На днях трупа «Купалаўцы» выступіла на вялікай сцэне з прэм’ерай, якую паставіў вядомы рэжысёр Мікалай Пінігін. Спектакль «Рамантыка» створаны паводле «Балад і рамансаў» Адама Міцкевіча, а паказалі яго ў Teatr Polski w Warszawie. Citydog спытаў ў беларусаў, якія пабывалі на прэм’еры, пра іх уражанні.
— Я заўсёды паважала творчасць купалаўцаў — была на многіх пастаноўках яшчэ ў Беларусі да 2020-га, потым глядзела анлайн. Гэта, мусіць, наймацнейшая беларуская трупа акцёраў. Ад спектакля чакала таго, што будзе крута, — вось інакш і не скажаш. І было сапраўды крута.
Яшчэ мяне папярэджвалі, што пад канец з мяне выб’юць слязу, — таксама апраўдалася. Уся зала рыдала і стоячы апладзіравала хвілін пяць, калі не больш.
Я дрэнна знаёмая з творчасцю Міцкевіча — засталіся нейкія смутныя ўспаміны са школьных часоў. Але гэтага і не спатрэбілася: усё было ясна і без падрыхтоўкі. Учора ўвечары ужо села чытаць яго паэмы, так сказаць, постфактум.
У залі былі і беларусы, і палякі. У асноўным, канешне, беларусы. Спектакль ішоў на мове, але паралельна трансляваліся польскія субцітры, таму ўсім было зразумела. Праўда, аб’ектыўна першыя хвілін дваццаць было вельмі змрочна, гнятліва, я глядзела па баках — зала засынала. Я таксама. Але потым усё выраўнялася, а другое дзеянне ўвогуле прайшло на адным дыханні.
«Рамантыка» атрымалася вельмі хрэстаматыйна пінігінскай — чаго мне, уласна, і хацелася. І смех, і слёзы, і змрок, і ярка-«майнкрафтавае» афармленне, і чорны гумар, і беларуская нуда — усяго хапала. Вельмі моцная ігра акцёраў — а як інакш? Спадзяюся яшчэ калі-небудзь убачыць гэты ж спектакль з гэтымі ж зоркамі на сцэне Купалаўскага ў Мінску.
Дарэчы, я не зразумела, чаму на праграмках не было імёнаў акцёраў. Няхай мы і так амаль усіх ведалі, але неяк крыўдна.
Драматургія: 9 з 10.
Акцёрская ігра: 10 з 10.
Сцэнаграфія і касцюмы: 9 з 10.
Агульнае ўражанне: 9 з 10.
— Калі я жыў у Мінску, на купалаўцаў часта не хадзіў, але некаторыя іх спектаклі засталіся ў маёй памяці на ўсё жыццё як яркія тэатральныя адкрыцці. Для мяне было важна паглядзець на іх зараз, бо купалаўцы і Пінігін — гэта той узровень прафесійнасці і майстэрства, што калі нават яны аблажаюцца, то ўсё адно датыкнешся да найвышэйшага мастацтва.
Публіка сабралася розная. Калі я стаяў каля ганку і чакаў свае запрашальнікі, то ўбачыў палову мінскіх знаёмых — прычым былі як варшаўскія мінчане, так і тыя, хто прыехаў адмыслова з Мінска на прэм’еру.
Па шчырасці, думаю, у многіх, як і ў мяне, было складанае ўражанне ад «Рамантыкі». З аднаго боку, ты прыходзіш на спектакль, які зрабілі легендарныя людзі, і разумееш: так ці інакш будзе адпаведны ўзровень. Але з іншага боку было і расчараванне.
«Рамантыка» — гэта почырк Пінігіна, ягоныя метафары, умоўнасці і нечаканыя колеры. Але, калі казаць пра драматургію, я, па шчырасці, быў шакаваны. Больш за ўсё здзівіла, чаму той, хто пісаў п’есу паводле твораў Міцкевіча, пайшоў па найпрасцейшым шляху.
Канешне, я разумею, што не вельмі проста скласці разрозненыя казкі, легенды і паданні ў адзін спектакль, — вялікае пытанне, як знайсці стрыжань, які будзе ўсё гэта трымаць. І гэтага стрыжня я не ўбачыў — асабліва ў першым акце. У нейкія моманты складалася адчуванне, што ўсё рассыпаецца.
Ды і чаму так прамалінейна? Чаму акцёры проста зачытваюць Міцкевіча, дапамагаючы сабе целарухамі? Другі акт у гэтым сэнсе быў памацней: глядзець было цікава, часам станавілася нават страшна, а некаторыя моманты прабіралі да дрыжыкаў.
Увогуле, на працягу ўсяго спектакля былі відавочныя лініі, звязаныя з містыкай, пахаваннямі, чорнай сілай. І, на мой погляд, глядзелася б вельмі выйгрышна, калі б з усіх балад адабралі б менавіта такія часткі і паспрабавалі нанізаць гэта ўсё на адну нітку містычнай Беларусі.
