Аповед пра Рагнеду і Уладзіміра — самая старажытная палітычная легенда беларускай гісторыі. У якіх рэдакцыях існуе легенда? У чым была «памылка» Рагнеды? Ці ёсць рэальныя падставы ў гэтай гісторыі, ці гэта толькі легенда. Піша Канстанцін Семяновіч.
Легенда да сёння не выпадае з-пад увагі даследчыкаў і аматараў гісторыі, у тым ліку аўтараў «жоўтай» прэсы. Апошніх прыцягвае наяўнасць у ёй элементаў, найбольш прывабных для масавага чытача: сенсацыя, інтым і смерць.
Уладзімір і Рагнеда. Мастак А. Ласенка, 1770 г.
Легенда пра Рагнеду вядомая ў дзвюх рэдакцыях: кароткай з «Аповесці мінулых часоў» (запіс пад 980 г.), напісанай у 1110-я гады, і пашыранай, змешчанай у Лаўрэнцьеўскім летапісе, створаным у XIV ст. Кароткая рэдакцыя пісьмова зафіксавала вусны пераказ падзей, якія адбываліся на 120 гадоў раней, а працяглы аповед, змешчаны пад 1128 г., меў на мэце растлумачыць прычыны зацятай варожасці паміж полацкімі і кіеўскімі князямі.
«Не хачу рабыціча разуці...»
Кульмінацыйны пункт у гісторыі сватаўства ноўгарадскага князя Уладзіміра Святаславіча да полацкай княжны Рагнеды Рагвалодаўны — рэзкая адмова — «Не хачу рабыціча разуці, а Яраполка хачу!», якая трактуецца як ганарлівасць полацкага князя і самой Рагнеды, або як палітычны выбар полацкага княскага дома — саюз з Кіевам (Яраполк — кіеўскі князь, брат Уладзіміра).
Тут варта нагадаць тэкст кароткай рэдакцыі: «І паслаў да Рагвалода ў Полацк сказаць: «Хачу ўзяць тваю дачку сабе ў жонкі». Той жа спытаў у сваёй дачкі: «Ці хочаш за Уладзіміра?». Яна адказала: «Не хачу разуць сына рабыні, але хачу за Яраполка». Гэты Рагвалод прыйшоў з-за мора і трымаў сваю ўладу ў Полацку, а Туры трымаў уладу ў Тураве, па яму і празваліся тураўцы. І прыйшлі отракі Уладзіміра і пераказалі яму адказ Рагнеды — дачкі полацкага князя Рагвалода. Уладзімір жа сабраў шмат воінаў — варагаў, славен, чудзі і крывічоў — і пайшоў на Рагвалода. А ў гэты час сабраліся ўжо весці Рагнеду за Яраполка. І напаў Уладзімір на Полацк, і забіў Рагвалода і двух яго сыноў, а яго дачку ўзяў у жонкі».
Сватаўство Уладзіміра. Мініяцюра Радзівілаўскага летапісу
Далейшы ход падзеяў
Пашыраная рэдакцыя, насычаная рознымі дэталямі, пераказвае далейшы ход падзеяў. Пра тое, што бітва паміж дружынамі Уладзіміра і Рагвалода адбылася ў полі, бо пасля Рагвалод уцёк у горад. Пра згвалтаванне Уладзімірам Рагнеды, забойства яе бацькоў і братоў, узяцце ў жонкі пад імем Гарыславы, народзіны сына Ізяслава.
Нібыта Рагнеда гневалася на мужа за мнагажонства, няўдала спрабавала зарэзаць яго ў сне, за што муж пастанавіў уласнаручна пакараць яе смерцю. Княгіню ўратаваў малы Ізяслаў, бо бацька не асмеліўся забіваць жонку ў прысутнасці сына і адправіў абоіх на радзіму, на ўскраіну Полацкай зямлі: «Уладзімір жа ўстроіў горад, і даў ім, і назваў горад той Ізяслаўль».
Рэальныя падставы легенды
Акрамя шматлікіх аматараў справу вывучаюць і сур’ёзныя гісторыкі, і яны не маюць сумненняў у рэальных падставах легенды пра Уладзіміра і Рагнеду. Напрыклад, другая частка аповеду пра высылку княгіні з сынам. Сапраўды, ёсць такі горад Заслаўе — сярэднявечны Ізяслаўль, і ў ім археолагі адкрылі гарадзішча-замак пад назвай Замэчак, амаль ідэальна круглай формы, які якраз і быў заснаваны падчас апісаных летапісцам падзей.
Заслаўе. Замэчак
Замэчак. Рэканструкцыя на Х ст. Мастак Я. Кулік
Да таго ж яшчэ тапаніміка мясцовая — назвы рачулак: Княгінька, Чарніца... Усё-такі была тут Рагнеда-Гарыслава з сынам!
Спецыялісты верыфікавалі першую частку легенды праз параўнанне яе з вядомымі крыніцамі — скандынаўскімі сагамі і выявілі цікавыя рэчы.
У чым «памылка» Рагнеды
Аказваецца, «памылка» Рагнеды з адмовай Уладзіміру вынікала з таго, што яна дакладна кіравалася нормамі скандынаўскага права, згодна з якімі Уладзімір як бастард не меў ніякіх правоў на спадчыну бацькі — зусім ніякіх. Нават калі б бацька «даў вольную» маці, афіцыйна з ёй ажаніўся і яшчэ пры жыцці перадаў сыну маёмасць і ўладу.
Нормы шлюбнага права ў скандынаваў былі дакладна і дэталёва прапрацаваныя. Напрыклад, вельмі важнай лічылася форма шлюбу — законным яго рабіла дамова бакоў, пры гэтым абавязковай была згода маладой (таму па летапісе бацька і пытаўся ў Рагнеды). Калі ж шлюб адбываўся па прымусу — праз захоп ці крадзеж нявесты, то дзеці ад яго выключаліся з ліку спадчыннікаў, нават калі маці паходзіла з роду больш высокага статусу, чым бацька.
«Памылка» Рагнеды крылася ў тым, што яна кіравалася нормамі права ў час бяспраўя — палітычнага крызісу, змагання за ўладу, калі нормы не дзейнічалі, а ў нашым выпадку свядома ламаліся князем Уладзімірам. Ён сілай зброі сцвярджаў асаблівы статус сваёй дынастыі — вышэйшы за звычаёвае права.
Паход Уладзіміра на Полацк
І ўладу ў Кіеве пераняў іншы сын яго і Рагнеды — вядомы рэфарматар Яраслаў Мудры, які, дарэчы, арганізаваў першую пісьмовую кадыфікацыю права ўсходніх славян — знакамітую «Рускую праўду».
А Рагнеда ўсё роўна перамагла. Сын яе, малы Ізяслаў, падрос, стаў полацкім князем, вярнуў Полацку незалежнасць, якую рашуча баранілі ягоныя нашчадкі: «И оттоле мечь взимають Роговоложи внуци противу Ярославлимъ внукомъ».
Полацкае княства стала першай у гісторыі беларускай дзяржавай і другой ва ўсходніх славян пасля ўкраінскай.
Полацкае княства ў ХІ ст.
Апошняй па часе з’явілася ўласна расійская дзяржаўнасць, бо кіеўскія намеснікі кіравалі ва Уладзіміра-Суздальскім княстве да 30-х гадоў ХІІ ст.
Канстанцін Семяновіч, budzma.org
Глядзіце па тэме:
Полацкае княства: ад племяннога аб’яднання да калыскі беларускай дзяржаўнасці