З даўніх часоў адной з самых яркіх этнавызначальных прыкмет з’яўлялася традыцыйнае адзенне. Віды тканіны, крой, дэкор, камплектацыя касцюма – усё гэта можа распавесці пра гісторыю народа не менш, чым манастырскія летапісы. У розных рэгіёнах Беларусі традыцыйныя строі мелі свае асаблівасці. Паспрабуем разабрацца, якія рэгіянальныя і лакальныя строі вылучаюць і ў чым іх адметнасці.
Па сёння існуе павер’е, што на нябёсах чалавека будуць пазнаваць па адзёжцы. І да нядаўняга часу сталыя людзі ў вёсках захоўвалі вышыванкі ды андаракі для апошняга свайго падарожжа. Каб быць прызнанымі сваім родам, не застацца ў самоце на тым свеце. Бо традыцыйны строй, як і дыялектная мова, адразу паказвае, з якіх краёў чалавек.
Прынята лічыць, што беларускі традыцыйны касцюм пачаў фарміравацца напрыканцы ХІІІ стагоддзя. І ўсе наступныя эпохі пакінулі свой след у народным строі. Сёння за аснову традыцыйнага адзення ўзятыя святочныя строі сялян канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў, якія былі сабраныя падчас этнаграфічных экспедыцый па розных рэгіёнах Беларусі.
Умоўна Беларусь падзяляюць на 6 гісторыка-этнаграфічных рэгіёнаў: Заходняе і Усходняе Палессе, Панямонне, Прыдняпроўе, Цэнтральная Беларусь, Наддзвінне (альбо Паазер’е). Кожны рэгіён мае свае адметнасці па агульнаму сілуэту, дэкоры, крою, камплектацыі традыцыйнага касцюма. І больш за тое – у кожным рэгіёне вылучаюцца свае лакальныя строі. А ці ведаеце вы, у чым багацце і адметнасць гэтых строяў? Давайце разбірацца.
Паазер’е (сучасная Віцебшчына)
Гэты рэгіён, на жаль, больш за астатнія падпаў пад уплыў гарадской моды і амаль не захаваў старажытных элементаў сялянскага касцюма. Тканіны для пашыву выкарыстоўвалі больш пакупныя, а не даматканыя. У музейных фондах захаваліся асобныя ўзорна вытканыя элементы кашулі, па якіх і мяркуюць пра пануючыя тут арнаментальныя матывы.
Вылучаецца сціпласцю ўзораў, іх невялікай колькасцю. Часта выкарыстоўваўся блакітны колер (як у асноўнай тканіне, так і ў вышыўках). Адметнымі з’яўляліся спадніцы – амаль выключна з белага даматканага палатна, упрыгожваліся невялікай чырвонай паласой па нізе. Абавязковым элементам з’яўляецца фартух, часцей – белы з невялікімі ўпрыгожваннямі (вышыўкай ці карункамі) унізе. Таксама на Пааззер’і быў распаўсюджаны сарафан, які апранаўся паверх даўгой ніжняй кашулі.
Мужчынскі касцюм вылучаўся кроем кашулі – доўгая, тунікападобная касаваротка (разрэз ад каўняра не пасярэдзіне, а збоку) без аздаблення вышыўкай.
Ілюстрацыя з альбома “Традыцыйнае адзенне Віцебшчыны” укладальнікі Л.Вакар, Н.Бабровіч, 2017 г.
Асноўнымі лакальнымі варыянтамі з’яўляюцца Дубровенскі і Лепельскі строі. Адметным элементам апошняга з’яўляецца вясельны жаночы галаўны ўбор – карона.
Ілюстрацыя з альбома М.Ф. Раманюка «Беларускае народнае адзенне», 1981 г.
Панямонне (Гарадзеншчына)
Гэты вельмі багаты на культурныя адметнасці рэгіён мае свае асаблівасці і ў традыцыйным касцюме. Так, напрыклад, тут існавалі спецыфічныя элементы верхняга адзення – кароткія абціслыя куртачкі з белага сукна (альбо жакеткі). А спадніцы ўпрыгожаны па нізе папярочнымі кантраснымі палосамі.
Ілюстрацыя з альбома М.Ф. Раманюка «Беларускае народнае адзенне», 1981 г.
У колеравых перавагах можна заўважыць схільнасць да зялёнага і валошкавага ці сакавітых цёмна-сіняга і малінавага (часцей – у гарсэтах). Па ўзорах, іх размяшчэнні, формах ёсць шмат агульнага з Цэнтральнай Беларуссю. Багата вышытыя кашулі: па рукавах, плячах і па грудзях (у астатніх рэгіёнах перавага аддаецца ўзорам на рукавах). Кветкаподобныя, але геаметрызаваныя матывы.