Але пра ўсё гэта ты забываешся, калі напачатку і напрыканцы Манаеў дэкламуе радкі Міцкевіча пра эміграцыю — тут рыдае ўся зала: ад болю, ад безвыходнасці, ад такога «кола сансары». Амаль 200 гадоў мінула, і нічога фактычна не змянілася: людзі вымушаны пакінуць сваю Радзіму, бо спроба зрабіць яе шчаслівай была няўдалай.
Што тычыцца акцёраў, то ігра была на ўзроўні купалаўцаў. Мне здаецца, некаторыя акцёры маладзейшага пакалення трохі захапляліся працэсам і часам пераігрывалі, але да мэтраў, такіх як Манаеў і Белахвосцік, наогул пытанняў няма. Вельмі прыемна было зноў убачыць Зелянкоўскую — жонку Міхалка. Часам менавіта дзякуючы іх майстэрству не кідаліся ў вочы нейкія сцэнарныя недахопы.
Касцюмы і сцэнаграфія для мяне былі ў нейкім сэнсе шокам. Здавалася, што ўсё мусяць пабудаваць на бела-чырвоных колерах і патрыятычным настроі, але замест гэтага быў фіялетавы і храмакееўскі зялёны. Піксельныя вобразы — таксама знаходка: некаторыя падумаюць, што гэта адсылка да «Майнкрафта», але відавочна, што гэта алюзіі на беларускія вышываныя ўзоры. Але гэта было нечакана, а таму вельмі крута.
Агульныя адчуваніі ад «Рамантыкі»: спектакль не дадумалі, не дакруцілі. Так, з падобнымі творамі вельмі цяжка працаваць, але ж і ты Пінігін! Хаця я ні на каліва не пашкадаваў, што паглядзеў на гэта дзейства — будзе пра што расказваць сваім унукам!
Драматургія: 7 з 10.
Акцёрская ігра: 8 з 10.
Сцэнаграфія і касцюмы: 8 з 10.
Агульнае ўраджанне: 7 з 10.
— У Мінску маё жыццё раней было звязанае з тэатрам: я працавала заўлітам некалькі гадоў, глядзела вельмі шмат спектакляў у Беларусі і на тэатральных фестывалях. Дагэтуль стараюся хадзіць у тэатр, дзе б я ні была. А на купалаўцаў хацела трапіць даўно — таму тут усё супала.
Я старалася нічога не чакаць, таму што, калі завысіш планку, потым балюча б’ешся лбом. Чакаеш чагосьці аднаго, а спектакль падае іншае, таксама важнае і каштоўнае, а ты і не заўважыш. Адзінае, чаго чакала дакладна, — беларускую мову.
Мне падаецца, што 90–95% гледачоў былі беларусамі — польскую мову я чула толькі ад працаўнікоў тэатра. Наогул зала аказалася вельмі ўважлівай: у першым акце ўсе былі настолькі ціхімі і засяроджанымі, што практычна не рухаліся і не круціліся на сваіх месцах. На другім дзеянні, калі пачаліся гісторыі з гумарам, сталі смяяцца, разняволіліся, апладзіравалі. Ну і ў канцы бясконцыя авацыі, салідарнасць і знакі «V».
Свае ж уражанні я пачну з расчараванняў. Мне падалося, што ў спектаклі была нейкая сырасць, дубовасць у тым, што адбывалася. Расчаравала харэаграфія. Ва ўсім як быццам не хапала завершанасці.
Думаю, было б лепш пусціць закадравы голас апавядальніка, даць мікрафоны хору ці ўвогуле зрабіць яго запіс — увогуле, неяк інакш пабудаваць усю тэму з аповедамі і гучаннем у цэлым, бо галасы ў акцёраў неверагодныя. У купалаўцаў відавочна ёсць моцныя бакі, якія маглі б зрабіць спектакль больш моцным. Вось іх, на мой погляд, паказалі недастаткова.
Таксама ёсць адчуванне, што для гэтага спектакля балады паставілі не зусім ва ўдалым парадку. Пачаць вырашылі з атрутна-зялёнага афармлення сцэны і вельмі сумнай гісторыі пра загінулую дзяўчыну. Гэта крыху адштурхоўвала і нагадвала пра храмакей, на якім здымаюць фільмы, — быццам зараз нешта пачне адбывацца не ў самім спектаклі, а на гэтым палатне. Затое далей гісторыі былі бадзёрыя.
Першае дзеянне вельмі сумнае, цягучае. Другое — імклівае, з яркімі акцёрскімі працамі. Заміксаваць балады інакш — і глядач атрымаў бы зусім іншы вопыт.
Самай упадабанай аказалася гісторыя пра стрыжанага сабаку.
Найбольш у спектаклі зайшлі сцэнаграфія і касцюмы. Мяне заўсёды цешаць цікавыя знаходкі мастакоў: у кожнай гісторыі быў свой колер і вельмі стыльны «піксельны» рэквізіт, які адсылае да беларускай вышыўкі, падчас дзеянняў кветкі ператвараліся ў вянкі, а іх сцяблы — у мячы, якімі змагаліся два браты. Дасціпна і прыгожа.
Нягледзячы на крытыку вышэй, я атрымала задавальненне ад спектакля і неверагоднае пачуццё салідарнасці. Праз творчасць і мастацтва купалаўцы расказваюць важныя гісторыі для сябе і многіх беларусаў. Таму хочацца сказаць дзякуй усім, хто зрабіў гэты спектакль магчымым.
Драматургія: 8 з 10.
Акцёрская ігра: 8 з 10.
Сцэнаграфія і касцюмы: 10 з 10.
Агульнае ўражанне: 7 з 10.
— Мне здаецца, у мяне нават пытання не было, ісці або не ісці на спектакль. Убачыла афішу — купіла білет.
У Мінску я вельмі любіла тэатр беларускай драматургіі, на некаторыя пастаноўкі хадзіла па два-тры разы — там заўсёды было адчуванне дома, цяпла і ўтульнасці. Менавіта такіх адчуванняў мне не хапае там, дзе я жыву зараз.
Да таго ж я хадзіла на яшчэ адну пастаноўку Купалаўцаў у Польшчы — «Гусі-людзі-лебедзі»: цікава назіраць за іх праектамі не паасобку, а ў агульным плане.
Я набывала квіткі на спектакль за два-тры тыдні: хацела ўзяць на суботу, але выбар застаўся вельмі маленькім — самыя аддаленыя месцы. На нядзелю ўдалося забраніраваць апошняе адно месца ў другім радзе. Гэта я да таго, што білеты раскупляліся, мяркуючы па ўсім, вельмі хутка. Не дзіва, што была запоўненая ўся зала.
Наогул атмасфера мне падалася вельмі цёплай — асабліва гэта адчувалася, калі акцёры выйшлі на паклон: апладзіравалі хвілін пяць без перапынку. Гледачы — акцёрам, акцёры — гледачам, усе разам — беларусам. Мусіць, перадаць гэтае адчуванне адзінства словамі немагчыма: за ім я ішла, і яго я атрымала на 100%.
Мне спадабалася, што спектакль складаўся з маленькіх гісторый, ніяк не звязаных паміж сабой, акрамя агульнай тэмы — кахання. Адны былі смешнымі, іншыя — страшнымі, трэція — сумнымі. Мне падалося, гэта добра ўтрымлівала ўвагу і стварала дынаміку. Адзінае што, другое дзеянне падалося больш жывым за кошт большай колькасці камедыйных сцэнак — час пасля антракту прайшоў зусім незаўважна.
Асобны дзякуй за сцэнку «Брыта-стрыжана» пра спрэчку мужа і жонкі і іх паголенага (ці пастрыжанага) сабаку. Мне падаецца, толькі беларускія акцёры маглі адыграць яе менавіта так.
Не магла не звярнуць увагу на касцюмы: я ўжо казала, што сядзела ў другім радзе, таму добра змагла ўсё разгледзець. Асабліва спадабалася, што кожная гісторыя мела сваё каляровае афармленне, якое ў першую чаргу адлюстроўвалася ў касцюмах герояў. Гэта ўтрымлівала ўвагу і стварала настрой кожнай гісторыі.
Дарэчы, яшчэ адным такім злучальным звяном сцэнак была каса (як на мяне, гэта сімвал жаночай сілы). Яна прысутнічала або як частка дэкарацыі — вялізная каса звісае аднекуль прама на сцэну, — або як частка касцюма.
Дэкарацыі таксама хацелася б адзначыць асобна. Спадабалася, што яны не адцягвалі ўвагу ад герояў, не дамінавалі, не перагружалі сцэну, а дапаўнялі гісторыю, дапамагалі стварыць настрой і зарыентавацца гледачу ў мясцовасці. Кветкі, лебедзі, велізарная галава рыбы — усё гэта мне нагадвала піксельнае афармленне з гульні «Марыё» на прыстаўцы. Мусіць, таму я адчула такое замілаванне ўсімі гэтымі элементамі. Да таго ж, дэкарацыі апынуліся і даволі функцыянальнымі: напрыклад, кветка магла ператварыцца ў меч — ну крута ж.
Увогуле, усё вышэйапісанае пакінула вельмі прыемнае адчуванне ўнутры пасля спектакля. Крута, што гэтая падзея здарылася, што яна сабрала столькі беларусаў, што нагадала пра агульны боль (хоць ніхто пра яго і не забываў) і ўсё ж крыху адцягнула ад яго.
Драматургія: 8 з 10.
Акцёрская ігра: 9 з 10.
Сцэнаграфія і касцюмы: 10 з 10.
Агульнае ўражанне: 10 з 10.