Галоўнае следчае ўпраўленне Следчага камітэту прыняла да вытворчасці крымінальную справу ў дачыненні Кацярыны Каланчук-Ваданосавай. Пра гэта паведаміў афіцыйны прадстаўнік ведамства Сяргей Кабаковіч, піша Белсат.
Кацярына Ваданосава
Вядучая відэапраекта «Трызуб і Пагоня» на ютуб-канале «Будзьма беларусамі» Кацярына Ваданосава, па словах прадстаўніка СК, «у змове з экстрэмісцкімі фармаваннямі» сістэматычна публікуе на Youtube матэрыялы, нібыта накіраваныя на рэабілітацыю нацызму.
«Асноўная мэта — рэалізацыя ідэалагічнай дыверсіі, замаскаванай пад «асветніцкія лекцыі». Называючы сябе «экспертам» у гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, яна груба фальсіфікуе і перакручвае гістарычныя факты, маніпулюючы асобнымі эпізодамі беларускай гісторыі для рэабілітацыі нацызму і гераізацыі яго паслядоўнікаў», — заявіў Сяргей Кабаковіч.
У прыватнасці, ён заявіў: «адкрыта ўзвялічваецца галоўны нацысцкі злачынец на беларускай зямлі» генеральны камісар Беларусі Вільгэльм Кубэ і праслаўляюцца «таксама памагатыя акупантаў» з ліку дапаможнай паліцыі і Беларускай Цэнтральнай Рады.
«Асаблівую небяспеку гэтай дзейнасці заключаецца ў мэтанакіраваным дэструктыўным уздзеянні на свядомасць насельніцтва. Кантэнт наўмысна разлічаны на неабмежаваную аўдыторыю, асабліва на моладзь, і накіраваны на тое, каб перапісаць гісторыю, апраўдаць нацысцкія злачынствы, сеяць рэваншысцкія настроі і падрываць фундаментальныя каштоўнасці беларускага народу», — адзначыў Кабаковіч.
Генеральная пракуратура Беларусі распачала ў дачыненні Ваданосавай крымінальную справу аб «рэабілітацыі нацызму» праз відэаролікі на YouTube. Справа распачатая паводле ч. 3 арт.130-1 Крымінальнага кодэксу Беларусі — «наўмысныя дзеянні ў рэабілітацыі нацызму». Сама вядоўца адзначыла, што ў ейным жыцці ад гэтага нічога не зменіцца.
Кацярына Ваданосава (Каланчук-Ваданосава) — беларуская тэлевядучая, спявачка, рэканструктарка гістарычных строяў, гісторык па адукацыі. Праз палітычны пераслед вымушана з’ехала з Беларусі, цяпер жыве ў Польшчы.