Вылучаюць Наваградскі, Мастоўскі, Ваўкавыска-Камянецкі лакальныя строі.
Наваградскі строй
Адрозніваўся сціпласцю вышыўкі на кашулях і фартухах, наяўнасцю чорнага гарсэта і курткі-жакеткі. Цікавым быў і галаўны ўбор – каптур – з расшытымі альбо клетчатымі палосамі тканіны, што звісалі паабапал твару.
Ілюстрацыя з каталога «Беларускі строй» В. Дземка, 2021 г.
Мастоўскі строй
У камплекце Мастоўскага таксама прысутнічала кароткая куртка – разнавіднасць суконнай світы. Досыць сціплае аздабленне – вузкія ўзорчатыя палосы па рукавах. Фартухі ў асноўным аздабляліся невялікімі карункамі па нізе.
Мужчынскія кашулі ўпрыгожваліся чырвонай альбо чырвонай з чорным вышыўкай у асноўным на каўнерах і па нізе. Сустракаліся раслінныя і кветкападобныя арнаменты.
Ваўкавыска-Камянецкі строй
Вылучаўся на фоне астатніх багатай вышыўкай кашуль кветкападобнымі і геаметрычнымі матывамі.
Ілюстрацыя з альбома М.Ф. Раманюка «Беларускае народнае адзенне», 1981 г.
Цэнтральная Беларусь
Адзенне гэтага рэгіёна вылучаецца шматколернасцю і разнастайнасцю лакальных варыяцый. Асабліва тут варта адзначыць Капыльска-Клецкі строй.
Капыльска-Клецкі строй
Плесіраваныя спадніцы і андаракі маглі ўтрымліваць усе колеры вясёлкі і быць яшчэ паверх упрыгожанымі папярочнымі кантрастнымі палосамі. Гарсэты часцей за ўсё былі ўпрыгожаны нашытымі ўздоўж стужкамі. Адметным з’яўляецца і галаўны ўбор – чырвоны ці зялёны альбо нават паласаты каптурок, накрыты зверху стракатай хусткай.
Ілюстрацыя з альбома М.Ф. Раманюка «Беларускае народнае адзенне», 1981 г.
Слуцкі строй
У працівавагу яркаму Капыльска-Клецкаму строю Слуцкі варыянт вылучаўся сваёй стрыманасцю і строгасцю. Чорныя альбо чырвоныя доўгія гарсэты амаль не ўпрыгожваліся, сціплая вышыўка на кашулі і фартуху. Адметным быў спосаб павязвання вялікай галаўной хусткі – у выглядзе чалмы, канцы якой вольна спускаліся на спіну.
Ілюстрацыя з каталога «Беларускі строй» В. Дземка, 2021 г.
Вілейскі строй
Сціплая вышыўка была і ў Вілейскім строі. Акцэнт тут рабіўся на галаўны ўбор – капар, які таксама меў бакавыя ўпрыгожаныя вышыўкай ці аплікацыяй палосы тканіны. Часта на Міншчыне галаўны ўбор упрыгожвалі пукамі зеляніны альбо букецікамі палявых кветак.
Ілюстрацыя з альбома М.Ф. Раманюка «Беларускае народнае адзенне», 1981 г.
Пухавіцкі (Старадарожскі) строй
Пухавіцкі (Старадарожскі) комплекс можна пазнаць па стрыманых геаметрычных арнаментах, якія ўпрыгожвалі папярочнымі палосамі (звычайна да 3-х) верх рукава кашулі, цёмных безрукаўках і галаўных уборах, што закрывалі і шыю – намітках.
Ілюстрацыя з альбома М.Ф. Раманюка «Беларускае народнае адзенне», 1981 г.
Мужчынскія кашулі вышываліся чырвонымі геаметрычнымі арнаментамі па плячах, каўнеры, манжэтах і падоле. Строй дапаўняла безрукаўка з даматканага палатна, частка – уклетку.
Ляхавіцкі строй
Адметнай часткай Ляхавіцкага строю былі кароткія расшытыя гарсэты-ліфы, фартухі, часта ўпрыгожаныя вытканымі папярочнымі палосамі, карункамі альбо бахрамой. Як і ў Капыльска-Клецкім варыянце спадніцы тут пераважалі досыць стракатыя з кантрастнымі папярочнымі палосамі па нізе. Але кашулі былі аздоблены больш сціпла – звычайна вытканыя геаметрычныя арнаменты папярочнымі палосамі на рукавах.
