Пятнаццатага лютага ў Берліне распачаўся 84-й па ліку Міжнародны кінафестываль «Берлінале» — адна з найбольш уплывовых падзей для еўрапейскіх і паўночнамерыканскіх краін. Нягледзячы на тое, што праз саўдзел у вайне і рэпрэсіі Беларусь як дзяржава афіцыйна выключана з культурнай павесткі Захаду, беларускія кінематаграфісты ў эміграцыі ўжо другі год запар працягваюць нарошчваць сваю прысутнасць на нямецкім форуме.
Мы сабралі найбольш заўважныя праявы гэтай супрацы.
Берлінале-2024. Фота: Bild: dpa/Soeren Stache
Вялікіх фільмаў з удзелам нашых суайчыннікаў, на жаль, няма, а вось невялікія ёсць. Галоўны з іх — канцэптуальны постдок «Непажаданае сваяцтва» Паўла Мажара.
Вось што вядома пра працу, якая трапіла ў праграму кароткаметражнага кіно.
«Выкарыстоўваючы вуліцы свайго берлінскага раёна ў якасці фону, рэжысёр з Беларусі даследуе сістэматычны характар расійскіх і беларускіх ваенных злачынстваў ва Украіне і аналізуе ўласную адказнасць за гэтую вайну», — напісана на старонцы праекта.
Тры гады таму Мажар паспяхова дэбютаваў як самастойны аўтар з дакументальнай кароткаметражнай працай «Падручнік». Фільм распавядаў у схематычнай форме, як адбываліся рэпрэсіі летам 2020 года, падчас масавых пратэстаў. «Метадычка» атрымала ўзнагароду на нідэрландскім фестывалі IDFA у конкурсе кароткаметражнага дакументальнага кіно. У «Непажаданым сваяцтве» Мажар працягвае разважаць пра актуальныя тэмы ўлады і гвалту мовай нагляднага і вынаходлівага дакументальнага перформансу.
У іншым кароткім метры — літоўска-амерыканскай ігравой стужцы «Абраза» (Resentment) рэжысёра Глеба Асацінскага — знайшоўся беларускі актор Сяргей Здаранкоў. Стужка ўдзельнічае ў праграме «Generation 14plus 2024», а актор у ім сыграў адну з адну з другапланавых роляў.
Праект распавядае пра сямнаццацігадовага Яшу, які бунтуе супраць савецкай сістэмы. Але ў СССР 1990 года адны супрацьлеглыя сілы больш небяспечныя за іншыя. Патрэба галоўнага героя ў самавыражэнні падштурхне яго да неабдуманых учынкаў.
Што тычыцца Сяргея Здаранкова, то ён скончыў Беларускі інстытут культуры і распачаў тэатральную кар’еру у 2007 годзе працы ў Магілеўскім драмтэатры. Ён таксама здымаецца ў розных малавядомых расійскіх і беларускіх стужках і серыялах.
Самае цікавае падзеі будуць разгортвацца на Еўрапейскім кінамаркеце Берліналя — пляцоўцы для кінематаграфістаў, якім цікава кіно ў першую чаргу як галіна бізнесу.
У мінулым годзе там была з помпай прадстаўлена Беларуская незалежная кінаакадэмія (далей — БНК). Арганізацыя была створана пасіянарнымі кінематаграфістамі, што трапілі праз розныя прычыны ў эміграцыю, і падтрымана на самым высокім узроўні — кіраўніцтвам Еўрапейскай кінаакадэміі і Клаўдзіяй Рот, упаўнаважанай нямецкага ўрада па культуры і СМІ.
Рэжысёр Аляксей Палуян (другі злева) і міністр культуры і медыя Германіі Клаўдыя Рот (сядзіць), 2023 г.Фота Дзмітрыя Брушко, тэлеграм-канал «Свяшчэнны Белавуд»
Сёлета БНК зноў адчыніла на кінамаркеце ўласны павільён, галоўнай падзеяй якога стане пітчынг кінапраектаў для пошуку еўрапейскіх спонсараў.
Арганізатары праз адкрыты конкурс атрымалі 40 заяў, з якіх да фіналу дайшло 8 праектаў на рознай ступені вытворчасці.
