Кінакрытык Тарас Тарналіцкі піша на budzma.by пра ўдзел беларусаў у «Берлінале», які не прынёс айчыннай кінаіндустрыі заўважнага эфекту.
У мінулую нядзелю закрыўся 70-ы «Берлінале» — адзін з найбуйнейшых і самых пафасных кінааглядаў Еўропы. Звычайна нашых суайчыннікаў на нямецкім фэсце не сустрэнеш — мы ж да гэтага часу адарваныя ад еўрапейскага культурнага працэсу. Але сёлета адбылося сапраўднае паломніцтва беларусаў на нямецкую зямлю.
Акрэдытаваныя журналісты ехалі, каб паглядзець фестывальныя шэдэўры і патусавацца на мясцовых вечарынках, фестывальныя адборшчыкі — каб знайсці кандыдатаў для будучых праграм паказаў, прадзюсары — адшукаць партнёраў і паглядзець, як уладкаваны міжнародны берлінскі кінарынак. Менавіта функцыянаваннем апошняга да глыбіні душы ўразіўся сцэнарыст і рэжысёр Андрэй Курэйчык, які выліў у фэйсбуку свае эмоцыі ў чарговы гнеўны допіс, адрасаваны Міністэрству культуры, якое праігнаравала ўдзел у фестывалі. Хоць магло паўдзельнічаць, тым больш цяпер ёсць што паказаць — хутка пачнецца пракат гістарычных «Авантур Пранціша Вырвіча» і завершаныя работы над біяграфічнай драмай «Купала».
Чытайце таксама: 10 пытанняў пра беларускі блакбастар «Купала», адказы на якія трэба ведаць
І хаця Андрэй выкарыстаў момант, каб яшчэ раз папіярыць свой новы праект Liberté, у адным ён, безумоўна, мае рацыю: беларускія чыноўнікі не здольныя прадаваць кіно ў Еўропе без указкі зверху.
Бо міжнародны кінафестываль — гэта не толькі багемныя тусоўкі і кулуарныя размовы пра мастацтва за келіхам сухога віна. Гэта перш за ўсё рынак, дзе не так важна атрымаць статуэтку за пакуты творчасці, колькі прадаць ужо створанае. А яшчэ гэта прастора для кааперацыі над новымі праектамі з зацікаўленымі людзьмі.
І менавіта таму ў фестывальныя экспедыцыі павінныя рыхтавацца не толькі (і не столькі) журналісты, колькі нашы прадстаўнікі з Міністэрства культуры, якія да гэтага часу лічаць адкрыццё нацыянальнага павільёна на фестывалі «нямэтавым выкарыстаннем бюджэтных сродкаў». Менавіта таму, колькі ні пішы пра важнасць удзелу Беларусі ў Канах, Венецыі, Берлінале на старонках малатыражных газет ці нават на галоўным партале краіны, насельнікам уладных кабінетаў гэта ўсё роўна будзе незразумела. Для іх такія развагі — занадта далёкі космас, экзальтацыя чыстай вады. А без гэтага ўсведамлення не прыйдзе і разуменне, што наша кіно, на якое выдаткоўваюць мільёны даляраў, ніколі іх не верне. Не кажучы ўжо пра патэнцыйныя заробкі.
Так, беларусам жыццёва неабходнае стратэгічнае планаванне ў сферы культурнай эканомікі. Менавіта яно зберажэ нас ад ідыёцкіх сітуацый, адна з якіх адбылася на юбілейным «Берлінале». Рэч у тым, што «Беларусьфільм» з’яўляецца (дзеля чаго былі выдаткаваныя рэсурсы) адным з сапрадзюсараў прыкметнага праекта нямецкага фэсту — драмы пра Халакост «Урокі фарсі» Вадзіма Перэльмана. У яе вытворчасці паўдзельнічалі нямецкія і расійскія прадзюсары, якія прадставілі карціну ў Берліне. Быў там і дырэктар нацстудыі Уладзімір Карачэўскі, які мільгануў на чырвонай дарожцы.
І, уласна, усё. Ні табе павільёна (ці хаця б стэнда) на кінамаркеце, ні ўдзелу ў прэс-канферэнцыі пасля паказу. Усе гэта магло быць, калі б нашыя чыноўнікі уключалі галаву, але цяпер не было роўна ні-чо-га. Карачэўскага афіцыйна запрасілі на фестываль, але які атрымаўся эфект ад гэтай паездкі, акрамя фатаграфій у фэйсбук-суполцы «Беларусьфільма»? Правільна, ніякі! Шанец паказаць увесь патэнцыял беларускага кінематографа кінабізнесоўцам з усяго свету быў бязбожна змыты ва ўнітаз. Тут можна запярэчыць, што ў цяперашняга кіраўніцтва студыі іншы прынцып працы — яны клічуць да сабе замежных паслоў, каб распавесці, як выдатна займацца кінавытворчасцю Беларусі і супрацоўнічаць з нацстудыяй. Праблема толькі ў тым, што паслы кіно не здымаюць.
Тарас Тарналіцкі, budzma.by
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!