Ілюстрацыя з альбома М.Ф. Раманюка «Беларускае народнае адзенне», 1981 г.
Падняпроўе
Гэты рэгіён багаты і вельмі разнастайны па лакальных строях, матывах узораў (як тканых, так і вышываных), складу комплексаў (і з панёвай, і з прышыўным гарсэтам-ліфам), дэкаратыўных швах (“рошвы”, “прошвы”), тэхніках вышыўкі і апрацоўкі тканіны (гафты, тамбурнае шво, прыёмы “маршчэння” і інш.). Асноўныя лакальныя строі рэгіёна: Магілёўскі, Неглюбскі, Буда-Кашалёўскі, Краснапольскі.
Магілёўскі строй
Вылучаецца прастатой формаў і стрыманым сціплым аздабленнем. Шмат белага колеру прыгожа спалучаецца з класічным чырвоным геаметрычным арнаментам. Узорныя палосы размешчаны на стыках рукава і паліка, упрыгожваюць манжэты. Цікава, што арнаменты былі аднолькавыя як для мужчынскіх, так і для жаночых кашуль.
Ілюстрацыя з кнігі «Белорусский народный костюм. Крой, вышивка и декоративные швы» В. А. Лабачэўскай, З. І. Зіміной, 2016 г.
Краснапольскі строй
У Краснапольскім строі можна адзначыць кароткую кашулю на гестцы з квадратным выразам, багата аздобленую вышыўкай з кветкавымі матывамі. Рукавы – пышныя, з напускам і часта з брыжамі па манжэтах. Паясная частка камплекта была варыятыўнай: аднатонны альбо клятчасты андарак, спадніца ці саян (спадніца з прышытым кароткім ліфам).
Ілюстрацыя з кнігі «Белорусский народный костюм. Крой, вышивка и декоративные швы» В. А. Лабачэўскай, З. І. Зіміной, 2016 г.
Няглюбскі строй
Няглюбская варыяцыя строю адна з самых пазнавальных: гэта адзіны комплекс на Беларусі, што захаваў архаічную форму паяснога адзення – панёву. Таксама Няглюбскі строй можна пазнаць па багата расшытай кашулі, вялікай колькасці шыйных упрыгожванняў і адмыслова навітай хустцы.
Ілюстрацыя з кнігі «Белорусский народный костюм. Крой, вышивка и декоративные швы» В. А. Лабачэўскай, З. І. Зіміной, 2016 г.
Буда-Кашалёўскі строй
Вельмі шырокія рукавы з “маршчэннем” (дробныя складачкі) пад паліком (простакутны кавалак тканіны звычайна 15 Х 20 альбо 17 Х 22 см, які прышываўся паміж рукавом і плечавым швом асноўнай часткі кашулі) і досыць сціплая вышыўка вылучаюць Буда-Кашалёўскі строй. Часта адкладныя каўнеры такіх кашуль упрыгожваліся карункамі, а куткі – вышыўкай. У комплекс уваходзілі цёмна-чырвоны клятчасты андарак, фартух і цёмны суконны гарсэт амаль без упрыгожванняў. Адметным быў пояс з кутасамі, якія завязваліся ззаду.
Палессе
Палескія строі можна “апазнаваць” па яркіх кветкавых узорах, якія размяшчаюцца паўсюль: і на кашулі, і на фартуху, і на галаўной хустцы. Гэтая рыса характэрная і для Заходняй і для Усходняй частак. Таксама агульным з’яўляецца кантрастнасць колераў у традыцыйным строі: белы – чырвоны; белы – чорны; белы – чорны – чырвоны.
Заходняе Палессе (Брэсцкая вобласць) прадстаўляюць Кобрынскі, Мотальскі, Дамачоўскі, Маларыцкі лакальныя строі.
Кобрынскі строй
Вылучаецца багатым дэкорам, часцей чырвонага колеру, які размяшчаўся вузкімі частымі палосамі на рукавах кашулі і на фартухах. Пераважае бела-чырвоная гама. Толькі на андараках сустракаюцца вузкія жоўтыя ці зялёныя падоўжаныя палоскі. Гэтаксама афармляецца і тканы пояс, які дапаўняе строй. Адметнымі з’яўляюцца і рукавы: па манжэтах яны ўпрыгожваюцца аборкай – “манкеткай”. Галаву замужнія жанчыны пакрывалі наміткай, шырокія канцы якой прыгожа ўкладвалі на спіне.
