Бібліёграф Валер Герасімаў звольнены з Прэзідэнцкай бібліятэкі

Падставай для звальнення стаў удзел у Шостым міжнародным кангрэсе даследчыкаў Беларусі ў Коўне.

Навуковец Валер Герасімаў аддаў Прэзідэнцкай бібліятэцы (раней – Урадавай бібліятэцы імя Горкага) 40 год свайго жыцця. За гэты час сп. Валер стварыў і ўзначаліў спачатку сектар, пасля аддзел старадрукаў і рэдкіх выданняў. Толькі за апошнія 5 год з ягоным удзелам было набыта каля 200 унікальных старадрукаў і дакументаў.

Сам даследчык з’яўляецца аўтарам каля 250 навуковых і грамадска-культурных публікацыяў, у тым ліку ў “Энцыклапедыі гісторыі Беларусі” і “Беларускай энцыклапедыі”. Герасімаў узнагароджаны ганаровымі граматамі Міністэрства культуры і Палаты прадстаўнікоў нацыянальнага сходу.

Як сталася, што настолькі заслужаны чалавек апынуўся “за бортам”? Чаму Прэзідэнцкай бібліятэцы не патрэбныя прафесіяналы сваёй справы? Якія перспектывы мае збор і вывучэнне рэдкай кнігі ў Беларусі?

Сваімі думкамі з чытачамі budzma.by падзяліўся сам Валер Герасімаў.

“Дырэктар не разумее вашай мовы…”

 

Усё ж такі ці магло гэта быць звальненне па ўзросце?

– Фармальна – так, звальненне па ўзросце. Да 60-ці я адпрацаваў, у дадатак год на пенсіі. Але пенсійны ўзрост у нас павышаецца, і кіраўнік дзяржавы ў нас амаль у маім узросце – і ўсё нармальна. Я адчуваю ў сабе сілы: за 40 год працы я на бальнічным быў разы чатыры. Як кнігазнаўца ўсе гэтыя гады набіраўся досведу – акурат надышоў час падзяліцца ім з маладзейшымі калегамі.

Задуманыя дзесяткі праектаў: бібліяграфічных, інфармацыйных, кнігазнаўчых. А ў нашым кніжным свеце гэта завязана на асобе: сувязі, канфідэнцыйная інфармацыя і г.д. Вельмі шкада гэтага ўсяго. Я сціплы чалавек, але магу сказаць, што маё звальненне – гэта глупства нават з пункту гледжання звычайнай мэтазгоднасці.

Што стала рэальнай нагодай для звальнення, на вашу думку?

– Роўна месяц таму на нарадзе загадчыкаў аддзелаў з боку дырэкцыі прагучалі пагрозы ў мой бок за тое, што я з’ездзіў на Шосты міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі ў Коўне. Дырэктар пра гэта казаў грэбліва: “нейкі кангрэс”, “нейкіх даследчыкаў”, ледзь не “нейкай Беларусі”… Бо наш дырэктар, Квачан Сяргей Іванавіч, нават не валодае беларускай мовай: я быў змушаны перапісваць шмат якія дакументы, якія кладуцца яму на стол, бо, са словаў сакратаркі, “дырэктар не разумее вашай мовы”.

На Кангрэс, дзе я вёў адну з панэляў кнігазнаўчай секцыі, я ездзіў за свой кошт. А дзе яшчэ можна сустрэцца з калегамі-кнігазнаўцамі? Дзе можна абмяняцца інфармацыяй пра кніжныя помнікі? Хто мне дапаможа? Гэты неадукаваны дырэктар, які зусім не разбіраецца ў рэдкай кнізе?..

Наколькі я разумею, на Кангрэсе прысутнічала сапраўдная эліта кнігазнаўчага свету…

– Так, безумоўна. Наталля Бондар, загадчыца аддзела рэдкай кнігі Бібліятэкі імя Вярнадскага ва Украіне – гэта Нацыянальная прэзідэнцкая бібліятэка. Былі найлепшыя кнігазнаўцы Польшчы, даследчыкі беларускай кнігі: Кшыштаф Мігань, Зоя Ярашэвіч-Пераслаўцава, Лілія Коўкель і іншыя.

Мы дыскутавалі з калегамі пра кірылічныя беларускія старадрукі. Ну якая ў гэтым крамола? Гэта значыць, што ідэалагічна сістэма інфармацыі ва ўладных колах пастаўленая вельмі дрэнна: яна крывадушная і фальшывая. Вынік – мой лёс і мой выпадак.

 

“Галоўны ў бібліятэцы – беларускі нацыянальны дакумент”

Якія вехі свайго працоўнага шляху вы маглі б згадаць?

– Доўгі час я працаваў у навукова-метадычным аддзеле бібліятэкі як тэарэтык. За гэты перыяд наш аддзел ператварыўся ў адзін з рэспубліканскіх цэнтраў кнігазнаўства. Пасля распаду СССР усе такія цэнтры засталіся ў Маскве, таму пачынаць даводзілася з нуля. Цяпер жа такія цэнтры ёсць у Нацыянальнай бібліятэцы, Акадэмічнай бібліятэцы і ў Прэзідэнцкай. Наша бібліятэка не кулуарная, яе фонды належаць усім грамадзянам краіны, хай і знаходзіцца яна ў будынку Дома ўраду.

