З выхадам на расейскі мэдыярынак гурт “Без билета” зусім пабляк і неяк зьніякавеў. “Звезда” – самы выпеставаны і пры гэтым самы сумны альбом каманды ў яе дыскаграфіі. Невядома, ці зьвязваць канчатковы адыход БЗБ ад гітарнай музыкі зь іх набегам на радыёстанцыі суседніх краінаў, але саўнд каманды не пазнаць зусім. Музыкі пайшлі на максымальнае яго спрашчэньне, ад ранейшага пазнавальнага гуку гурта не засталося і сьледу. Да ўсяго, Віталь Артыст раптам узяўся за апяваньне касьмічнай тэматыкі, засьпяваўшы пра Гагарына, зоркі, плянэты ды касмадромы.
Уражаньне часам такое, што тэксты ўзятыя з шуфляды Міхалка часоў яго баўленьня падобнымі вобразамі. Слухаецца тое, шчыра кажучы, безь вялікай цікавасьці. Трохі бянтэжаць нясьмелыя, але досыць навязьлівыя алюзіі на Цоя (“Быть как все”, “Звезда”), ну а давяршае справу сякерай робленая, нейкая бяздумная і модная цяпер настальгія па СССР. “Байканур-66” — хіба самы правальны нумар з тэкстам, які, здавалася, і найбліжэйшай сяброўцы паказаць было б сорамна. Віталь пачаў заўважна менш сьпяваць, аддаўшы перавагу рэчытатыву (“Mayday”, “Музыка — это жизнь”).
Сярод новых кампазыцый можна вылучыць “8 секунд”, няхай сабе і самапаўтор. А найлепш слухаецца -надцатая вэрсія песьні “Шла дальше”. Астатняе — нудоцьце, праўда… Зьнікла ў БЗБ нязмушаная жыцьцярадаснасьць. Калі гэта тое, да чаго 12 гадоў ішоў Артыст, то вельмі шкада, што так атрымалася. Зрэшты, хістаньні і ваганьні заўжды былі ўласьцівыя Віталіку: яго гурт шматкроць зьмяняў склад, прыхільнасьць да пэўнага стылю (пачыналася ж наогул з фольку), мову сьпеваў і нават напісаньне назвы. Так што куды занясе далей гэтую безумоўна таленавітую і харызматычную асобу, прадказаць не ўяўляецца магчымым.
Спампаваць альбом “Звезда” можна на сайце Thankyou.ru.
Ідэя: 4
Выкананьне: 6
Тэксты: 4
Запіс: 8
Аздабленьне: 5