Тэма ядзернай зброі зноў стала актуальнай у стужках навін. З гэтай нагоды прыгадваем адну падзабытую, але вельмі павучальную аповесць вядомага амерыканскага пісьменніка-фантаста пра магчымыя фатальныя наступствы ядзернай вайны.
У траўні 1953 года ў адным з амерыканскіх часопісаў была апублікавана аповесць «Другая мадэль» Філіпа Кіндрэда Дзіка, дзе быў распісаны проста неверагодна апакаліптычны сцэнар. Паводле яго Савецкі Саюз распачаў ядзерную вайну супраць Амерыкі і ААН, якая скончылася апакаліпсісам. Большасць амерыканскіх і еўрапейскіх гарадоў былі ў выніку наўпрост сцёртыя і зніклі, а сама Зямля ператварылася ў непрыдатную для існавання планету.
Вокладка часопіса «Space Station Fiction», дзе была ўпершыню апублікавана «Другая мадэль». Крыніца: gutenberg.org
Камуністы па першым часе бралі верх, таму амерыканцы з саюзнікамі вымушаны былі адляцець на Месяц, каб адтуль кіраваць баявымі дзеяннямі. А каб Саветы канчаткова не перамаглі, яны распрацоўваюць баявых робатаў, якія ў творы завуцца «кіпцюрамі». Тыя, паводле свайго функцыяналу, маюць забіваць усё, што рухаецца каля амерыканскіх бункераў. А каб яны не забівалі сваіх, то салдаты войска аб’яднаных нацый носяць адмысловыя ахоўныя бранзалеты.
У выніку шасці гадоў супрацьстаяння на Зямлі застаюцца адно кропкавыя месцы, дзе яшчэ цепліцца жыццё. Даўно знявераныя ва ўсім жменькі салдат проста выконваюць загад свайго начальства — трымаць абарону да апошняга і ні ў якім разе не здавацца. Але іхнае існаванне насамрэч больш нагадвае «дзень сурка» — бясконцае сядзенне ў бункеры, вакол якога даўно ўжо нічога не адбываецца.
Галоўны герой аповесці — маёр Хэндрыкс атрымлівае ад камуністаў запрашэнне на перамовы, тыя нібыта тэрмінова хочуць пагаварыць пра магчымы мір, бо не бачаць далейшага сэнсу ў змаганні. Хэндрыкс, які некалькі месяцаў не быў на свежым паветры, выпраўляецца ў савецкі бункер, каб дамовіцца пра спыненне агню. На сваім шляху ён пачынае сустракаць дзіўных людзей, але нават і не здагадваецца, што сустрэчы гэтыя — зусім невыпадковыя.
З часам маёр разумее, што здатныя да выжывання ў неспрыяльнай атмасферы «кіпці» не толькі забіваюць ворагаў, але яшчэ і самаўдасканальваюцца. На вялікіх падземных заводах робаты ўжо самі, без умяшальніцтва чалавека, вырабляюць усё новыя мадэлі машынаў-забойцаў. Прычым падобных да чалавека — паранены салдат, самотны хлопчык, які нібыта выжыў, і гэтак далей. Кожная з такіх мадэляў мае свой парадкавы нумар: 1-М, 2-М, 3-М, 4-М.
Такой бачылі 2-М у 1953 годзе. Крыніца: gutenberg.org
Паступова Хэндрыкс разгадвае, які нумар мае кожны з робатаў, але што за загадкавая другая мадэль, ён даведаецца толькі ў самым канцы. Калі вымушана саступіць сваё месца ў касмічным караблі, які быў прызначаны менавіта для ягонай эвакуацыі, сваёй новай прыяцельцы. Яна ўласна і адляціць на Месяц замест маёра. У той момант ён застанецца апошнім чалавекам на Зямлі, абкружаным робатамі-забойцамі, які сваім учынкам паставіў толькі што пад пагрозу існаванне ўсяго чалавечага роду.
У гэтай аповесці Філіп К. Дзік намаляваў абсалютна вусцішную карціну таго, што можа адбыцца ў выніку супрацьстаяння дзвюх супердзяржаваў. Абганяючы час, ён падвёў магчымыя вынікі гонкі ўзбраенняў і патэнцыйнага абмену ядзернымі ўдарамі. Бо ўся філасофія тых «кіпцяў» — адно забіваць.
У канцы твора яны нават пачынаюць забіваць самі сябе — больш прасунутыя мадэлі, запакаваныя ў чалавечае аблічча, без цені сумневу нішчаць прасцейшыя. Усё для таго, каб уцерціся ў давер да жывога чалавека...
