Каляды — час, калі хочацца цудаў. Нават калі вы не вернік, прапануем прыняць за калядную аксіёму, што святыя ёсць, і цудоўныя выздараўленні, напрыклад, апісаныя ў навуцы як «эфект плацэба», здараюцца. Скепсіс кажа, што ў большасці выпадкаў так не працуе, але час ад часу дзіўным чынам здараецца тое, чаго па логіцы пабытовай быць не павінна. Напрыклад, беларускай рэвалюцыі ў 2020 годзе.
Пра беларускіх святых і хрысціянскія цуды, вядомыя ў нашай гісторыі распавядаем ў артыкуле.
Хрысціянскія цуды ў беларускай гісторыі
Цуд Рагнеды і Ізяслава
Заслаўе. Помнік Рагнедзе і Ізяславу
Хто хоча верыць — будзе, хто шукае у ва што — знойдзе. Дзіўным для сучаснікаў было тое, што Уладзімір не забіў Рагнеду і Ізяслава, які падняў на яго меч. Бо законы таго часу адназначна загадвалі не дараваць спробу замаху на жыццё не толькі мужа, але бацькі і князя.
Чытайце па тэме:
«Памылка» і перамога Рагнеды
Цуд Усяслава Чарадзея
Помнік Усяславу Чарадзею ў Полацку
Наступным хрысціянскім цудам, які апісвае летапіс, у нашай гісторыі з’яўляецца вызваленне Усяслава Чарадзея з поруба і абвяшчэне яго вялікім князем у Кіеве.
Адбылося гэта, па меркаванні летапісца, з-за таго, што Божанька пакараў кіеўскіх князёў за парушэнне клятвы.
Пасля бітвы на Нямізе 1067 г. тыя запрасілі Усяслава на перамовы да ракі Ршы на Смаленшчыне, пры гэтым цалавалі Чэсны крыж у пацверджанне абяцання бяспекі перамоваў. Яны парушылі слова, але пасля 14 месяцаў вязніцы ў выніку народнага паўстання былы вораг стаў кіраўніком Кіеўскай дзяржавы. Прыгадаем, што Усяслаў нарадзіўся ад валхавання і ўмеў абяртацца ў ваўка, тура і арла.
Цуд прападобнай Еўфрасінні
Еўфрасіння Полацкая. Малюнак Юліі Рудзіцкай з анімацыйнага фільма «Будзьма беларусамі»
Асноўным даказаным цудам прыпадобнай Еўфрасінні ёсць тое, што ўсе яе асноўныя артэфакты — мошчы, крыж і сабор — дайшлі да нас. Навукоўцы, якія зараз раскопваюць і рэстаўруюць полацкую царкву Спаса, кажуць, што драўляны храм з кафлянай падлогай на гэтым месцы быў яшчэ ў Х стагоддзі. У часы Еўфрасінні і яе наступнікаў яго разбудавалі, і ён быў ці не ў два разы большы за сучасную царкву. Як і іншыя сярэднявечныя храмы, ён будаваўся стагоддзямі, і казаць пра нейкую асобную партыю цэглы (якая па малітве прыпадобнай узнікла з ніадкуль) можна, але трэба яе знайсці ў мешаніне іншых гатункаў плінфы. Дачакаемся афіцыйных вынікаў раскопак.
Для вернікаў асноўным доказам святасці становяцца цуды, якія здараюцца пасля малітвы да святой. У падзяку за цуд выздаравелы ці ацалелы дае царкве воту — дорыць нейкую каштоўнасць, якую звычайна размяшчаюць каля абраза святых.
Культ святой Еўфрасінні ўзнік яшчэ ў XIV ст., але яе мошчы знаходзіліся ў Кіеўскім Пячорскім манастыры. Палачане і царкоўны клір пачалі прасіць цара перавезці мошчы з Кіева ў Полацк яшчэ ў 1833 г., але вярнулася яна ў Полацк толькі ў 1910-м, калі нарэшце пасля рэвалюцыі 1905 г. царызм арганізаваў урачыстаее перасяленне. Сёння святая Еўфрасіння лічыцца нябеснай апякункай Беларусі, а яе мошчы — гаючымі.
