Адна справа — сказаць пра тое, што сёньня беларусы знаходзяцца пад пагрозай існаваньня як нацыі (нібы прынамсі за апошнія некалькі сотняў гадоў мы пад той пагрозай не знаходзіліся!). І зусім іншая — задзіночыцца перад гэтай пагрозай, каб чарговы раз выстаяць, выжыць. Зь іншага боку, дык а як задзіночыцца, калі мы ня толькі стаім сёньня па розныя бакі палітычных барыкадаў, але й наагул па-рознаму разумеем, што ўласна азначае — быць беларусамі? У сваёй рубрыцы «Прыдарожны пыл» Валера Руселік блукае між розных беларускіх ідэнтычнасьцяў у пошуку таго, што нас, беларусаў, усіх лучыць.
Хто такія беларусы? «Ай, ну што за пытаньне? Адказ — відавочны!» — напэўна, гмыкнуць многія, і пры гэтым кожны... дасьць уласны адказ, адрозны ад іншых.
Так-так, вы будзеце сьмяяцца, але адзінага адказу на гэтае, здавалася б, відавочнае і даўно прапісанае ў тлумачальных слоўніках і Вікіпэдыі пытаньне — няма.
Хаця, здавалася б, акрэсьленьне ідэнтычнасьці даволі простае: па сутнасьці, гэта ўсяго толькі аднолькавасьць, раўназначнасьць. Дык чаму ж тады ў нас, беларусаў, усё гэтак складана?
Праекты беларускай ідэнтычнасьці
Вы ж ведалі, што ў сваіх дасьледаваньнях сацыёлягі фіксуюць наяўнасьць адразу некалькіх праектаў беларускай ідэнтычнасьці?
Галоўныя зь іх — два: нацыянальна-рамантычны і нацыянальна-савецкі. Простымі словамі, гэта «сьвядомыя», якія топяць за беларускую мову, беларусаў як асобную нацыю, катэгарычна адмаўляюць ідэю славянскага трыадзінства і арыентуюцца на Эўропу. А таксама — «саўкі» (альбо ябацькі?), якія ліюць сьлёзы па савецкім плямбіры за сем капеек, ідэалізуюць каштоўнасьці і погляды савецкіх часоў («а ў Савецкім-та Саюзе ўсё было лепей: і каўбаса таньнейшая, і адукацыя лепшая, і людзі больш людзкія!») і пры гэтым... сымпатызуюць беларускай мове і культуры — прынамсі той, якую памятаюць са школьнай праграмы.
Удзельнікі пратэстаў супраць рэжыму Лукашэнкі. Фота Philip Montgomery
Таксама асобна вылучаецца сучасны расейскі праект — гаворка пра «ватнікаў» і «рускамірцаў», якія ненавідзяць беларускую мову і адмаўляюць беларусам у самастойнасьці, топяць за інтэграцыю і нават зьліцьцё з Расеяй. Гэткія злобныя маргіналы зь сінімі пашпартамі. Бондарава, прывет!
Ну і яшчэ адна досыць вялікая частка беларускага грамадзтва — гэта нашыя суайчыньнікі, якія нейкага дакладнага выбару паміж пералічанымі трыма праектамі ня робяць. Тутэйшыя, абыякавыя, нэўтралы — акрэсьленьняў багата.
Вось вы сябе да якога беларускага праекту адносіце? І чаму?
Сын палітвязьня Паўла Севярынца Францішак з календаром з малюнкамі таты. Фота kroplia.by
Высновы, агульныя для ўсіх групаў
Пакуль сацыёлягі спрачаюцца наконт таго, наколькі вялікая кожная са згаданых групаў, можна зрабіць і некаторыя высновы, агульныя для ўсіх.
Па-першае, мы ня можам гаварыць пра беларускую ідэнтычнасьць як пра нешта адно цэлае. Гэта сапраўдны букет абсалютна розных ідэнтычнасьцяў. То-бок на пытаньне «што такое — быць беларусам?» адназначнага адказу — няма.
Адсюль вынікае і другая выснова: у беларускім грамадзтве існуе глыбінны каштоўнасна-ідэнтычнасны раскол, падагрэты палітычным супрацьстаяньнем унутры краіны і супрацьлеглымі геапалітычнымі сымпатыямі.
