Неверагодна, але факт: лета нам засталося — літаральна на адзін месяц. Прапануем ператварыць яго ў месяц вандровак па Беларусі — ды не простых, а з наведваннем мясцовых нішавых ды аўтэнтычных івэнтаў: святаў, фестываляў і вечарын. А іх у жніўні багата.
Сабралі для вас стос падстаў завітаць у розныя куткі Беларусі ды прасякнуцца мясцовым вайбам. Захоўвайце ў закладкі — і наперад!
1 жніўня з 10.00 да 02.00
«Наш Грунвальд» адмянілі, але сярэднявечны дух не адменіш!
Мсціслаў традыцыйна рыхтуе рыцарскія бойкі, бугурты, кірмашы і варштаты сярэднявечных танцаў на Замкавай гары, пад якой, калі верыць паданням, ляжыць разгалінаваная сетка падземных хадоў да ракі і храмаў, дзе ляжаць княжыя скарбы.

Рыцарскі фэст. Фота: vk.com/mstislavl_fest
Ля брамы гарадзішча звярніце ўвагу на магілу невядомага рыцара, які загінуў у 1502 годзе. Яго даспехі і зброю знайшлі ў рацэ Віхра ў 2013 годзе, а праз год, падчас фэста парэшткі пахавалі ля крэпасці, якую абараняў ваяр.
Квіткі на фэст бярыце па спасылцы.
1 жніўня фэст з 18.00

Як не маеце імпэту рушыць на ўсход — ёсць і заходняя альтэрнатыва: такі ж традыцыйны і неўміручы фэст «Гальшанскі замак» у Гальшанах.
У праграме — рыцарскі турнір, выступы народных калектываў і вулічных тэатраў, кірмаш, тэматычныя інтэрактыўныя фотазоны, «горад майстроў» і экскурсіі па адноўленай Паўночнай вежы.
Файная нагода праверыць, ці жывыя яшчэ Белая панна і Чорны манах!
Квіткі — ад 15 рублёў.
1 жніўня з 16:00 да 00:00
Калі рыцары — не вашая тэма, то прапануем Жамыслаўль.
Сядзіба Умястоўскіх запрашае на арт-фэст «Зорны палац».

У праграме — лекцыя «Зорная Беларусь», імерсіўны спектакль ценяў, барочная музыка і майстар-клас па танцах, тэатралізаваная экскурсія па палацы і дэгустацыя мёду з рэканструкцыяй рэцэпту графа Умястоўскага.
Хэдлайнер фэсту — мінскі нішавы музыка, майстра шаманскіх рытмаў Ян Клапоцкі і гурт «Yellow power».
А заночыць можна наўпрост пад зорным небам у намётах.
Усе сабраныя сродкі пойдуць на падтрымку гісторыка-культурнай спадчыны!
Па запіс і падрабязнасці звяртайцеся ў інстаграм палаца.
1 жніўня ў 17.00

Штогод у Поразаве збіраюцца ганчары з усёй Гарадзеншчыны.
Вас чакае бітва ганчароў, майстар-класы, на якіх навучыцеся ляпіць з гліны і абыходзіцца з ганчарным колам, і вядома, кірмаш. А яшчэ — дэгустацыя знакамітай поразаўскай банкухі.
Запісвайце рэцэпт: вазьміце 60 яек, літр смятаны, па кілаграме сметанковага масла, цукровай пудры і мукі, ванілін. Па сталовай лыжцы дадавайце ў жаўткі муку, у муку жаўткі і гэтак далей, а пасля гадзін сем выпякайце банкуху, пакручваючы туды-сюды і абліваючы цестам.
А лепш завітвайце ў Поразава і пакаштуйце такую, якую гатуюць усяго некалькі сем’яў у Поразаве і Карэвічах!
З 2 па 9 жніўня