Глядзіце па тэме:
Праведная Сафія Слуцкая
Сафія Слуцкая
Праваслаўная княжна Сафія Слуцкая, мошчы якой захоўваюцца ў Мінску, пры жыцці была жонкай пратэстанта Януша Радзівіла — кіраўніка рокаша 1606–1609 гг. У сваей пабожнасці Сафія займалася дабрачыннасцю, спансіравала і абараняла праваслаўных, хаця ў крыніцах і сама сябе, і муж называе яе каталічкай. У пылу сваркі аб веравызнанні святой актыўныя вернікі неяк забываюць пра тое, што пасля заключэння Берасцейскай уніі ў 1595 г. усе праваслаўныя ВКЛ і Польскай Кароны, якія знаходзіліся ў кіеўскай метраполіі, афіцыйна далучыліся да каталіцкага касцёла.
У 26 гадоў княжна Сафія нарадзіла мёртванароджаную дзяўчынку і сама памерла пры родах. Паводле царкоўнага падання, неўзабаве пасля яе смерці сярод гараджан пайшлі чуткі пра цуды, якія адбываліся каля яе труны, пачалося шанаванне княжны Сафіі як мясцовай святой. Як у выпадку з Еўфрасінняй, склаўся рэгіянальны культ праведнай Сафіі Слуцкай.
Цуд каралевіча Казіміра
Сын вялікага князя літоўскага і польскага караля Казіміра, каралевіч Казімір памёр маладым у 1498 г. у Гародні. Цудам, якое робіць яго святым, было з’яўленне ўсяго ў белым каралевіча Казіміра на белым кані каля брода цераз Дзвіну пад будучым Казімірова летам 1518 г. Дзякуючы гэтаму цуду войска ВКЛ на чале з Альбрэхтам Гаштольдам змагло перабрацца праз шырокую раку пад Полацк і адагнаць адтуль значна большае па колькасці войска Маскоўскага княства. Кажуць таксама аб з’яўленні Казіміра пад Кірхгольмам у 1605 г., калі войска на чале з Янам Каралем Хадкевічам перамагло значна большыя шведскія войскі.
Цяпер Казімір з’яўляецца святым апекуном усёй моладзі свету, шануецца ў Літве і Польшчы. У Вільні і Гародні, а раней па ўсёй Беларусі адбываліся Казюкі і бегалі Казікі.
Пакутнік Андрэй Баболя
Будучы «Апостал Палесся» паходзіў са шляхты. Вучыўся ў езуіцкай школе, а пасля і сам стаў манахам. Працаваў у Вільні, Нясвіжы, Варшаве, Пінску. Падчас эпідэміі ў Вільні дапамагаў хворым. На Палессі займаўся місіянерскай дзейнасцю: дыскутаваў з праваслаўнымі, навяртаў іх ва ўніяцтва, за што ад апанентаў атрымаў мянушку «душахват».
Андрэя Баболю ў 1657 г. забілі казакі Багдана Хмяльніцкага ці мясцовыя паўстанцы ў Янаве Палескім. Андрэя Баболю катавалі ўвесь дзень, каб выбіць адрачэнне ад каталіцызму.
Капліца на месцы забойства Андрэя Баболі. Малюнак Напалеона Орды
Пакутніка кананізавалі толькі ў 1938 г. Цяпер ён нябесны апякун Пінскай дыяцэзіі, а таксама Польшчы і Беларусі.
Цуды святога Язафата Кунцэвіча
Язафат Кунцэвіч
Грэка-каталіцкага епіскапа Язафата Кунцэвіча жорстка забілі віцябляне ў 1623 г. за перагібы распаўсюджанні уніі. Маўляў, ён забараняў служыць у цэрквах і праводзіць абрады святарам, якія не прызнавалі яго ўладу як полацкага архіепіскапа. Фігура спрэчная — з аднаго боку, пакутнік, місіянер. З іншага — увасабленне прымусу і насаджэння Царкоўнай Уніі, якога называлі «Душахватам». Але як бы ні ставіліся да яго дзейнасці пры жыцці, пасля забойства пачынаецца іншая гісторыя.
