Беларускі Свабодны тэатр анансуе новую пастаноўку, у якой падымае тэму бязлітаснай бюракратыі ўжондаў

20 верасня Беларускі Свабодны Тэатр вяртаецца на сцэну з новай пастаноўкай. «Urząd Przyjemności» — прэм’ера, якая прымушае глядзець у вочы рэчаіснасці. На прэм’еру спектакля, якая адбудзецца ў Варшаве, ужо раскуплены ўсе квіткі, але пастаноўка будзе ісці яшчэ ў Skłot Syrena цягам верасня і кастрычніка.

Afiša Фрагмент афішы да спектакля. Фота: kupbilecik.pl

Пра што гэты спектакль

Гэта гісторыя не пра Польшчу, а пра сістэму, якая забываецца, што перад ёй — чалавек. Пра людзей, што апынуліся паміж межамі, мовамі і чаканнем. Гэта спектакль, створаны з асабістага досведу актораў, якія самі праходзілі праз ужонды, анкеты, бясконцыя чэргі, абыякавыя погляды.

«Urząd Przyjemności» — гэта споведзь людзей, якія не хацелі з’язджаць, але былі вымушаныя. І нават тут павінны даказваць, што маюць права на жыццё. Гэта шчырая тэатральная работа без эфектаў, але з эфектам, які застаецца надоўга. Тут асабісты досвед становіцца тэатрам. Без фільтраў, без літасці, — пішуць аўтары спектакля ў Фэйсбуку.

Навошта ісці

  • Адчуць сябе чалавекам у сістэме, якая спрабуе цябе абязлічыць.
  • Падзяліць гэтую споведзь. Гэты крык. Гэты напамін, што свабоду немагчыма адмяніць рашэннем інспектара.
  • Пачуць гісторыі пра ўсіх, хто сутыкнуўся з сістэмай, у якой нібыта ёсць усе правілы, але няма чалавечнасці.

«Бюракратыя — гэта таксама палітычная сцэна, а значыць — надышоў час зрабіць з яе тэатр. Свабодны Тэатр — гэта прастора, дзе асабісты досвед набывае калектыўны сэнс. Мы працягваем гаварыць там, дзе іншыя маўчаць. І робім гэта праз мастацтва», — адзначае каманда тэатра.

Дадатковая інфармацыя

Працягласць спектакля: 90 хвілін, без антракту

Мовы пастаноўкі: польская, ангельская, беларуская, руская

Субтытры: на польскай і ангельскай мовах

Узрост: 18+

Змяшчае: гучныя гукі, выбухі, дым, сцэны са стробасвятлом, а таксама згадкі пра дарослую тэматыку, уключаючы лаянку, гвалт, ужыванне зброі і сэксуальнае насілле.

Час і месца паказаў: 21 верасня, 4 кастрычніка, 5 кастрычніка, 11 кастрычніка, Skłot Syrena, (ul. Wilcza 30), Варшава.

Набыць квіткі можна тут.