Лявон Вольскі прыгадвае, як калісьці даўно, яшчэ да эпохі забаронаў, гурт «Крамбамбуля» запрасілі выступіць на «Славянскім базары», а пазней на афіцыйным тэлеканале. Тады высветлілася, што беларускія артысты там выступаюць без ганарару і ва ўмовах непараўнальна горшых, чым артысты замежныя. Крыўдна? Безумоўна. Але хто ў гэтым вінаваты? А хто вінаваты ў тым, што працоўны чалавек пагаджаецца на працу за мізэрныя грошы і начальства ставіцца да яго, як да быдла? Разважае Лявон Вольскі.
Запрашэнне на «Славянскі базар»
— Начальства ставіцца да нас, як да быдла. Гавораць: не падабаецца — дзьверы адчыненыя, звальняйся! Слова ня скажаш, адразу пагражаюць звальненьнем. А я ж не магу кінуць працу, у мяне сям’я, дзеці, крэдыты.
Гэта гаворыць чалавек, які зарабляе ня надта й шмат — так, сярэдненька. Але надта ўжо страшна нешта ў жыцьці зьмяніць, едзе сабе звыкла па накатанай. І ня тое каб добра, але нібыта стабільна. Хай лепей застанецца так, бо раптам зьменіцца ў горшы бок?
Калісьці даўным-даўно, яшчэ да эпохі забаронаў, патэлефанавалі са «Славянскага базару»:
— Мы хацелі б запрасіць «Крамбамбулю» на наш фэстываль.
Гучала гэта ўрачыста і крыху нават фанабэрыста, маўляў, для нас, «Крамбамбулі», гэта мусіць быць вялікім гонарам.
— Добра, дата вольная, — адказала мэнэджэрка. — Наш ганарар складае... — і назвала суму тагачаснай стандартнае аплаты за канцэрт гурта.
— Ганарар?! — абурана зьдзівіліся славянскабазарныя дзеячы. — У нас беларускія артысты выступаюць безь ніякага ганарару. Увогуле гэта вялікі гонар для айчыннага выканаўцы — удзел у нашым фэсьце! Вялікі гонар і, безумоўна, рэкляма. Вас убачаць мільёны гледачоў, вы гэта разумееце?
— Прабачце, але мы ня будзем выступаць без ганарару. Усяго найлепшага!
Каб мы не павесілі слухаўку, дык пачулі б абураныя воклічы: «Не, Зіна, ты чула?! Ганарар ім трэба! Зусім знахабнелі! У нас вунь сапраўдныя зоркі прыяжджаюць — Кіркораў там, Газманаў... За тое, каб зь імі на адной сцэне выступіць, гэтая «Крамбамбуля» яшчэ нам павінная прыплачваць, а яны — «ганарар»!».
Усё пайшло па іншым сцэнары
Пазьней, ужо ў разгар забаронаў, была сустрэча ў рэдакцыі «Камсамольскай праўды ў Беларусі». На спатканьне былі пакліканыя афіцыйныя выканаўцы і парачка забароненых. Сярод гэтых, апазыцыйных, быў і я. Маўляў, хто як сябе адчувае — вось тыя, што езьдзілі ў тур «За Беларусь» перад выбарамі, а вось — тыя, каго забаранілі, і хто ні ў якія туры ня езьдзіць, хіба што ў замежныя. Я думаў, што так званыя «афіцыйныя» будуць ухваляць уладу і дзякаваць ёй за магчымасьць усебаковага раскрыцьця сваіх здольнасьцяў, але ўсё пайшло па іншым сцэнары.
Яны пачалі скардзіцца і выказваць набалелае, маўляў, чаму гэта на «Славянскім базары» яны маюць адну на ўсіх калектыўную грымэрку, а кожны танцор з падтанцоўкі Газманава — сваю асобную? Ня кажучы ўжо пра самога Газманава (Кіркорава), у якога грымэрка з усімі наваротамі, шчодра расьпісанымі ў зорным райдэры. І колькі гэта ўсё будзе працягвацца? Чаму да расейскіх зорак стаўленьне — як да сапраўдных зорак, а да іх — як да таннае працоўнае сілы?
«Зорны рынг» на афіцыйным тэлеканале
А яшчэ пазьней, падчас чарговае часовае адлігі, «Крамбамбулю» запрасілі на афіцыйны тэлеканал для ўдзелу ў «Зорным рынгу». Удзельнічаць там нам зусім не хацелася, але намесьнікам дырэктара на тым тэлеканале быў даўні прыяцель, зь якім я некалі працаваў на незалежнай ФМ-станцыі. І ён надта ўжо прасіў, угаворваў, пераконваў. Ён нават знайшоў магчымасьць заплаціць нам поўны ганарар (беларускія артысты за ўдзел у тэлешоў, як высьветлілася, ганарараў не атрымлівалі). Мы пагадзіліся, і па дэталях выступу нам патэлефанавала адміністратарка гэтага шоў. Яна сказала, што выступаць мы будзем у ДК МАЗ.