Ілюстрацыя з альбома М.Ф. Раманюка «Беларускае народнае адзенне», 1981 г.
Мотальскі строй
Больш стрыманы па колькасці і разнастайнасці ўзораў. Акрамя кашулі і андарака з фартухом, уключаў і гарсэт. Замест наміткі часцей выкарыстоўваецца хустка. У каларыстыцы пераважае белы.
Дамачаўскі строй
Толькі ў гэтай лакальнай варыяцыі можна сустрэць цалкам чорную вышыўку. Гарсэты і каптуры (галаўныя ўборы) упрыгожваліся тасьмой, пазументамі, металічнымі гузікамі. Шыліся ў асноўным з пакупной тканіны.
Маларыцкі строй
У комплексе Маларыцкага традыцыйнага касцюма вылучаецца галаўны ўбор — плат. Ён расшываўся вельмі багата і павязваўся так, каб шырокая чырвоная ўзорчатая паласа прыгожа аблямоўвала твар жанчыны. Тут быў і «свой асаблівы» чырвоны колер — цёмны, насычаны з карычневатым адценнем. Для яго атрымання ніткі «варылі» ў настоях дубовай кары.
Ілюстрацыя з каталога “Беларускі строй” В.Дземка, 2021 г.
Адметныя рысы традыцыйнага касцюма Усходняга Палесся можна назіраць у Калінкавіцкім, Турава-Мазырскім, Давыд-Гарадоцкім лакальных строях.
Давыд-Гарадоцкі строй
Бадай, самым пазнавальным ў Беларусі з’яўляецца Давыд-Гарадоцкі комплекс. Такі незвычайны галаўны ўбор — «галовачку» — пабачыўшы раз, запомніш на ўсё жыццё. Яшчэ адной адметнасцю строя з’яўляецца тое, што ў адрозненні ад астатніх комплексаў, гэта не сялянскі, а мяшчанскі касцюм. У ім адсутнічае звыклае упрыгожванне геаметрычнымі альбо расліннымі вышыўкамі, тканіны для гарсэта і спадніцы — пакупныя, цёмных колераў. Уражвае колькасць і даўжыня (амаль да жывата) шыйных упрыгожванняў.
Ілюстрацыя з альбома М.Ф. Раманюка «Беларускае народнае адзенне», 1981 г.
Калінкавіцкі строй
На сёння лічацца лепшым узорам народнай творчасці. Багаты дэкор вышыўкай, карункамі, аплікацыямі, стужкамі на кашулі, гарсэце, фартуху дапаўняецца ўнікальным здымным каўняром-брыжам. Больш такая дэталь нідзе не сустракаецца.
Ілюстрацыя з кнігі «Белорусский народный костюм. Крой, вышивка и декоративные швы» В. А. Лабачэўскай, З. І. Зіміной, 2016 г.
Турава-Мазырскі строй
Вылучаецца прыгожа расшытымі стужкамі і аплікацыямі, гарсэтамі, кашулямі з вышытай манішкай і раслінным арнаментам з кветкамі і галінкамі, якія “ўюцца”. Таксама адметная і вышыўка на рукавах кашулі: пад плечавымі і паліковымі бардзюрамі (папярочныя ўзорыстыя палосы) сустракаюцца асобныя не звязаныя “сеткай” ці асямі размяшчэння матывы птушак, вазонаў з кветкамі і інш.
Ілюстрацыя з кнігі «Белорусский народный костюм. Крой, вышивка и декоративные швы» В. А. Лабачэўскай, З. І. Зіміной, 2016 г.
Традыцыйны касцюм – гэта багатая крыніца не толькі для сучасных дызайнераў і мадэльераў. Натхняцца прыгажосцю вобразаў, лёгкасцю ці манументальнасцю форм і сілуэта, архаічным геаметрычным альбо вытанчаным раслінным арнаментам, унікальнымі спалучэннямі колераў і дэкаратыўных элементаў можа кожны з нас у любой сферы дзейнасці.
Падрыхтавала Ева Вятрыскіна, budzma.by
Паводле матэрыялаў кніг:
«Белорусский народный костюм. Крой, вышивка и декоративные швы» В. А. Лабачэўская, З. І. Зіміна, 2016 г.;
«Традыцыйнае адзенне Віцебшчыны» Л.Вакар, Н.Бабровіч, 2017 г.,
«Беларускае народнае адзенне», М.Ф. Раманюк, 1981 г.
Шчырую падзяку за прадастаўленыя матэрыялы выказваем супрацоўнікам ДУ «Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці» і асабіста – дырэктару Лабука К.П.