Парафія Найсвяцейшай Тройцы ў Друі ладзіць пленэр, на якім штовечар праходзяць літаратурныя і мастацкія івэнты. Трэцяга жніўня, напрыклад, можна даведацца пра перадачу «Калыханка»: як яна пачыналася, хто яе ствараў, калі і як з’явіліся любімыя героі.
4 жніўня адбудзецца аўтарскі івэнт пісьменніка Франца Сіўко «Дзікі край, але прыгожы»: будзе экскурсія, з якой даведаецеся, як на сутыку трох дзяржаў будавалі ў 1930-х капліцу Яна Хрысціцеля у Вяце і як працаваў гідратэхнічны аб’ект, рэшткі якога сёння вядомыя пад назвай Міжрэчанскага вадаспаду.
5 жніўня будзе тэатральная вечарына «Унутры калейдаскопа»: прэзентацыя кнігі «10 пытанняў пра тэатр» і аўтарскае чытанне фрагмента п’есы Алены Іванюшанка «Цела часу».
8 жніўня завітайце на імпрэзу «Літаратура памежжа: помнікі і асобы». Даведаецеся пра Друйскае Евангелле і пазнаёміцеся з постацямі тутэйшых пісьменнікаў Ільдэфонса Бобіча і Рышарда Курыльчыка.
Праграму цалкам глядзіце тут.
Уваход вольны, за ахвяраванні падзякуюць. Не забудзьцеся пашпарт, бо праз раку — ужо Латвія.
8 і 9 жніўня ўсе едзем у Іўе на самы карнавальны івэнт краіны.

Свята «Іўеўскі памідор». Фота: kultura.grodno.by
«Іўеўскі памідор» з года ў год зберагае адметны нішавы вайб, сумяшчаючы шчыра вясёлую і адрыўную атмасферу з лёгенькім, як мы любім, прысмакам кітчу, які дазваляе разняволіцца і пачуваць сябе не проста тутэйшым, але тутэйшым дзіцём. Ну і дзе яшчэ вы пабачыце шэсце ў памідорных касцюмах і беспакарана накідаецеся памідорамі?
Так-так, у праграме традыцыйна памідорны дартс і легендарная бойка памідорамі «Іўе-дэ-таматэйра».
Будзе і гатаванне самага вялікага памідорнага бутэрброда — галоднымі не з’едзеце.
8 жніўня з 14.00 да 23.00

А ці даўно вы былі ў Крэўскім замку? Калі завітаеце 8 жніўня, патрапіце якраз на абласны фэст керамікі. Будзе вялікі кірмаш, дзе можна паглядзець ды прыдбаць рознай прыгажосці, майстар-класы ды канцэрт. Сёлета зайграюць гурт «Росквіт» і Іван Кірчук!
Заадно праверце, ці сапраўды падземныя хады пад замкам вядуць да самое Вільні.
Уваход — 10 рублёў.
8 жніўня

Так, там будуць касіць. Шмат касіць. Па-рознаму касіць. Яшчэ больш касіць. Нават калі не ўмееце касіць, завітвайце! Калі ўмееце — тым болей!
Будуць, як заўсёды, гарачыя спаборніцтвы па ручным сенакашэнні, футбол на балоце, экскурсіі на станцыю кальцавання птушак «Ясельда» ды мноства іншых забаў.
Прыхапіце з сабой бінокль, бо заказнік Спораўскі з 1998 года ўключаны ў спіс тэрыторый, важных для птушак. Тут можна ўбачыць вяртлявую чаротаўку, драча і дупеля, нават чорнага бусла, які сёлета стаў птушкай года Беларусі.
Боты таксама прыхапіце — захочаце ж прайсціся па Спораўскім балоце (бо гэта адзін з найбуйнейшых у Еўропе комплекс пойменных нізінных балот, якія захаваліся ў натуральным стане). Экалагічная сцежка на Спораўскім балоце таксама ёсць — называецца яна «У краі вяртлявай чаротаўкі» і доўжыцца паўтары кіламетры.
9 жніўня ў 10.00