— Добра, — адказалі ёй. — Нам патрэбная асобная грымэрка.
Ад зьдзіўленьня ў адміністратаркі на пару сэкундаў перахапіла подых.
— Усе беларускія артысты пераапранаюцца на калідоры, для іх грымэрка не прадугледжаная.
— А для небеларускіх — прадугледжаная?
— Для іншаземных зорак — так, мы знаходзім.
— Ну, выдатна, перадайце сваёй дырэкцыі, што без грымэркі мы не выступаем. Да пабачэньня!
Празь дзесяць хвілінаў адміністратарка патэлефанавала зноў.
— Гэта дзіўна, але мне сказалі знайсьці для вас памяшканьне.
— То-бок, грымэрка будзе?
— Так, будзе, — здавалася, адміністратарка сама зьдзіўленая тым словам, якія вымаўляла.
— У гэтай грымэрцы мусіць быць электрычны чайнік, кава, гарбата, садавіна, снэкі і рушнікі для кожнага ўдзельніка гурту.
Паўза.
— Гэта абсалютна немагчыма. Беларускія артысты выступаюць у нас заўсёды без аніякага райдэру.
— Тады мы ў вас не выступаем. Усяго найлепшага!
Праз наступныя дзесяць хвілінаў — ізноў тэлефанаваньне.
— Добра, там будзе ўсё, што вы сказалі, — голас адміністратаркі быў адначасова абураны і зьдзіўлены.
І вось мы прыехалі ў ДК МАЗ. Нам вылучылі кабінэт мяйсцовага функцыянэра. І, так, там былі снэкі, садавіна, рушнікі, кава, гарбата. Але не было электрычнага чайніка.
— Чаму няма чайніка? — запыталіся ў адміністратаркі.
— Таму што ён знаходзіцца ў грымэрцы замежнага ўдзельніка нашае праграмы.
— Але ж мы з вамі абумовілі ягоную наяўнасьць?
— Так, але беларускія артысты...
— Мы зараз сядаем у свой бус і зьяжджаем. Усяго найздароўшага!
Чайнік знайшоўся.
Беларускія артысты, пра якіх так настойліва казала тая адміністратарка, самі правакавалі гэткае стаўленьне да сябе — гралі без ганарараў, згаджаліся на адну на ўсіх «брацкую грымэрку» ці наагул пераапраналіся «на калідоры».
Навязаныя ўмовы гульні ці твой выбар?
Малюнак Лявона Вольскага
А што рабіць? Такія ўмовы гульні. Пачнеш абурацца — і загрыміш у чорны сьпіс! А тады — ні табе выступаў пад фанаграму ў санаторыях для расейскіх пэнсіянэраў, якія там масава адпачываюць, ні гастроляў па краіне, дзе прафсаюз забясьпечвае напаўненьне залаў, ні ўдзелу ў розных афіцыйных мерапрыемствах, дзе плацяць ня надта шмат, але стабільна.
А вось сапраўдныя зоркі з Расеі — яны прыяжджаюць з узьнятым носам, капрызяць, дасылаюць райдэр, і калі нешта не выконваецца, могуць і адмовіцца ад выступу. Іх трэба залагоджваць, бэсьціць, расьсьцілаць дывановую дарожку, падносіць хлеб-соль. І тады яны ашчасьлівяць сваім выступам правінцыйную беларускую публіку. І спакойна зьбяруць залу без аніякага ўдзелу прафсаюзаў.
Крыўдна, але што зробіш? Гэтая крыўда прарываецца раз-пораз, але лепей засунуць яе куды падалей, каб усё засталося, як ёсьць, а то, крый Божа, можа стацца й горай. Так ужо склалася. Такія ўжо тут умовы для існаваньня.
Яны не разумелі, што самі ствараюць гэтыя ўмовы.
Як і працоўны чалавек, які скардзіцца на кухні прыяцелю на сваё начальства: «Зусім ужо нейкае нечалавечае стаўленьне да нас! Як да быдла».
Ты ж сам ствараеш гэтае стаўленьне. Ты згаджаесься працаваць за гэтыя грошы. Ты не адстойваеш свае правы, не пратэстуеш, бо запішуць у апазыцыянэры. Ты ня будзеш баставаць, бо трэба ж выплачваць крэдыты.
Ты — маўклівы, пакорлівы, згаджаесься з навязанымі ўмовамі існаваньня. Як буйны рагаты скот.
Дык якога стаўленьня да сябе ты хочаш?
Лявон Вольскі, Budzma.org