацца і супраціўляцца.

Па сюжэце: маладыя музыкі Жан і Гэлена рыхтуюцца да бацькоўства сярод няўпэўненасці ў працы, але іхнае жыццё сутыкаецца з загадкавым нервовым зрывам арэндадаўцы Клары. Прыняўшы ейную прапанову жыць бясплатна, яны выпраўляюцца ў сюррэалістычнае падарожжа, сутыкаючыся з грамадскім асуджэннем і ствараючы нечаканыя сувязі, што фармуюць іхныя пераплеценыя лёсы.

«Chaos i cišynia»
Кадр з фільма

«Самакруткі», 2024, Эстонія

11, 21 лістапада — online з 00:00 да 23:59

Себасцьян працуе ў невялікай талінскай краме і вядзе мернае жыццё. Яго свет пераварочваецца з ног на галаву, калі ён сустракае Сіло, геданіста і летуценніка. Разам яны паляць канабіс, абмяркоўваюць жыццё і мараць пра білет у адзін канец у Бразілію, дзе ўсё можа быць інакш.

Грунтуючыся на ўласным досведзе і гутарках з аднагодкамі, Мээль Паліяле стварае шчыры і рэалістычны партрэт пакалення маладых людзей, што шукаюць сваё месца і свабоду ў свеце, які пастаянна мяняецца. Стужка атрымала прыз глядацкіх сімпатый на Талінскім кінафестывалі (PÖFF), а цяпер яшчэ і вылучаецца ад Эстоніі ў якасці прэтэндэнта на кінапрэмію «Оскар».

«Стужка часу», Украіна, Люксембург, Нідэрланды, Францыя

22 лістапада — online з 00:00 да 23:59

Захаванне школаў ва Украіне — спроба ўзнавіць хаця б частку нармальнага жыцця, якое было да вайны, да 24 лютага 2022 года (а ў некаторых рэгіёнах нават раней, да 2014-га). Без інтэрв’ю, апавядання і рэканструкцыяў фільм Кацярыны Гарнастай «Стужка часу» дае ўяўленне пра тое, як вайна ўплывае на паўсядзённае жыццё вучняў і настаўнікаў. Фільм мае мазаічную структуру: ён даследуе, як школа функцыянуе асабіста і ў інтэрнэце ў жудасны час на перадавой і па-за ёй, як паўсядзённае жыццё пераплятаецца з заўсёднаю небяспекаю.

Сусветная прэм’ера фільма адбылася на Берлінскім кінафестывалі 2025 года, яго паказалі ў асноўным конкурсе.

«Уліс», 2025, Беларусь

22-23 лістапада — online з 00:00 да 23:59 (акрамя РБ, РФ)

Чорна-белая дакументальная эпапея амаль на дзесяць гадзін, ужо паказаная ў асноўным конкурсе аднаго з найважнейшых кінафестываляў дакументальнага кіно ў Еўропе Ji.hlava IDFF.

Беларускі рэжысёр Мікіта Лаўрэцкі, кампануючы архіўныя відэа, расказвае гісторыю Русліка, асабістага кінарэжысёра прэзідэнта. Галоўны герой спрабуе выратаваць свет, змагаючыся з псіхічным засмучэннем. Падчас сваёй аднадзённай адысеі па Мінску ён сутыкаецца з лекарамі, палітыкамі, прапагандыстамі, мастакамі і п’яніцамі.

Кінакрытык Cineuropa Марцін Кудлач апісаў стужку, як «шырокае разважанне пра беларускі досвед». Таму цісніце на «плэй» і памятайце — паводле філасофіі Бэлы Тара, венгерскага піянера павольнага кіно: фільмы трэба не глядзець, а пражываць.

Талін — 19-20 лістапада

Панэльная дыскусія «Як беларускія фільммэйкеры адкрываюць свет: Гісторыі выпрабаванняў і поспехаў»

19 лістапада, 18:00 — Беларускi дом у Эстоніі, уваход вольны

Не зважаючы на ўсе цяжкасці, беларускае кіно ўсё адно жыве, а фільммэйкеры распачынаюць новыя праекты. Як ім гэта ўдаецца? Падчас дыскусіі спікеркі і спікер пагавораць пра поспехі і здзяйсненні, якія, вядома ж, не атрымаліся б без вялізнай працы.

Госці дыскусіі:

— Воля Чайкоўская, чый фільм «Не створаныя для палітыкі» нядаўна меў прэм’еру на PÖFF у Таліне
— Мара Тамковіч, якая апавядае гісторыю беларускіх журналістаў у стужцы «Пад шэрым небам»
— Сяргей Кавалёў, які сёлета браў удзел у «Berlinale» як аператар фільму «Лебядзіная песня Фёдара Озерава», а цяпер развівае ўласны праект «Калыска», збіраючы беларускія гоўм-відэа з 90-х.

«Пад шэрым небам», 2024, Польшча

20 лістапада, 14:15 — Талін, Baltic Film, Media and Arts Institute — SuperNova cinema, N-406, уваход вольны

Натхнёны сапраўднымі падзеямі, першы поўнаметражны фільм рэжысёркі Мары Тамковіч распавядае гісторыю журналісткі Лены, якую арыштоўваюць за асвятленне пратэстаў 2020 года. «Пад шэрым небам» — эмацыйная драма пра выбар паміж свабодай і бяспекай у рэаліях палітычнага тэрору ў Беларусі. Міжнародная прэм’ера карціны адбылася на Нью-Йоркскім кінафестывалі Tribeca, акрамя гэтага стужка атрымала ўзнагароду за найлепшы дэбют на найбуйнейшым польскім кінафестывалі ігравых фільмаў у Гдыні.

Пасля паказу фільма ў Таліне рэжысёрка Мара Тамковіч распавядзе пра гісторыю стварэння стужкі і адкажа на пытанні гледачоў.

«Лебядзіная песня Фёдара Озерава», 2025, Літва, Германія

20 лістапада, 16:10 — Талін, Baltic Film, Media and Arts Institute — SuperNova cinema, N-406, уваход вольны

Той самы фільм Юрыя Сямашкі, які сёлета трапіў у праграму Берлінскага кінафестывалю. А таксама сабраў аншлаг на сёлетнім паказе ў Варшаве ў межах «Паўночнага ззяння».

На фоне чутак пра Трэцюю сусветную вайну галоўны герой, 25-гадовы музыка Фёдар Азёраў, апантана шукае свой улюбёны швэдар з рамонкамі. Ён перакананы, што гэты швэдар надзяляе яго магічнай здольнасцю складаць песні. З гэтага атрымліваецца абсурдысцкае драмедзі з алюзіямі на грэчаскую міфалогію — гісторыя пра пошукі сэнсу і надзеі сярод хаосу, і пра тое, як мастацтва можа выратаваць, нават калі ўсё астатняе разбураецца.

Пасля паказу адбудзецца Q&A з камандай фільма на беларускай мове з паслядоўным перакладам на польскую.