А ці ведалі вы, што спеўны стыль Тураўскага міжрэчча Прыпяці — Сцвігі, які практыкуюць у Рычове, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь? Цяпер ведаеце.
Сярод унікальных рычоўскіх спеваў ёсць і спевы з падводкай — адзін з самых складаных стыляў у беларускай спеўнай традыцыі. А яшчэ адметныя яны захаваннем традыцыі мужчынскага выканальніцтва: мужчыны спяваюць як разам з жанчынамі, так і асобна.
Дык вось, у Рычоў прыязджаюць, каб паслухаць мясцовых спеваў — а таксама навучыцца спяваць.
Вас чакаюць выступы гуртоў Тураўскага міжрэчча і Лельчыцкага Палесся, супольныя спеўкі і майстар-класы.
Уваход вольны.
15 жніўня

Па-першае, наведаць Прыпяцкі нацыянальны парк ніколі не лішне і заўсёды ў асалоду. Па-другое, «Кліч Палесся» — ці не адзін з найстарэйшых этнакультурных фэстаў з тых, што нам засталіся: ён праводзіцца з 2010 года. Па-трэцяе, гасціннасць палешукоў, традыцыйныя абрады, беларускі фальклор — файная тэрапія супраць вось гэтага вось усяго, што нам засталося.
Вас чакаюць тэматычныя падворкі, інтэрактыўныя пляцоўкі, аўтэнтычныя музыканты, майстар-класы ад рамеснікаў, традыцыйныя забавы і гульні — і нават феерверк над Прыпяццю (якога мы не адабраем праз клопат пра насельнікаў Нацпарка, але, па-першае, гэта прыгожа).
22 жніўня

Для паглыблення ў атмасферу трэба ведаць, што Ганненскі кірмаш бярэ пачатак з ХVIII стагоддзя, калі ў пасёлку збіраліся гандляры і рамеснікі з еўрапейскіх краін і Рэчы Паспалітай. На кірмашы добра гандлявалі коньмі, таму конь стаў сімвалам і свята, і самой Зэльвы.
Цяпер ужо коньмі не гандлююць, але вайб зберагаюць: кожны ахвотны можа пракаціцца на павозцы або брычцы ды павучыцца асновам верхавой язды.
На цэнтральнай плошчы абяцаюць касцюмаванае шэсце ды процьму іншых актыўнасцей: майстар-класы, конкурсы, дэгустацыі.
Не забудзьцеся наведаць таксама Зэльвенскае вадасховішча, шыкоўны неагатычны Троіцкі касцёл, які штогадзіну звоніць, і магілу Ларысы Геніюш.
Да таго ж з Зэльвы можна рушыць ва ўсе бакі: хочаце — на славутыя крэйдавыя кар’еры пад Ваўкавыскам, хочаце — у Ружаны павітацца з Сапегамі, хочаце — у Слонім паглядзець на сінагогу і пашукаць сляды мядзведжай акадэміі, а адтуль — у найпрыгажэйшую вёску Беларусі Кракотку.
22 жніўня

У Воранава заязджайма не толькі паплакаць над каханнем Адама Міцкевіча і Марылі Верашчакі, але і добранька пад’есці.
Дранічкаў тут дзясяткі відаў — ад звычайных (без мукі) да розных шляхецкіх з неверагодным начыненнем.
Абяцаюць таксама канцэрт, фотазоны, дыскатэку і шмат іншага, але перадусім вы маеце нарэшце файную магчымасць вызначыць на практыцы — з мукой ці такі без мукі!
Уваход вольны.
22 і 23 жніўня

