Беларускі паэт Сяргей Прылуцкі: «Чалавек, які жыве ва ўмовах вайны, свядома ці падсвядома адлюструе свой досвед у тым, што ён піша»

У беларускага паэта Сяргея Прылуцкага, які жыве ва ўкраінскай Бучы, нядаўна выйшаў зборнік новых вершаў, большасць з якіх была напісаная пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну.


Siarhiej Prylucki

У 2022 годзе Сяргей здолеў выехаць з Бучы прыкладна пасля двух тыдняў акупацыі, вярнуўся ў траўні 2022 году.

Цяпер Буча, па словах Сяргея, дастаткова спакойнае месца, хоць чуваць як над Кіевам працуе СПА, чуваць і калі ракета падае на горад, піша polskieradio.pl.

— Людзі звыкаюць да пэўных экстрэмальных умоваў. Хто не можа да іх прывыкнуць, то жыве ў іншым месцы, ці за мяжой. Астатнія прыстасоўваюцца да абставінаў. Шмат у чым гэта стрэсавыя сітуацыі і небяспека вайны, але людзі нават намагаюцца жартаваць і з іроніяй ставіцца да вайсковых нязручнасцяў падчас атак.

Сяргей не разлічвае на хуткае завяршэнне вайны. З самага пачатку ён разумеў — гэта надоўга.

У новую кнігу паэзіі «Нічога нястрашнага» ўвайшло каля 30 вершаў.

Kniha

— Адзін з гэтых трох вершаў з цыклу «Лісты Адаму», якія я пісаў у асноўным у 2022 годзе. Гэтыя вершы, магчыма, з’яўляюцца прадчуваннем вайны, але я хацеў бы нагадаць, што мы з 2014 году жывем у прадчуванні вайны. Мне здаецца, што ў маіх вершах вайна пачалася са зборніка «Патрыятызм для чайнікаў», напісаная ад імя выдуманага паўночна-карэйскага паэта. Там апісана як краіна, мелася на ўвазе Беларусь, пераўтвараецца ў Паўночную Карэю. І там ёсць элементы вайны, але на метафарычным узроўні. Цяперашняя кніжка «Нічога нястрашнага» па сутнасці тое, што называюць дакументальнай паэзіяй, — распавёў Сяргей Прылуцкі.

Таксама паэт лічыць, што, пра што б ні пісаў паэт, ні маляваў мастак, ні граў музыка ў час вайны — вайна так ці інакш праявіцца ў яго творчасці.

— Чалавек, які жыве ва ўмовах вайны, свядома ці падсвядома адлюструе свой досвед у тым, што ён піша. Нават калі пра гэта не гаворыцца наўпрост.

Глядзіце яшчэ: