Барыста Мікіта Джэжора ў мінулым годзе адкрыў кавярню Greejeen Coffee у Батумі. Там ён пазнаёміўся са сваім будучым партнёрам па бізнесе айцішнікам Мікітам Марголіным. Гэтым летам хлопцы адкрылі specialty-кавярню ва Уроцлаве. Яны расказалі Budzma.org, як гэта было.
Мікіта Джэжора і Мікіта Марголін
Мікіта Джэжора і Мікіта Марголін з’ехалі з Беларусі ў 2021 годзе.
«Ехаў адкрыць бізнес, — расказвае Джэжора. — Грошай на адкрыццё ў Беларусі не хапіла, а ў Грузіі — якраз. Наогул марыў пра бар, таму што працаваў бармэнам, але пасля яшчэ ў Менску папрацаваў барыстам, набраўся досведу. Вырашыў, што хачу працаваць з людзьмі, якія любяць каву».
У Батумі Мікіта Джэжора пазнаёміўся з Мікітам Марголіным. Ён хадзіў працаваць у кавярню.
«Сталі камунікаваць, — расказвае Мікіта Марголін. — Потым аказалася, што і я, і Мікіта збіраемся пераязджаць з Грузіі ў Польшчу. Тады пачалі абмяркоўваць сумеснае адкрыццё кавярні. Спыніліся на Уроцлаве, таму што Варшава для нас занадта вялікая, хаця там шмат беларускіх бізнесаў».
Назву для кавярні абралі даволі хутка — KRAJ coffee.
«Гэта пасхалка для беларусаў. Калі беларус убачыць, то сапраўды захоча зайсці, — тлумачыць Мікіта Джэжора. — Думалі спачатку проста пашырыць сетку, адкрыць трэцюю кавярню, як у Грузіі. Але ў апошні момант перадумалі. У Грузіі я часткова прадаў невялікія долі чалавеку, які за імі зараз глядзіць».
Ва Уроцлаве вялікая канкурэнцыя, у адрозненне ад Батумі. Рынак насычаны кавярнямі на любы густ.
«Прагарэць заўсёды страшна, тут, мусіць, трэба добра прааналізаваць рынак, на якім працаваць, а потым ужо ацаніць усе рызыкі», — кажуць уладальнікі.
Мікіты хацелі адкрыць установу, дзе будуць гатаваць менавіта specialty каву, — гэта найвышэйшы гатунак. Такі клас прысуджаюць толькі арабіцы.
«Пачыналі, вядома, з ацэнкі мясцовага рынку, дыстанцыйна глядзелі, якія ўстановы тут ёсць, — расказваюць хлопцы. — Восенню 2023 года паляцелі на разведку ва Уроцлаў, паглядзелі тады пару памяшканняў, знайшлі рыэлтара — беларуску. За адзін дзень адкрылі кампанію, банкаўскі рахунак. Знайшлі бухгалтараў — таксама беларусы. Дзякуем тут дыяспары, нашай беларускай суполцы, бо пазнаёміліся з людзьмі, у якіх ёсць ва Уроцлаве бізнес, падтрымліваем адно аднаго. Усе вельмі спагадныя, за гэтую падтрымку вялікі дзякуй».
Па словах хлопцаў, нават улічваючы высокую канкурэнцыю, людзі ва Уроцлаве ходзяць у кавярні, яны спрэс занятыя.
«Мы адкрыліся два тыдні таму, пакуль наведвальнікі ў асноўным беларусы. Але я думаю, што гэта пытанне часу, прыцягнем і мясцовых», — расказваюць яны.
Памяшканне хлопцы спачатку абіралі дыстанцыйна: рыэлтарка прапаноўвала варыянты. У снежні 2023 года хлопцы канчаткова пераехалі ва Уроцлаў, і праз тры месяцы знайшлі прыдатнае месца для кавярні.
«Як мне расказвалі, гэта вельмі хутка, звычайна ва Уроцлаве на такое сыходзіць каля года, — кажа Мікіта Джэжора. — Памяшканне ў цэнтры горада — 75 квадратаў. Арэнда нашмат даражэйшая, чым у Мінску і Батумі: эквівалентна двум-тром мінімальным заробкам па Польшчы».
Самым складаным падчас адкрыцця стаў рамонт, які хлопцы амаль увесь зрабілі самі. Ён цягнуўся чатыры месяцы.
«Наймалі толькі электрыка і маляра, — кажуць яны. — Перакладваць плітку і ўзводзіць дадатковыя сцены не прыйшлося, гэта ўсё было, на гэтым месцы раней быў нейкі рэстаран. Капітальны рамонт быў патрэбен толькі ў туалеце. Увесь бар абабіты ў нас цалкам дрэвам, лістоўніцай. Гэта быў піламатэрыял, мы яго самі распілоўвалі, чысцілі, зачышчалі, лакіравалі і збіралі. Большая частка мэблі — антыкварыят пасля рэстаўрацыі. З самых старых — канапа і два крэслы, яны 1899 года.
Зэканомілі на тым, што не наймалі людзей для рамонту. У цэлым на ўсё спатрэбілася 80 тысяч даляраў, шмат пацягнула кававае абсталяванне. Самая дарагая пакупка была — гэта кавамашына — 7 тысяч даляраў. І антыкварная мэбля, вядома, нятанная, адно крэсла каля 1500 злотых (каля 400 даляраў). Для параўнання, калі адкрываў кавярню ў Батумі, — на яе сышло 18 тысяч даляраў».
Крэдыты хлоцам браць не прыйшлося. Частку грошай Мікіта Джэжора зарабіў на кавярнях у Батумі, пэўную суму ў кавярню таксама ўклала яго маці, яшчэ частка — Мікіты Марголіна — асабістыя назапашванні, якія ён назбіраў падчас працы ў IT.
Мікіты спадзяюцца, што за год грошы, якія яны ўклалі ў бізнес, акупяцца.
«Але для мяне гэта доўга, паставіў, што праз 6 месяцаў, — гаворыць Мікіта Джэжора. — Такую выснову рабілі зыходзячы з таго, як працуюць іншыя кавярні ва Уроцлаве. Такая акупляльнасць магчымая».
Цяпер у кавярні працуе 4 супрацоўнікі. Два барысты і два кухары. Усе яны беларусы. Варыць каву Мікіта Джэжора вучыў супрацоўнікаў самастойна.
«Кожны дзень па паўтары гадзіны. Ёсць эканомная тэхніка навучання ўзбівання малака — какаву разводзіш вадой, дадаеш сродак для мыцця і ўзбіваеш».
У меню — сняданкі: салодкія вафлі, вафлі з ласосем, яечня, амлет, сэндвічы, аўсяныя кашы, сырнікі.
Кошты на каву трошкі ніжэйшыя за сярэднія па горадзе: эспрэса — 11 злотых (каля 3 даляраў), капучына маленькі — 13 злотых (каля 3,50 даляраў). На сняданкі — сярэднія цэны.
«Ёсць дэсерты, але пакуль з гэтым складана, я хацеў рабіць хатнюю выпечку, але такое чамусьці пакуль не надта разлятаецца. Але пірожнае «Бульба» бяруць часта», — кажуць хлопцы.
Фоты прадастаўленыя героямі інтэрв'ю
Агата Мурашка, budzma.org