Працягваючы Міцкевічаў шлях, рушым да Навагрудка. Тут цэлае свята, прысвечанае мясцовай тэхніцы выцінання з паперы.
Будзе вялікая забаўляльная праграма: гастрафэст, сімфанічны канцэрт-баль, рыцарскі турнір і вогненнае шоу ў Наваградскім замку, але галоўнае — пазнаёміцеся з навагрудскай выцінанкай-выбіванкай, якая з’яўляецца афіцыйным элементам гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі.
У Навагрудку традыцыя выцінанкі захавалася ў асаблівай тэхніцы — з дапамогай малатка і адвёрткі: спачатку майстар стварае тонкую сетку, а ўжо на ёй нараджаюцца ўзоры. Так на Наваградчыне ў 1930-1950 гг. ствараліся ўпрыгажэньні для вокнаў, паліцаў і нават ручнікі-набожнікі для абразоў.
То завітвайце стварыць сваю выцінанку!
22 і 23 жніўня з 12:00 да 02:00

Беларускі цмок і яго світа чакаюць вас. На два дні Бярэзінскі ператворыцца ў прастору легенд і міфаў. Тут і там сустрэнеце Вадзяніка ці Русалку: будуць працаваць дзённая (0+) і начная (18+) імерсіўныя міфалагічныя экасцяжыны. Абяцаюць таксама квэсты, майстар-класы, процьму іншых актыўнасцей і канцэрт з таемным хэдлайнерам (але сцеражыцеся, ён можа апынуцца зусім не тым, каго вы чакаеце).
Глядзіце падрабязную праграму ў інстаграме фэста.
Квіткі — 120 рублёў дарослы і 90 рублёў дзіцячы на два дні. Таксама можна набыць месца для намёта.
(Пінск, Лагішын, Мядзведзічы, Ружаны, Пружаны, Іванава, Ліда, Іўе, Парэчча)
Для аматараў музыкі прапануем дзівосную асалоду — паслухаць, як гучаць арганы ў розных касцёлах Беларусі, падчас фэсту «Ars Magna Organi».
Канцэрты фэсту праходзяць у розных гарадах і мястэчках, таму вы маеце цудоўную магчымасць аб’ездзіць палову краіны і на кожным прыпынку пачуць новы арган (а як вы ведаеце, у кожнага аргана свой асаблівы голас). Да таго ж, і граюць выбітныя айчынныя і замежныя арганісты.
У жніўні расклад канцэртаў такі:
Пінск, катэдральны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, вул. Леніна, 18: 2, 8, 16, 22, 23, 29, 30 жніўня ў 16.00.
Пружаны, касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, вул. Савецкая, 39: 7 і 14 жніўня ў 19.30, 15 жніўня ў 16.00, 21 жніўня ў 19.30, 23 жніўня ў 16.00, 28 жніўня ў 19.30, 29 жніўня ў 16.00.
Ружаны, касцёл, Св. Тройцы, пл. 17 Верасня, 10: 1, 8, 15, 22, 23, 29 жніўня ў 13.00.
Мядзведзічы, касцёл Святых Апосталаў Пятра і Паўла, вул. Інтэрнацыянальная, 36: 9, 23, 30 жніўня ў 13.30.
Ліда, касцёл Узвышэння Святога Крыжа, вул. Савецкая, 2: 15 жніўня ў 16.00.
Іўе, касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла, вул. Маркса, 51: 8 жніўня ў 16.30.
Лагішын, касцёл Святых Апосталаў Пятра і Паўла, вул. Тамілава, 82: 22 і 29 жніўня ў 18.00.
Парэчча, касцёл Маці Божай Нястомнай Дапамогі, вул. Талстога, 4: 9 і 23 жніўня ў 14.30.
Іванава, Касцёл Узвышэння Святога Крыжа, вул. 50 год Кастрычніка, 2: 9 жніўня ў 19.00.
Падрабязнасці, выканаўцаў і праграму асобных канцэртаў глядзіце тут.
Віншуем! Вы здзейснілі вялікае падарожжа па Беларусі і цяпер спяваеце па-рычоўску, выцінаеце па-наваградску, косіце па-спораўску, валодаеце тысячай рэцэптаў дранічкаў і ведаеце, чым лагішынскі арган адрозніваецца ад мядзведзіцкага! Цяпер вам нават Лідбір-фэст не пашкодзіць! Гэта мы жартуем па-паляшуцку, нічога асабістага.
М. К., Budzma.org