Галоўнай інфанагодай апошнiх двух гадоў у сферы беларускага кіно з'яўляецца чаканне «Купалы» Уладзіміра Янкоўскага — біяграфічнай карціны пра жыццё і творчасць нацыянальнага паэта першай паловы ХХ стагоддзя Івана Луцэвіча. Яшчэ на этапе вытворчасці флагманскі праект толькі што адрэстаўраванага «Беларусьфільма» паспеў абрасці разнастайнымі чуткамі і скандаламі: то паказ нібы перанеслі, каб не злаваць расійскую палітычную эліту, то карціну нібы асабіста прымаў Аляксандр Лукашэнка і гэтак далей.
Афіцыйны постар фільма. Крыніца – belarusfilm.by
Кінакрытык Тарас Тарналіцкі ўжо паспеў паглядзець карціну. І хоць аўтары наклалі часовую забарону на водгукі і рэцэнзіі адносна стужкі (яе мы апублікуем пазней), зараз паспрабуем адказаць на дзесяць пытанняў адносна фільма, якія хвалююць беларусаў, не выкарыстоўваючы пры гэтым спойлеры.
1. Гульнявое кіно, знятае на «Беларусьфільме», часта выклікае пачуццё няёмкасці. Мне будзе сорамна за «Купалу»?
Складанае пытанне, паколькі крытэры «саромнасці», густу і ўспрымання кіно ва ўсіх розныя. Хоць, дзеля справядлівасці, апошнія гульнявыя праекты нацыянальнай студыі асаблівым поспехам ні ў гледачоў, ні ў крытыкаў не карысталіся. У процівагу гэтаму, «Купала» як мастацкі праект відавочна атрымаўся, хоць пэўныя заўвагі да карціны пры жаданні агучыць можна.
2. Праўда, што ў фільме гавораць толькі па-беларуску?
Так, аўтары дзейнічалі па прынцыпе аўтэнтычнасці: у кожнага народа свая мова. Беларусы тут гавораць па-беларуску, рускія — на рускай, габрэі — на ідышы. Выглядае гэта досыць натуральна, не бязглузда. Яшчэ адзін момант — за апошнія 29 гадоў «Беларусьфільм» не выпускаў гульнявое кіно на беларускай мове. У гэтым сэнсе «Купалу» можна назваць філалагічным эксперыментам для беларускага кіно.
3. Цi праўда, што фільм зацвярджаў асабіста прэзідэнт, як пісалі СМІ?
Так, такі факт меў месца. Акрамя Аляксандра Лукашэнкі фільм яшчэ глядзелі ўсе найвышэйшыя дзяржчыноўнікі. Адусюль прыйшлі станоўчыя водгукі адносна фільма
4. Які бюджэт быў у «Купалы»?
Першапачаткова — 1 мільён даляраў, потым студыя дадала яшчэ 500 тысяч. Для завяршэння прац. Усяго вытворчы бюджэт склаў 1,5 млн даляраў.
Кадр з фільма. Крыніца – belarusfilm.by
5. Скажыце шчыра, «Купала» — гэта ідэалагічнае кіно?
Несумненна. Але гэта не значыць, што фільм нецікава глядзець. Рэч у тым, што гаворка ідзе пра незвычайны дзяржзаказ — зняць фільм з беларускімі акцёрамі ў галоўных ролях, на беларускай мове, з упорам на нацыянальную самаідэнтыфікацыю, — які Уладзімір Янкоўскі выканаў так, як палічыў патрэбным. Да яго праект прапаноўваўся 4 рэжысёрам, усе яны з розных прычын адмовіліся ад вытворчасці.
6. Праўда, што паказ фільма ў снежні 2019 года перанеслі па палітычных матывах?
Не. Снежаньскі паказ, прымеркаваны да 95-годдзя беларускага кінематографа, адмянілі праз незавершаную рэтуш стужкі — відэа фактычна не было гатовае, і сыры варыянт вырашылі не паказваць публіцы. Цалкам магчыма, што «Купалу» пакажуць у сакавіку для прэсы. Масавы пракат жа па Беларусі перанеслі на лістапад 2020 года, каб фільм паспеў трапіць на міжнародныя фестывалі і каб не правакаваць нападкі з боку крамлёўскай прапаганды. Нагадаем, што прэзідэнцкія выбары ў нас пройдуць у канцы лета гэтага года. Высновы рабіце самастойна.
Кадр з фільма. Крыніца – belarusfilm.by
7. Дык што, Купалу ў стужцы забілі чэкісты ці гэта на самай справе было самагубства?
Не будзем пераказваць сюжэт, у аўтараў свой погляд на гэтую загадку беларускай гісторыі. І яна падаецца цалкам пераканаўчай.
8. Ці будзе «Купала» ўдзельнічаць у фестывалях?
Хто ведае! Перамовы наконт гэтага вядуцца з найбуйнейшымі кінааглядамі класа «А»: Венецыяй, Канамі, Карлавымі Варамі і г.д. Зразумела, размова неабавязкова пра асноўны конкурс, а, магчыма, пра паралельныя праграмы. У прасоўванні ўдзельнічае арганізацыйны склад «Лістапада».
9. Ці праўда, што ў фільме галоўныя ролі выконваюць толькі беларусы?
Так, паэта грае Мікалай Шастак — акцёр-пачатковец і этнічны беларус, які жыве ў Латвіі. Яго каханку Паліну Мядзёлку — актрыса Тэатра імя Горкага Вераніка Пляшкевіч і г.д. Рускія акцёры трапляюцца, але далёка не часта і не на галоўных ролях. У гэтым сэнсе «Купала» максімальна беларусацэнтрычны не толькі па змесце, але па асаблівасцях вытворчасці.
Кадр з фільма. Крыніца – belarusfilm.by
10. Крытыкуецца ў фільме расійскі ўплыў у Беларусі?
Падспудна — так. І царскія, і савецкія ўлады прадстаўленыя як рэпрэсіўная сіла ў дачыненні да беларускай інтэлігенцыі, якая ў фільме імкнецца да культурнай і дзяржаўнай самастойнасці. Гэта зразумела яшчэ з трэйлера стужкі. У гэтым плане з гістарычным наратывам ніякіх разыходжанняў няма. Фактычна, «Купала» — гэта рэдкі для Беларусі прыклад добра артыкуляванага посткаланіяльнага кіно, у якім ўплыў расійцаў на краіну паказаны з крытычнага боку, чаго раней «Беларусьфільм» сабе не дазваляў.
Тарас Тарналіцкі, budzma.by
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!