Астравецкая раённая бібліятэка будзе насіць імя Адама Мальдзіса нягледзячы на пратэсты актывісткі Вольгі Бондаравай, абуранай «бескантрольным разгулам нацыяналістаў і прапольскіх калабарантаў», піша Reform.by. Яна прасіла мясцовыя ўлады перагледзець рашэнне і не прысвойваць бібліятэцы імя Мальдзіса.
Адам Мальдзіс
Вольга Бондарава дабілася таго, што на бібліятэку не сталі вешаць таблічку, але ўпраўленне культуры Гродзенскага аблвыканкама паведаміла, што рашэнне аб перайменаванні бібліятэкі адмяняць не будзе, бо яно адпавядае дзейнаму заканадаўству.
«Улічваючы той факт, што ва ўпраўленне культуры таксама паступіў зварот у падтрымку ініцыятывы Астравецкага райвыканкама па прысваенні раённай бібліятэцы імя А. І. Мальдзіса як вядомага дзеяча навукі і культуры, выбітнага ўраджэнца Астравецкага раёна, адмена рашэння ў цяперашні час не плануецца», — гаворыцца ў адказе чыноўнікаў.
Бондарава рашэннем засталася незадаволеная. «Такое адчуванне, што ў раёне размяшчэння стратэгічнага аб’екта ўлады займаюцца сабатажам дзяржаўнай бяспекі ў інфармацыйным полі», — напісала яна ў сваім тэлеграм-канале.
Нагадаем, Адам Мальдзіс, ураджэнец Астравецкага раёна, памёр у студзені гэтага года ва ўзросце 89 гадоў. У чэрвені раённай бібліятэцы прысвоілі яго імя і збіраліся ўстанавіць новую таблічку на будынку 7 жніўня.