Першая імпрэза прайшла 10-га кастрычніка. Прыйшло некалькі дзясяткаў чалавек, каля паловы з іх палякі.
Спявак Сяржук Доўгушаў (праект «Традыцыя»), музыкі Таццяна Грыневіч-Матафонава (Капэла «На таку»), Дзяніс Шматко, Зарына Шэўка (гурт «Літы талер»), харэограф і бубначка Маргарыта Кубенкевіч (гурт «Яварына») зладзілі 10-га кастрычніка ў цэнтры культуры варшаўскага раёна Воля беларускую спеўна-танцавальную вечарыну.
Прыйшло некалькі дзясяткаў чалавек. Можна было б чакаць, што гэта пераважна беларусы, якія сумуюць па Радзіме. Але аказалася, што палякам беларуская культура таксама цікавая і іх было амаль столькі ж, колькі беларусаў.
Вечарына распачалася супольнымі традыцыйнымі спевамі. Іх заводзіў галоўны арганізатар імпрэзы, Сяржук Доўгушаў. У каментары для budzma.by ён адзначыў, што зладзіць беларускую вечарыну ў Варшаве вельмі проста: «Нашмат прасцей, чым у Беларусі да выбараў і да каронавірусу. Лёгка знайсці пляцоўку, нават задарма. А ў Мінску гэта было цяжка, не кажучы ўжо пра маленькія гарады. Самае істотнае, што на вечарыну ў Вашшаве ніхто не ўломіцца, не арыштуе, не аштрафуе, не будзе іншых непрыемных сюрпрызаў. Звычайна каля паловы наведвальнікаў беларускіх імпрэз у Варшаве — палякі. Мы ў іншай краіне, таму трэба працаваць не толькі на беларускую публіку. Мы ў гасцях, але спадзяемся, што гэта зменіцца. Чым хутчэй адбудуцца перамены, тым хутчэй беларусы вернуцца дамоў».
Спевы чаргаваліся з танцамі, публіка не паспявала засумаваць. Скрыпачка Таццяна Грыневіч-Матафонава правяла некалькі гульняў: «Явар», «Падушачка», «Ляцелі дзве пцічкі», паказала танцы «Свінні ў рэчцы» і «Млын». З восені 2020-га Таццяна жыве ў Стамбуле, а ў Польшчу прыехала на месяц праведаць сына-студэнта, якога не бачыла цэлы год. Каб не губляць дарма часу, яна шмат выступае па ўсёй краіне і ўсюды імкнецца яднаць беларусаў.
«Я ўжо грала ў Варшаве, у Любліне, у Беластоку, у Гайнаўцы, — распавяла Таццяна. — Усюды шмат беларусаў, мне граецца як дома. У Турэччыне складаней, бо там беларусы менш актыўныя. Калі грала на вуліцах, то часта туркі рэагавалі. А часам бывала, што еду на пароме праз Басфор, дастаю скрыпку ці гітару, граю якую беларускую песню ці спяваю „Магутны Божа“ — і пасля песні чую „Жыве Беларусь!“ А гэта беларускія турысты аказаліся побач. Беларуская песня — яна ўсіх яднае. Было такое, што падыходзілі, знаёміліся. Я казала „Давайце сфоткаемся!“ А ў мяне вісеў сцяг невялічкі. А жанчына дастае з торбы аграмадны бел-чырвона-белы сцяг, на расцяжку рук!
Апошнім часам я зразумела, што такое Беларусь. Гэта мы! Людзі — гэта і ёсць Беларусь. Канечне, без Радзімы цяжка. Ты там недзе і паплачаш, і расстроішся, хочацца дадому. Я ўсюду імкнуся аддаць чым больш людзям, аддаць беларусам, запаліць іх беларускай культурай, песняй, танцам, мовай».
Выступіў таксама аб’яднаны склад гуртоў «Літы талер» і «Яварына». Маргарыта Кубенкевіч паспявала і паказаць танцы, і ўпэўніцца, што публіка іх запомніла, і падстукаць дудам на бубне.
«Вельмі складана праводзіць вечарыну не на Радзіме, — кажа Маргарыта. — З аднаго боку, добра, што ёсць магчымасць падзяліцца сваімі ведамі, але ўсё ж такі настрой не той. На душы боль. За кратамі дудар „Яварыны“ Зміцер Шыманскі, ён чакае суда. Пакуль што ў Варшаве толькі я, але паступова прыедуць іншыя музыкі, яшчэ двое дудароў. Ужо ёсць танцоры, якія будуць нам дапамагаць, каб я не бегала ад барабана ў зал. Я пакуль што працую ў дзвюх танцавальных школах, выкладаю балет дарослым і малым палякам. Хацела б сабраць таксама групу беларускіх дзяцей».
Удзельнікі вечарыны паслухалі некалькі інструментальных кампазіцый на дудах, вывучылі танцы «Маразуля» «Drumul Draculi», «Ойра», «Падыспань», бранль пралек. Дзяніс Шматко і Зарына Шэўка распавялі, што частка гурта «Літы талер» і шмат музычных інструментаў засталіся ў Беларусі.
«Граць не на Радзіме — гэта і радасна, і не вельмі, — дзеліцца ўражаннямі Дзяніс. — Радасна, бо людзям падабаецца, ты разумееш, што ўсё робіш недарэмна. Але з другога боку ты разумееш, што сапраўдную асалоду ад гэтага здолеў бы атрымаць толькі, калі б быў на Радзіме. Ці не абавязкова на Радзіме, але ведаючы, што ты можаш туды вярнуцца».
Зарына Шэўка распавяла: «У Варшаве шмат знаёмых, і старых, і новых. Мы тут нават беларускую мову чуем часцей, чым дома. Ужо да каронавірусу нашы выступы былі больш запатрабаваныя за мяжой. Файна, што ў такі складаны час у нас ёсць магчымасць займацца музыкай. Але я вельмі сумуе па Беларусі».
Некалькі ўдзельнікаў вечарыны расказалі, што іх прывяло сюды. Беларус Вадзім паведаміў, што прыйшоў патанчыць. Палякі, з якімі атрымалася пагутарыць, таксама аказаліся заўзятымі танцорамі. «Я люблю традыцыйную музыку, пад яе файна бавіцца, — кажа Дамінік. — А яшчэ на вечарыне можна пазнаёміцца з дзяўчынай». Пані Ірэна паведаміла, што раней не сутыкалася з беларускай культурай, а пабачыўшы абвестку ў Фэйсбуку вырашыла прыйсці на імпрэзу: «Новыя рэчы развіваюць. Новыя людзі, новыя танцы, новыя звычаі. І мне вельмі спадабалася, сардэчная атмасфера».
Беларуска Марыя прыйшла з дачкой. Яна кажа: «Гэта магчымасць для чалавека, які з’ехаў з Беларусі, не губляць сувязі з культурай сваёй краіны. Я думаю, шмат каго такія сустрэчы падтрымліваюць эмацыйна, маральна. Для маёй дачкі гэта магчымасць паслухаць спевы, паслухаць беларускую мову не толькі дома, магчымасць патусіць са сваімі аднагодкамі. Гэта вельмі добра, што Польшча падтрымлівае такія ініцыятывы, дае магчымасць беларускім культурным дзеячам ладзіць спатканні».
Беларускія вечарыны ў Варшаве будуць працягвацца. Наступныя сустрэчы пройдуць у Амбасадзе традыцыйнай музыкі 12-га, 22-га і 29-га кастрычніка.
Алена Ляшкевіч, budzma.by