Сярод іх анімацыйны праект «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» Максіма Птушкіна, палітычная драма «Пад шэрым небам» Мары Тамковіч, дакументальныя фільмы «Гарышчы для галубоў» Марты Верас і «Каб лёгка з’язджалі і добра вярталіся» Сашы Кулак, «Паляванне» Надзеі Якімовіч, «Абуджэнне» Вікторыі Шнайдэр, «Паўночнае ззянне» Юліі Паграбняк, «Zone|myths» (ананімнага аўтар).
«Пітчынг на Еўрапейскім кінарынку, мы спадзяёмся, дапаможа аўтарам адабраных праектаў знайсці партнёраў і аднадумцаў ды зрабіць сур’ёзныя крокі ў рэалізацыі ідэй. Для нас істотна, каб беларускія фільммэйкеры мелі больш магчымасцяў на міжнародных пляцоўках», — кажуць у бордзе кінаакадэміі.
Цікава, што адзін з удзельнікаў пітчынгу — дакументальны праект «Zone|myths» ананімнага аўтара — ужо прэтэндуе на фінансавую дапамогу. Сусветны кінафонд Берлінале (WCF) параіў прафінансаваць яго ў памеры 35 тысяч еўра.
Праект прысвечаны Чарнобыльскай зоне прайшоў жорсткі адбор. Журы WCF зрабіла свой выбар са 194 прадстаўленых заяў з 62 краін свету — і вынесла толькі 14 рэкамендацый па фінансаванні фільмаў, у які патрапіла і стужка «Zone|myths»
Другой заўважнай беларускй падзеяй Еўрапейскага фільммаркета стане цырымонія ўзнагароджання прэміі беларускіх кінакрытыкаў «Чырвоны верас», фокус якой накіраваны на незалежнае айчыннае кіно. Падзея, якая фактычна праводзіцца другі раз, нечакана атрымала падтрымку з боку кінематаграфічнай супольнасці Германіі.
Пераможцы прэміі абіраліся экспертным журы, у якое увайшлі 16 дзейсных журналістаў, даследчыкаў кіно, кіназнаўцаў, публіцыстаў, шляхам закрытага галасавання па пяцібальнай сістэме. У шорт-ліст увайшлі некалькі дзясяткаў дакументальных, ігравых і анімацыйных праектаў, якія прэтэндуюць на перамогу у 13 намінацыях (як персанальных, лепшы актор, актрыса, рэжысёр, так і тэхнічных: лепшы гук, дэкарацыі і г.д.) плюс «Спецыяльныя згадкі».
Арганізатары абяцаюць, што на падзеі будзе шмат цікавага. Акрамя знакамітых гасцей, запланаваны нават невялічкі выступ гурта «Шума», які грае у стылі «лічбавай архаікі».
Самы тытулаваны беларускі фільм мінулага года дакументалістаў Ганны Бадзякі і Аляксандра Міхалковіча пра вайсковую дзедаўшчыну намінаваны на прэмію «Cinema for Peace».
Цалкам намінацыя гучыць «За самы каштоўны дакументальны фільм 2024 года». Гэта штогадовая цырымонія будзе ўручана на гала-канцэрце Cinema for Peace ў Берліне 19 лютага, які пройдзе паралельна Берлінскаму кінафестывалю.
Cinema for Peace — некамерцыйная арганізацыя, заснаваная прадзюсарам Якам Бізілем у 2002 годзе ў Берліне ў адказ на тэрарыстычныя атакі 11 верасня 2001 года. Яна з’яўляецца філантрапічнай асацыяцыяй, якая прапануе платформу для гуманітарных праектаў і кінематаграфістаў.
Гала-канцэрт прэміі неаднаразова падвяргаўся крытыцы з боку былога дырэктара Берлінале Дзітэра Косліка як «новы стандарт ідыятызму».
У мінулым годзе дакументальны фільм «Смеласць» Аляксея Палуяна пра падзеі 2020 года атрымаў узнагароду Cinema for Peace ў намінацыі «Найлепшы палітычны фільм». Хто ведае, можа, беларусам і гэтым разам пашанцуе.
Тарас Тарналіцкі, budzma.org