Журы літоўскага фотаконкурсу Vilnius Photo Circle Award абвясціла фіналістаў. Сярод іх — беларускія фатографы Аляксандр Васюковіч і Паша Крычко, піша reform.news.
Фотакалаж: t.me/bajmedia
На конкурс было пададзена больш за 120 заявак. Было выбрана пяць фіналістаў, сярод якіх — два праекты беларускіх фатографаў: «Уздоўж закрытых дарог Украіны» Аляксандра Васюковіча і «Мапа ўспамінаў» Пашы Крычко.
Аляксандр Васюковіч — адзін з самых вядомых беларускіх фатографаў маладога пакалення, які дакументуе падзеі ва Украіне з пачатку Еўрамайдана і вайну з Расіяй з 2014 года.
Паша Крычко да падзей 2020-га ў Беларусі займаўся вясельнай і камерцыйнай здымкай, а падчас перадвыбарнай кампаніі далучыўся да каманды Віктара Бабарыкі, здымаў працу каманды Святланы Ціханоўскай і пратэсты. Сёння актыўна дакументуе тэмы, звязаныя з Беларуссю і беларусамі ў Польшчы і Літве, пашыраючы геаграфію і ахопліваючы беларускія дыяспары ў іншых краінах.
Vilnius Photo Circle — гэта міжнародны фестываль фотажурналістыкі і дакументальнай фатаграфіі. Тэма гэтага года даследуе перакрыжаванні — геапалітычныя разломы, напружанасць ваеннага часу, а таксама культурныя ці гістарычныя скрыжаванні. Тры катэгорыі конкурсу адкрыты як для прафесійных фатографаў, так і для аматараў.
Адзін з гэтых конкурсаў — Vilnius Photo Circle Award — прысуджаецца за працы, прысвечаныя тэмам геапалітычнай, культурнай або ідэалагічнай канвергенцыі.
Пераможцы прэміі будуць абвешчаныя падчас фестывалю ў Вільнюсе 27–29 верасня 2025 года.