«Велізарная стома, але велізарнае захапленне і ўражанне, што людзі аднак-такі падтрымалі фестываль». Арганізатары TUTAKA пра вынікі сёлетняга фэсту

20.07.2026 Забавы

У польскім мястэчку Гарадок пад Беластокам адбыўся шосты фестываль беларускай культуры TUTAKA. Яго падрыхтоўку арганізатары распачалі летась — адразу пасля сканчэння папярэдняга, і ўжо плануюць наступны фестываль. Журналіст культурна-асветніцкага партала «Будзьма беларусамі!» наведаў фестываль і паразмаўляў з яго арганізатарамі. 

sha20260719_tutaka_2026_knc53.jpg

Калі не хочаш плаціць за квіток — можаш прыехаць з актыўнасцю ці валанцёрыць

Галоўным сёлетнім новаўвядзеннем Тутакі былі ўваходныя квіткі для наведнікаў. З-за гэтага было заўважна, што людзей на фестывалі менш, чым у папярэднія гады.

«Безумоўна, мы заўважылі змяншэнне колькасці людзей. Раней мы ўмоўна і прыблізна налічвалі 5000 чалавек — таму што гэта вельмі складана падлічыць. У гэтым годзе мы зможам гэта зрабіць,» — сказала Budzma. org кіраўніца праектаў Фундацыі «Тутака» Настасся Суханосік.

03-tutaka_20261190.jpg Кіраўніца праектаў Фундацыі «Тутака» Настасся Суханосік

Паводле яе слоў, яны былі да гэтага гатовыя, таму што беларусы прызвычаіліся альбо ні за што не плаціць, альбо плаціць супермаленькія грошы.

«І яшчэ да нас было шмат закідаў пра тое, што мы не зрабілі аднадзённых квіткоў. Але гэта наша прынцыповая пазіцыя. Калі вы набываеце квіток, і калі яго кошт разбіць на чатыры дні, вы заўважыце, што гэта такія маленькія грошы, што нават у краму адзін раз не сходзіш».

«Магчыма, мы недапрацавалі. Можа трэба было больш тлумачыць, дзеля чаго мы ўвялі квіткі. І каб патлумачыць, што немагчыма развіваць фестываль без грамадскага ўдзелу», — кажа Павал Станкевіч кіраўнік Фундацыі «Тутака», — Мы тут не арганізуем карпаратыў для Ціханоўскай. Мы рэальна робім прастору для ўсіх. І кожны, хто быў на фэсце, гэта пацвердзіць, мне падаецца».

02-tutaka_20261190.jpgПавал Станкевіч кіраўнік Фундацыі «Тутака»

Па словах Паўла, ён бачыць, што шмат хто пакрыўдзіўся: «Так заўсёды, калі раптам „гэтае на халяву“ мяняецца на тое, што „трэба ўкласціся грашыма“».

Ён заўважае, што можна прыехаць на фестываль валанцёрыць ці арганізаваць нейкую актыўнасць. Бо ўсе, «хто рабіў актыўнасці, маюць усё бясплатна і для сябе, і для другой асобы. Валанцёры таксама не плацяць».

«У кожнага чалавека мусіць быць выбар»

Квіткі — не адзіная прычына змяншэння колькасці людзей. У гэтыя ж дні ў Польшчы адбыўся фестываль «Наш Грунвальд». Частка беларусаў паехала туды. Паралельна ў Варшаве праходзіў канцэрт гурта System of a Down, таму некаторыя вырашылі наведаць гэтую імпрэзу.

«Нам таксама пісалі пра гэта, таму што ў гэтым годзе мы перанеслі фестываль на тыдзень пазней. І ён супадае яшчэ з канцэртам адной знакамітай групы ў Варшаве. І мы ведаем, што нашая аўдыторыя таксама і там», — сказала Настасся.

Але яна лічыць, што фестываляў мусіць быць шмат.

«Ну праўда. У кожнага чалавека мусіць быць выбар. У Беларусі ў нас яго адабралі, давайце хоць яго зробім тут у Польшчы, гэты выбар. І таму ты можаш абраць у гэтым годзе, напрыклад, паехаць да нас, у наступным на „Грунвальд“. І гэта зноў-такі ўсё ж такі розныя фестывалі».

 SHA20260717_TUTAKA2026_1166.png

Прэзентавалі кнігі, дыскутавалі і спявалі песні з Ціханоўскай

На фестывалі адбылося больш за 80 актыўнасцяў. Акрамя канцэртаў, госці фестывалю маглі наведаць лекцыі, прэзентацыі кніг, майстар-класы, а таксама сустрэцца з выканаўцамі і задаць ім пытанні. Клуб гістарычнай рэканструкцыі Invictus 1863 арганізаваў паўстанцкі намёт. У ім можна было ўбачыць і патрымаць у руках зброю паўстанцаў альбо даведацца цікавосткі з часоў паўстання 1863-1864 гадоў.

1863_tutaka_202621569.jpgБівак паўстанцаў 1863

wasil_01-tutaka_202621555.jpgВасіль Калач — заснавальнік клуба гістарычнай рэканструкцыі Invictus 1863, вядоўца праектаў «Сармат», «Беларусь 1863» на ютуб-канале «Будзьма»

budzma_tutaka_202621556.jpg

На кірмашы прадавалі адзенне, упрыгожанні, сувеніры з беларускай сімволікай. У тым ліку, там можна было набыць вінілавыя плыткі беларускіх выканаўцаў VOLSKI i J: МОRS.

