«Гэта гісторыя не пра Польшчу, а пра сістэму, якая забываецца, што перад ёй — чалавек», — так анансуе сваю новую пастаноўку «Urząd Przyjemności» кіраўнік Беларускага Свабоднага тэатра Мікалай Халезін. На прэм’еру спектакля, якая адбудзецца ў Варшаве 20 верасня, ужо раскуплены ўсе квіткі. Але пастаноўка будзе ісці ў Skłot Syrena цягам верасня і кастрычніка, піша reform.news.
Фрагмент афішы да спектакля. Фота: kupbilecik.pl
«Бюракратыя — гэта таксама палітычная сцэна, а значыць — надышоў час зрабіць з яе тэатр», — заўважае каманда тэатра.
Спектакль створаны з асабістага досведу актораў, якія самі праходзілі праз ужонды, анкеты, бясконцыя чэргі, абыякавыя погляды.
«Urząd Przyjemności» — гэта споведзь людзей, якія не хацелі з’язджаць, але былі вымушаныя. І нават тут [у замежжы] павінны даказваць, што маюць права на жыццё. Гэта шчырая тэатральная работа без эфектаў, але з эфектам, які застаецца надоўга. Тут асабісты досвед становіцца тэатрам. Без фільтраў, без літасці», — акрэслівае пасланне спектакля ў анатацыі каманда.
Мовы пастаноўкі: польская, ангельская, беларуская, руская.
Час і месца паказаў: 21 верасня, 4 кастрычніка, 5 кастрычніка, 11 кастрычніка, Skłot Syrena, (ul. Wilcza 30), Варшава.
Набыць квіткі можна тут.