Пачынаюцца цуды і стварэнне легенды святога. Цуды фіксуюць полацкія мяшчане, базыляне і езуіты. Калі скептычна глядзець на падзеі, дык для палачан было важна не згубіць Магдэбурскае права, што атрымалі ў якасці пакарання пасля злачынства віцябляне. Для базылянаў і ўніяцкай царквы, якой у першай палове XVII ст. кіравалі ў асноўным беларусы, культ мясцовага пакутніка быў вельмі важным абгрунтаваннем улады.
Мошчы Язафата вывозяць і хаваюць у саборы полацкіх езуітаў, і да яго пачынаюцца паломніцтвы. Асабліва ярка цуды праяўляюцца, калі ён адказвае на звароты вернікаў падчас войнаў.
Так, пасля знішчэння войска ВКЛ у Інфлянтах пад Вальмойжай зімой 1626 г. рэктар полацкага калегіума звярнуўся да пакутніка, і шведы летам таго года не пайшлі на нас, а высадзіліся ў Польшчы пад Гданьскам. Потым Аляксандр Гасеўскі заяўляў аб падтрымцы пакутніка Язафата ў яго паходах на Інфлянты супраць шведаў 1626–1628. Езуіты абвясцілі аб паспяховасці малітвы да пакутніка пры вызваленні Полацка ад маскоўскай пагрозы ў 1633 г.
Далей — болей. Да Язафата звярнуліся Ян Павел Сапега, Стэфан Чарнецкі і Ян Казімір Ваза, калі пайшлі вызваляць Беларусь ад маскоўскіх захопнікаў у 1660–1661 гг. Дзіўным чынам шэраг бітваў над значна большымі сіламі ворагаў былі выйграныя. Адбыўся сапраўдны цуд — ВКЛ, большасць якога разам са сталіцай была занятая і ўшчэнт разрабаваная ворагам пяць гадоў таму — адрадзілася.
«Гэта усё лірыка, — скажаце вы, — ну а што ж з афармленнем дакументаў?». Як вядома, у касцёла працэс прызнання святых — штука доўгая і бюракратычная. Пад ціскам дакладаў ад езуітаў, базыльян і караля Уладзіслава, падмацаваных дакладам адмысловай следчай царкоўнай камісіі з 1642 г., Папа Рымскі прылічыў Язафата да пакутнікаў і беатыфікаваў. Апекуном ВКЛ і Польшчы Кунцэвіча прызналі пасля працы папскіх і соймавых камісій у 1673 г. На той момант камісія налічыла 92 цуды, яшчэ 90 адбылося неўзабаве пасля прылічэння да ліку пакутнікаў.
Зразумела, паколькі святы пакутнік дапамагаў нашым ваярам біцца супраць захопнікаў, яго культ быў непрымальны для Расійскай імперыі. Нездарма Петр І забіў 5 полацкіх базыльян менавіта на алтары Язафата Кунцэвіча. Яшчэ больш рускім даўся Язафат у знакі, калі яго абвесцілі сваім апекуном паўстанцы 1863, і на знак салідарнасці завяршыў кананізацыю, абвесціўшы святым, Папа Рымскі ў 1867 г.
У Расійскай імперыі яго культ вынішчаўся, як і ўніяцкая царква, таму зараз Язафата Кунцэвіча больш ведаюць на Заходняй Украіне і вельмі шануюць як «Апостала яднання і веры». Паколькі дамоў у Полацк, да муроў Сафіі, зараз ён вярнуцца не можа, мошчы яго сёння захоўваюцца ў Рыме ў саборы св. Пятра.
Варта памятаць: святыя дапамагаюць тым, хто сам сабе радзіць. Але найлепшыя цуды свету людзі робяць уласнымі рукамі. Дзеля таго, каб здзейсніўся чарговы цуд у нашай гісторыі, як звычайна, неабходная нашая руплівая праца. Як кажуць у маёй вёсцы: «Памагай Бог» — «Казаў Бог, каб сам памог».
Ī., budzma.org