Малады аўтар расказвае пра сябе ў часопісе «Imagination». Люты 1953 года. Крыніца: sffaudio.com
Такое мог прыдумаць толькі параноік і вар’ят, кім уласна і быў пісьменнік. Гэта быў самы пачатак яго творчай кар’еры — за год да гэтага, у 1952-м, малады аўтар прадаў усяго чатыры апавяданні. У яго толькі-толькі з’явіўся ўласны літаратурны агент, а ён сам рашыўся на тое, каб кінуць усе справы ды ўсур’ёз заняцца літаратурай. Пісьменнік быў вельмі пладавіты — ужо ў 1955-м пабачыць свет першая ягоная анталогія і буйны раман.
Парадаксальным чынам Дзік умеў зазіраць у будучыню. Калі пісалася «Другая мадэль», Халодная вайна яшчэ не набрала сваёй моцы. Да Карыбскага крызісу, калі чалавецтва і праўда апынулася на парозе ядзернай вайны, было амаль 10 гадоў. А ён ужо пабачыў, якім будзе жыццё пасля.
У той жа час, 25-гадовы пісьменнік вельмі востра перажываў атмасферу, у якой жыў — яму не надта падабалася «паляванне на ведзьмаў», якое распачалі амерыканскія ўлады ў пошуках «чырвонай» пагрозы.
Прыкладна тады ж Філіп Дзік і вырашыў стаць фантастам ды прысвяціць увесь час стварэнню чытва, якое зробіць яму імя. Некаторыя з яго твораў былі экранізаваныя або далі добры штуршок у развіцці кінаіндустрыі. Вядомыя ці не кожнаму «Узгадаць усё», «Бягун па лязе» або «Асобае меркаванне» знятыя менавіта паводле твораў Філіпа К. Дзіка. Ствараючы свайго «Тэрмінатара», Джэймс Кэмеран натхняўся ягонай «Другой мадэллю» — у суворым дзядзьку з безэмацыйным тварам, які шукае Сару Конар, каб забіць, надта многа ад чалавекападобных «кіпцяў».
Першы «Тэрмінатар», 1984 год. Крыніца: aif-s3.aif.ru
А быў жа яшчэ фільм — «Крыкуны», які знялі канадцы ў сярэдзіне 1990-х гадоў за зусім невялікія грошы. Ясна, што бюджэтная стужка правалілася ў пракаце, але і цяпер час ад часу ўсплывае, калі гаворка пачынаецца пра жыццё пасля канца свету. Гэтыя «Крыкуны» — уласна і ёсць экранізацыяй «Другой мадэлі» Філіпа К. Дзіка. Праўда, спрошчанай, «ачалавечанай», больш лагоднай.
Стваральнікі нездарма троху перакруцілі сюжэт. Замест Зямлі ў іх ужо нейкая невядомая планета, камуністаў і амерыканцаў замянілі альянсы, якія варагуюць праз рэсурсы, а не з ідэйных меркаванняў. І ўсё гэта адбываецца ў далёкай будучыні — 2078 годзе. Такі падыход можна зразумець, бо сацлагер на момант здымак ужо не існаваў, зацятага супрацьстаяння камунізму і капіталізму не было, ды і законы жанру нельга парушаць.
Бо цяжка ўявіць сабе фільм, дзе на зямлі ідзе ядзерная вайна, а ў канцы чалавецтва проста гіне, не маючы ніводнага шанца на выратаванне. Разняволены глядач, які прывык адно да забавак, можа і спужацца такога фіналу. Але пра такія рэчы варта хаця б зрэдзьчас задумвацца.
Больш пазнавальны вобраз пісьменніка. Крыніца: ekultura.hu
Па ўсім відаць, пісьменнік наўмысна не пакінуў ніякіх шанцаў чалавецтву, нават самых прывідных. Чаму так? Пэўна, хацеў, каб ягоныя чытачы адчулі, што можа быць, калі абудзецца татальная вайна, у якой відавочна не будзе пераможцаў і пераможаных — гэта магістральная тэма аповесці.
Бо апісанні разбуранай вайной зямлі, дзе ўжо не засталося наогул нічога жывога, а людзі — гэта хіба што выміраючы від з Чырвонай кнігі, і праўда ўражваюць. Яшчэ і з той прычыны, што Дзік піша ну надта ўжо рэалістычна. Пагартаў колькі старонак — як бы сам там пабываў.
Ці меў Філіп К. Дзік рацыю? Хто яго ведае, паглядзім, як яно далей будзе...
Кастусь К., budzma.org