Гурт Kasary прадставіў свой першы альбом, які ўжо даступны на стрымінгавых платформах.

У альбом увайшлі пераважна беларускія ваяцкія, рэкруцкія, маладзецкія і бяседныя песні. Аснова гучання — жывы мужчынскі шматгалосы спеў, дапоўнены пульсацыяй бубна і барабана, а таксама гучаннем традыцыйных драўляных духавых інструментаў, у тым ліку жалейкі, дудкі, акарыны і іншых.
Акрамя таго, у запісе можна пачуць традыцыйныя скрыпічныя найгрышы ў выкананні польскага музыкі Мацея Філіпчука.
Альбом мае форму завершанай музычнай гісторыі: адкрываецца кампазіцыяй Intro і завяршаецца Фіналам — дзвюма аўтарскімі імправізацыйнымі п’есамі.
Усяго — 12 твораў, сярод якіх не толькі мужчынскія песні, але і два інструментальныя нумары: найгрыш і беларускі традыцыйны танец.
Запіс альбома адбываўся ў польскай студыі ў Варшаве, мастэрынг выканаў вядомы польскі гукарэжысёр Марыюш Дзюравец.
Вокладку зрабіў беларускі дызайнер Ігар Юхневіч.
«На гэтых мужчынскіх песнях фарміраваўся наш гурт «Касары». Яны сталі нам вельмі блізкімі ад самага пачатку — з першых заняткаў, з навучання, з нараджэння калектыва. Таму задача была простая: запісаць альбом максімальна шчыра і па-жывому, без прыўкрас і эфектаў. Перадаць стыль, эмоцыю і мужчынскую энергію беларускіх традыцыйных песень».
«Мы бязмерна ўдзячныя нашым дзядам за гэты невычэрпны скарб. Вучымся, натхняемся і стараемся даваць далейшае жыццё гэтым спрадвечным песням», — кажа заснавальнік гурта Сяржук Доўгушаў.
Прэзентацыя альбома і вялікі канцэрт гурта «Касары» адбудуцца 30 лістапада ў Варшаве.
Kwadrat Praski, Studio 200 (ul. Szwedzka 2/4)
Квіткі тут.