08_tutaka_202621612.jpgКірмаш

Апроч названых актыўнасцяў, арганізатары зладзілі сустрэчу з лідаркай дэмакратычных сіл Святланай Ціханоўскай. Удзельнікі фестывалю маглі задаць ёй розныя пытанні: ад побытавых і прыватных, кшталту «ці п’е яна піва» да — «што рабіць беларусам у сітуацыі, калі ў Польшчы масава адмаўляюць у міжнароднай абароне». Пад канец да сустрэчы далучыліся прадстаўнікі польскага ўраду і спыталі, што яшчэ Польшча можа зрабіць для беларусаў.

05-1_tutaka_202621601.jpg Святлана Ціханоўская на фестывалі TUTAKA

Пасля сустрэчы са Святланай Ціханоўскай адбыўся спеўны сход з Сержуком Доўгушавым. Удзельнікі пляцоўкі спявалі беларускія народныя песні. Затым частка наведнікаў перамясцілася на аўкцыён ад Bysol. Там можна было набыць творы беларускіх мастакоў альбо рэчы, якія перадалі ўдзельнікі фестывалю. Напрыклад, гурт Dzieciuki прапанаваў у якасці лота палачкі ад бубнаў свайго ўдарніка з папярэдняга фестывалю, падчас якога, той зрабіў прапанову сваёй дзяўчыне.

06_tutaka_202621615.jpgСяржук Доўгушаў

Сёлета на фестывалі выступалі гурты RIMA, DZIECIUKI, РСП, а таксама выканаўцы Vinsent, Chornabrova, Анастасія Рыдлеўская.

dzieciuki_tutaka_2026_knc57.jpgНа сцэне Тутакі выступаюць DZIECIUKI

Tutaka 2026. Музыкі

«Фестываль — гэта жывы арганізм»

Паводле слоў Настассі Суханосік, атрымалася не ўсё. Але на яе думку, гэта цалкам нармальна, бо

«фестываль — гэта жывы арганізм». «Ен расце, робіць памылкі і гэтак далей. Мы зрабілі настолькі, наколькі гэта было магчыма, хапіла нам моцы, высілкаў, валанцёраў, грошай і гэтак далей».

У суботу, 18 ліпеня, удзень пачалася навальніца з залевай. Большасць людзей схавалася пад парасоны на фуд-корце, у намёты і на кірмашы. «Факапы заўсёды ёсць, і гэта норма. Напрыклад, як з надвор’ем — пачалася бура, і таму шмат што перастала працаваць, пазакрываліся некаторыя наметы, але вылезла сонейка, і ўсе назад вярнуліся», — сказала Настасся.

sha20260719_tutaka_202621584.jpg

Таксама арганізатары паведамілі, што працавалі з новай аховай, якая яшчэ не ведае ўсіх правілаў. «І дзесьці прабягалі людзі, праязджалі машыны, якія не павінны былі праязджаць. Але гэта ўсё такія рэчы, якія здараюцца пастаянна, на ўсіх мерапрыемствах. І гэта цалкам нармальна».

На яе думку, усяго прадугледзець немагчыма, і на кожнай памылцы яны вучацца, а фэст становіцца ўсё лепш і лепш.

Удзельнікі фестывалю падзяліліся, што «магчыма, хацелася б за гэты кошт трошкі больш зручнасцяў для сябе. Напрыклад, больш душавых кабінак. Іх паставілі, але на жаль, мала, — адзначыўнаведнік Цімафей. — Хацелася б люстэркаў, бо, напрыклад, месца дзе пачысціць зубы — гэта не зуім абсталяваня тэрыторыя. То бок няма ані ракавіны, ані люстэрка. То бок такіх базавых рэчаў хацелася б. А больш глабальна, канешне хацелася б, каб гэта ўсё акупілася і фестываль рос, каб усе гэтыя хацелкі ў наступным годзе былі выкананы».

Арганізатары запэўнілі, што яны чытаюць усе каментары і намагаюцца на ўсё адказваць. «Мы слухаем нашую аўдыторыю. І чаму з’явіліся душы, чаму з’явілася дзіцячая пляцоўка? Таму што гэта запыт нашых наведвальнікаў, — распавяла Настасся. — Проста пакідайце нам свае фідбэкі, адказвайце на нашыя Google-формы, кажыце, што зайшло, а што не».

nasta_tutaka_20262231.jpg

На яе думку, фестываль адбываецца толькі ў шосты раз. Таму арганізатары лічаць сябе маладым фестывалем і яму ёсць куды расці.

Tutaka 2026

«Паглядзім, колькі людзей засталося з намі да самага канца»

Пад канец фестывалю арганізатары адчуваюць стому.

«Велізарная стома, але велізарнае захапленне і ўражанне, што людзі аднак-такі падтрымалі фестываль, падтрымалі дзейнасць і набылі квіткі, — сказала Настасся Суханосік. — Таму што намётавыя мястэчкі былі запоўнены не цалкам, аднак жа было вельмі-вельмі шмат намётаў і гэта крута».


У нядзелю намётаў стае менш і кемпінг пусцее. Людзі з’яжджаюць, бо ў панядзелак ім трэба ісці на працу. Але арганізатары маюць ідэю, каб фестываль доўжыўся цэлы тыдзень і каб людзі бралі цэлы адпачынак на працы на гэты час і заставаліся да панядзелка.

«Сёння мы традыцыйна пасля фестывалю пойдзем сустракаць світанак і паглядзім, колькі людзей засталося з намі да самага канца [гутарка запісвалася ў нядзелю, 19 ліпеня — рэд. Budzma. org]. Самыя моцныя, трывалыя, і такія людзі ёсць. І проста маем надзею і спадзеў, што такіх людзей будзе проста больш і больш. Фэст расце, узмацняецца, і наведвальнікі разам з намі робяць фэст і беларушчыну яшчэ лепш».

А.Ш. Budzma.org