Wavy Mroy — беларускі R&B-артыст з Осла — прэзентаваў дэбютны міні-альбом па-беларуску. Даўно марылі пра тое, каб паслухаць стылёвую падлеткавую музыку на роднай мове? Цяпер гэта магчыма. Чаму альбом «Miełancholija» — выключэнне з правілаў у найлепшым сэнсе, і чаму варта звярнуць яна яго ўвагу нават калі вы не фанат R&B? Чытайце ў рэцэнзіі.
Wavy Mroy. Фота з сацыяльных сетак
Альбом — выключэнне з правілаў
Мы прывыклі да таго, што кардынальна новае ў беларускую музыку прыходзіць вельмі рэдка. Звычайна сітуацыя наступная: шырокавядомыя ў вузкіх колах музыкі і гурты штосьці выпускаюць, здымаюць і посцяць. Усё гэта часам выходзіць за межы агульнай культурнай бурбалкі, але не так, каб сарваць джэкпот у выглядзе гучных воплескаў ці ўсенароднага прызнання. Такім жа чынам з’яўляюцца і новыя артысты, частка з якіх, як правіла, знікае з радараў пасля 4–5 рэлізаў.
Выключэннем з правілаў стаў Wavy Mroy — беларускі R&B-артыст з Осла, які пачынаў свой музычны шлях яшчэ ў 2016-м, але толькі зараз, эксперыментуючы і паступова знаходзячы фірмовы стыль і гук, прэзентаваў дэбютны міні-альбом па-беларуску.
«Miełancholija» — гэта 7 трэкаў, якія ўвасабляюць сумесь жанраў, што дагэтуль не былі дастаткова добра прадстаўленыя на беларускай мове: ад энергічнага R&B да поп-року, ад класічнага хіп-хопу да нью-джазу. Праз сумесь меланхалічных мелодыяў Стас (сапраўднае імя артыста) дзеліцца са слухачом сваім светапоглядам, думкамі і хваляваннямі, разважаннямі на тэмы кахання, сяброўства, грошай і сумам па чымсьці блізкім, родным.
Альбом з’яўляецца амбітнай спробай зрабіць якасны R&B па-беларуску. З пэўным аўтарытэтам можна сказаць, што беларуская мова дагэтуль яшчэ не гучала так файна ў такім жанры!
Стылёвая падлеткавая музыка па-беларуску — цяпер рэчаіснасць
Артыст выдатна жанглюе тэмамі: ад кахання да вострасацыяльшчыны, ад шляху творцы да складанага сяброўства і прагматычнасці нашага свету. Альбом хоць і ўвабраў у сябе шмат музычных стыляў, слухаецца як агульная і паўнавартасная мастацкая кампазіцыя, без адчування раз’яднанасці і хаосу. Усе 7 трэкаў стаяць на сваім месцы і па пасылу, і па гучанні. Вайб кожнай песні адчуваецца настолькі моцна, што спачатку немагчыма зразумець, беларуская гэта мова ці англійская.
Wavy Mroy. Крыніца: Spotify
Сапраўдная стылёвая падлеткавая музыка — больш не вільготныя мары тых, хто хоча слухаць прагрэсіўныя жанры на роднай мове. Цяпер гэта — рэчаіснасць.
Адзінае, за што можна зрабіць заўвагу, — рэчытатыў. Не заўсёды магчыма разабраць словы, і тут, бадай, выдатна дапамагло бы дадаць усе тэксты на genius (сайт, на які можна загружаць анатацыі і інтэрпрэтацыі тэкстаў песень і г. д. — заўв. аўт.), альбо на кожную з музычных пляцовак паасобку.
Агулам ацэньваючы гэты альбом па ўсіх крытэрыях, можна смела ставіць яму 10 наватарскіх прыёмаў з 10 і спадзявацца, што ў недалёкай будучыні нас усіх чакае яшчэ шмат падобных рэлізаў ад не менш свежых і маладых артыстаў.
Прыемнага праслухоўвання!
Хатні Томпсан, budzma.org