За апошнія два гады шмат беларусаў з’ехала за мяжу разам за сваімі сем’ямі, шмат хто задаваўся пытаннем, ці можна адукоўваць за мяжой сваіх дзяцей па-беларуску. Можна, і набор у школах за мяжой на будучы навучальны год усё яшчэ адкрыты.
Польшча
У Варшаве ўжо працуе суботняя беларуская школка, заняткі зноў распачнуцца з верасня.
З гэтага навучальнага года адкрыецца яшчэ школа і садок «Я дома», навучанне ў школе цалкам паўтарае курс у польскай школе.
Зараз школа набірае дзетак у пачатковыя і базавыя класы (1-8), а таксама ў садок. У канцы года вучні атрымліваюць афіцыйнае пацверджанне аб сканчэнні класа. Выкладанне ў школе будзе весціся адпаведна польскай праграме, адаптаванай пад беларусаў.
Школа і садок «Я дома» платныя.
Таксама ініцыятыва «Беларуская школа ў Варшаве», у якую ўваходзяць прадстаўнікі ліквідаванага ў Беларусі «Таварыства беларускай школы», набірае дзяцей і выкладчыкаў у 5–11 класы. Плануецца анлайн-навучанне і некаторыя мерапрыемствы афлайн.
Беларуская школа ў Варшаве прапануе дадатковыя заняткі-кансультацыі (3 дні па 2 урокі) да польскай школьнай праграмы: беларуская і руская мова і літаратура, гісторыя і культура Беларусі. Мэта — каб дзіця, што навучаецца за мяжой, не адставала ад праграмы беларускай школы і магло, экстэрнам здаўшы іспыты, атрымаць беларускі атэстат. Школа будзе таксама выдаваць уласныя пасведчанні, ведамасці з адзнакамі. Плануецца, што ў класах будзе па 10–15 чалавек.
Бацькоў патэнцыйнага вучня просяць запоўніць анкету, вывучаючы такім чынам попыт на адукацыйныя паслугі. Патэнцыйным педагогам таксама прапануюць запоўніць анкету. Дадатковую інфармацыю можна атрымаць праз е-мэйл aziarczuk@gmail.com. .
Ідзе набор у Першую беларускую анлайн-школу ва Украіне, дзе асноўныя прадметы выкладаюць настаўнікі прэстыжнай кіеўскай школы «Мідгард». Тут абавязкова вывучаюцца беларускія мова, літаратура, гісторыя, паглыблена — англійская мова і асновы ІТ.
Першая анлайн-школа ва Украіне працуе з кастрычніка 2020 года. Ідэя яе стварэння ўзнікла ў акторкі і спявачкі Анастасіі Шпакоўскай, якая ў канцы жніўня 2020 года была вымушаная з дзецьмі з’ехаць з Беларусі.
Школа ўжо працуе два гады і выдала 13 атэстатаў дзяржаўнага ўзору Украіны, запіс у школу ўжо распачаўся, колькасць месцаў абмежаваная.
У Вільні працуе з 1994 года адзіная ў Літве агульнаадукацыйная школа з беларускай мовай навучання. У 2013 годзе рашэннем гарадскога савета Вільні яна была ператворана ў Віленскую гімназію імя Францыска Скарыны.
Асноўная мова навучання ў школе — беларуская, аднак некаторыя прадметы выкладаюцца на літоўскай. У гімназіі навучанне вядзецца з 1 па 12 клас. З 2014 года тут была адкрыта група дашкольнай адукацыі.
У дашкольную (падрыхтоўчую) групу і ў 1-12 класы гімназіі імя Ф. Скарыны г. Вільнюса прымаюцца вучні, якія жывуць на тэрыторыі Вільнюскага самакіравання (не па тэрытарыяльнаму прынцыпу). Заявы рэгіструюцца з 1 па 31 сакавіка ў цэнтралізаванай інфармацыйнай сістэме svietimas.vilnius.lt. Час прыёму заяў можа быць працягнуты ў выпадку, калі застануцца свабодныя месцы.
Заяву за вучня, якому няма 14 гадоў, падае адзін з бацькоў (апекуноў), 14-18-гадовыя вучні, якія маюць пісьмовую згоду аднаго з бацькоў (апекуноў), заявы падаюць самі.
Прыватная школа STEMBRIDGE таксама адкрывае набор у Вільні на 2022/2023 навучальны год у 1-8 класы. Асноўная мова навучання — руская. Навучанне — платнае.
Згодна адукацыйнай парадыгме школы, навуковы базіс — гэта несумненная аснова для самастойных рашэнняў і крытычнага мыслення. Навучальная праграма абяцае развіваць крытычнае і крэатыўнае мысленне, камунікацыю, кааперацыю, а таксама эмацыйны інтэлект, рэфлексіўнае мысленне, канфлікт-менеджмент, навыкі нэтворкінгу.
У Тбілісі з верасня гэтага года ў сталіцы Грузіі пачаў працу філіял беларускай прыватнай школы «ScrumSchool».
Навучанне ў школе на рускай мове, але ў адпаведнасці з беларускай праграмай навучання, суадносна ў школе будуць вучыць беларускую мову, літаратуру, гісторыю Беларусі.
Акрамя звычайнай абавязковай праграмы, абяцаюць таксама псіхалагічнае і лагапедычнае суправаджэнне і заняткі, накіраваныя на фарміраванне экадружалюбнага ладу жыцця, развіццё логіка-матэматычнага інтэлекту, развіццё ўніверсальных навыкаў (крытычнае мысленне, камунікацыя, навыкі паспяховага ўзаемадзеяння з людзьмі, эмацыйны інтэлект і інш.).
У класах будзе да 14 вучняў.
Навучанне ў школе «ScrumSchool» платнае. Ёсць магчымасць выбраць навучанне ў фармаце анлайн.
Падрабязнасці можна даведацца ў групе школы ў Фэйсбук.
Батумі
Адукацыйны цэнтр Stemlab у Батумі адкрыў набор дзяцей у пачаткову школу Stemlab School.
Як і паўсюль у Грузіі, заняткі пачнуцца з 15 верасня. Адукацыйны цэнтр створаны беларусамі і вучням плануюць выдаваць сертыфікаты беларускага ўзору. Як і ў выпадку са «ScrumSchool» навучанне будзе весціся на рускай мове, але ў школе будуць вучыць беларускую мову і літаратуру.
У Stemlab будуць узмоцнена вывучаць англійскую мову, заняткі па англійскай будуць праводзіцца штодня. Школа плануе атрымліваць амерыканскую акрэдытацыю і, адпаведна, з цягам часу пераходзіць да навучання на англійскай мове.
Навучанне ў школе платнае. Падрабязныя ўмовы і кошты можна даведацца на сайце. У класы набіраюць да 8-мі дзяцей.
Акрамя школы, у Stemlab ёсць і дзіцячы садок на поўны дзень. Па словах адміністрацыі школы, у садку таксама плануюць зрабіць гурток па беларускай мове.