Пры гэтым (чарговая выснова) любяць Беларусь, беларускую мову і культуру ня толькі тыя, хто размаўляюць па-беларуску. Мы ўсе мусім усьведаміць, што многія беларусы любяць Беларусь ня гэтак, як мы з вамі альбо нават кожны з нас паасобку.
Дарэчы, насамрэч у букеце беларускіх ідэнтычнасьцяў кветак можа быць яшчэ больш — залежыць ад таго, як падысьці да пытаньня. Прапаноўваю яшчэ адну градацыю:
1) беларускія беларусы — тыя, хто знаходзіцца ў Беларусі і можа фізычна дакрануцца да Мірскага замку, менскага мэтро і родных ніў;
2) настальгічныя беларусы — тыя, хто зьехаў зь Беларусі з палітычных, эканамічных ці нейкіх іншых прычын, але захаваў любоў да радзімы і атаясамленьне сябе зь ёю;
3) дзеці беларускіх эмігрантаў — беларусы, якія разам з бацькамі зьехалі з Бацькаўшчыны зусім маленькія й забылі Беларусь, альбо й наагул нарадзіліся ўжо ў замежжы;
4) замежныя беларусы — беларусы-аўтахтоны, якія спрадвек жылі на этнічных беларускіх землях па-за тэрыторыяй сучаснай Беларусі.
Беларускія дзеці выступаюць у гайнаўскім ліцэі (Гаўнаўка, Польшча). Фота svaboda.org
Як вам гэткі букет? Думаю, калі паднапрэгчыся, то можна знайсьці і іншыя беларускія ідэнтычнасьці. Да прыкладу, ёсьць беларусы, у якіх продкі былі зусім не беларусы, але вось жа ж усьведамілі сябе гэтыя людзі беларусамі — хто ж ім забароніць?
Галоўнае пытаньне — што нас лучыць
Між тым галоўнае пытаньне тут — дык а чаму прадстаўнікі ўсіх гэтых ідэнтычнасьцяў называюць сябе беларусамі? Што нас, беларусаў, усіх задзіночвае? Беларуская мова і культура? Беларуская дзяржава? Мара пра нейкую ідэальную незалежную Беларусь, у якой кожная зь беларускіх ідэнтычнасьцяў здолее сябе рэалізаваць? Ці нешта яшчэ? Ці штосьці іншае?
Вось вы як адказалі б на гэтае пытаньне?
Адказ
Дарэчы, для самога сябе я адказ знайшоў. Вось глядзіце: калі чалавек сам сябе называе беларусам, то гэта, хутчэй за ўсё, азначае, што ён любіць Беларусь. Ну ня будзе нармальны чалавек ідэнтыфікаваць сябе з чымсьці гэткім, што выклікае ў яго гідкасьць і пагарду. Бондарава, яшчэ раз прывет!
Ну і як тут не прыгадаць неўміручае: Каго любіш? — Люблю Беларусь! — То ўзаемна!
Асабіста мне — дастаткова. Калі мяне з чалавекам лучыць любоў да Беларусі, да беларушчыны — нам ужо ёсьць пра што паразмаўляць. Як беларусу зь беларусам.
Срэбраная бранзалетка з паролем паўстанцаў Каліноўскага на руцэ аўтара. Фота аўтара
Адмовіцца ад агрэсіі
І менавіта таму, дарэчы, першае, што мы мусім зрабіць — адмовіцца ад агрэсіі накшталт: «О, ты не размаўляеш па-беларуску — усё, ты здрайца, маскаль, недачалавек».
Альбо: «Разговариваешь по-беларусски — ты зациклен и несовременный, пытаешься удержаться за давно неактуальную мову и культуру».
Ну ці: «Говори нормально — по-русски!».
А таксама ад гэтага ідыёцкага паліваньня беларусаў гаўном — незалежна ад таго, ці гэта Міхалок паўтарае ідыёцкую дражнілку «трус-трус беларус», ці нават нейкі беларускі добраахвотнік называе беларусаў мёртвым народам і баязьліўцамі. Адмовіцца ад усіх гэтых зьняважлівых «беларусьлядзіяў» і «быдларусаў» — не істотна, ад каго і ў якіх абставінах гэта гучыць.
Бо інакш што нас наагул будзе задзіночваць?
Валера Руселік, Budzma.org