Стала вядома, як у Беларусі адзначаць 95-годзьдзе Ўладзімера Караткевіча, піша "Радыё Свабода".

Уладзімер Караткевіч нарадзіўся 95 гадоў таму, 26 лістапада 1930 году ў Воршы, памёр 25 ліпеня 1984 году ў Менску.
Караткевіч напісаў чатыры раманы, некалькі аповесьцяў, шмат расказаў і вершаў. Ён вядомы як выдатны драматург і сцэнарыст, распавялі ўдзельнікі круглага стала, арганізаванага Мінінфармам Беларусі, адзначалі і ягоны талент як паэта. Кнігі Караткевіча перакладзеныя на 10 замежных моваў.
У музэі беларускага пісьменьніка Ўладзімера Караткевіча ў Воршы да ягонага 95-годзьдзя адкрылася «Выстава аднаго прадмета» — экспазыцыя зьвязаных з Караткевічам рэчаў, якія штодня мяняюцца. Экспанатам 25 лістапада стала пасьмяротная маска славутага літаратара, паведаміла дырэктарка музэя Караткевіча ў Воршы Анастасія Корбан.
«У межах „Выставы аднаго прадмета“ мы ўжо паказалі фотаздымак „Хаты маці маёй“, як казаў пра родны дом Уладзімер Караткевіч, ягоны рукапіс, стары часопіс з ягоным творам, а сёньня дэманструем пасьмяротную маску пісьменьніка», — распавяла Анастасія Корбан падчас круглага стала, прысьвечанага папулярызацыі творчасьці пісьменьніка. Круглы стол «Нацыянальны літаратурны скарб Беларусі: творчасьць Уладзіміра Караткевіча» прайшоў 25 лістапада ў Прэс-цэнтры Дому прэсы, яго арганізавала Міністэрства інфармацыі Беларусі.
Літаратар Пятро Жаўняровіч паведаміў, што ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» працягвае выходзіць збор твораў Уладзімера Караткевіча, у кастрычніку сьвет пабачыў 22-гі том з 25-ці.
У Нацыянальнай бібліятэцы да дня нараджэньня Караткевіча залі адкрываецца адмысловая выстава.
У часопісе «Бярозка» ў апошнім нумары публікуюцца тры казкі Караткевіча.
У музеі Максіма Багдановіча адзначаць 95-я ўгодкі ад нараджэння пісьменніка Уладзіміра Караткевіча літаратурна-музычнай імпрэзай.
Творчасьці славутага пісьменьніка таксама будуць прысьвечаны чарговыя заняткі «Школы маладога літаратара», якая арганізавана пры часопісе для беларускамоўных падлеткаў.
Сумесная беларуска-украінская вечарына да 95-годзьдзя Ўладзімера Караткевіча 26 лістапада пройдзе ў Гданську.
Глядзіце таксама: Што публіка не магла дараваць жывому класіку?