Я ганаруся, што структура фонду ў нашым аддзеле беларусацэнтрычная. Галоўны ў бібліятэцы – гэта беларускі нацыянальны дакумент. Асобны гонар – дакументы і выданні, якія маюць дачыненне да гісторыі і культуры Беларусі: кнігі Купалы, Коласа, Гарэцкага, Жылкі, Дварчаніна. У нас захоўваецца частка бібліятэкі Радзівілаў, часткі бібліятэк Баркулабаўскага, Талачынскага кляштараў, Рускай Тургенеўскай бібліятэкі ў Парыжы (каля 1000 асобнікаў), частка кнігазбору Кастуся Езавітава.

Я першым знайшоў у нашым агульным фондзе кнігі з нашага ж даваеннага фонду. Ніхто ж ніколі не задумваўся дзе яна, бо “…нямецка-фашысцкія захопнікі знішчылі бібліятэкі Беларусі.” Аказалася ж, што не так тыя захопнікі, як самі пазнішчалі, паспісвалі столькі літаратуры каштоўнай. Бо састарэлая, ідэалагічна непатрэбная – так пісалася ў інструкцыях.

 

Расфармаванне і …вяртанне спецсховаў

Наколькі мне вядома, вы займаліся вяртаннем літаратуры са спецсховаў у агульны ўжытак, так?

– Пасля распаду СССР я адным з першых напісаў пра літаратуру, якая захоўвалася ў спецсховах: склаў спіс такой літаратуры ва Урадавай бібліятэцы, які быў надрукаваны ў часопісе “Спадчына”. Гэтыя кнігі, такім чынам, былі вернутыя ў навуковы ўжытак, а былі сярод іх вельмі рэдкія экзэмпляры.

Шкада, што тая ж сістэма спецсховаў вяртаецца. Гэта робіцца пад выглядам барацьбы з экстрэмісцкай літаратурай. Называецца гэта “літаратура з асаблівымі ўмовамі захоўвання”. Дарэчы, каля сотні такіх выданняў стаіць менавіта ў Аддзеле рэдкай кнігі. Сярод іх, як ні смешна, ёсць нават апошняя кніга пра Някляева аўтарства Ціхана Чарнякевіча – “Вандроўнік”.

А як вызначаецца і адбіраецца такая літаратура?

– Не ведаю. Ведаю адно: у кожнай рэспубліканскай бібліятэцы ўжо створаныя свае спецсховы. Ёсць таксама інструкцыя пра захоўванне “службовай таямніцы”, усе маюць гэта падпісваць. Ну якая ў бібліятэцы таямніца?! Ёсць інструкцыя для супрацоўнікаў, згодна якой больш чым па трое нельга ў калідорах бібліятэкі стаяць… Гэта ўсё абароты, якія нарошчвае рэпрэсіўны каток сістэмы. Даходзіць да маразму і абсурду, здаровы чалавек ніколі б не падумаў, што такое магчыма.

Я кажу гэта не праз крыўду, што мяне звольнілі. Я ж не прападу, мне ёсць чым займацца. Мне шкада сваёй роднай бібліятэкі і роднай беларускай кнігі. Я з дзяцінства люблю кнігу і займаўся гэтым усё жыццё.

 

“Ідзе зачыстка культурнага слою”

Які ваш прагноз адносна справы захавання і вывучэння рэдкай кнігі ў Беларусі?

– Прагноз усё ж такі пазітыўны. Хай я пайшоў, пасля мяне засталіся вучні. Засталіся людзі, якіх я прасіў адкрыта не выказваць мне падтрымкі, каб яны не пацярпелі. Калектыў бібліятэкі хацеў пісаць ліст на маю падтрымку – я адмовіўся. Бо мне падаецца, што ідзе нейкая зачыстка культурнага слою…

Але за гады нацыянальнага адраджэння ад канца 1980-х набытая вялікая інерцыя, створаная праслойка нацыянальнай інтэлігенцыі, багата людзей заангажавана ў гэтай справе, якія працуюць у дзяржустановах. Таму я аптыміст. Тым больш што ўлада вымушаная мімікраваць. Постаці таго ж Скарыны альбо Еўфрасінні Полацкай, якія ў 1930-я аб’яўляліся цемрашаламі, цяпер прапагандуюцца паўсюдна. Значыць, нейкі віток цывілізацыі ўсё ж такі пройдзены і нашае нацыянальнае адраджэнне не такое ўжо і слабае.

Якія маеце творчыя планы ў якасці “вольнага бібліёграфа”?

– Буду займацца гісторыяй кнігі як прыватны даследчык. Прабачце, але ў дзяржаўную ўстанову цяпер ісці ў мяне асаблівага жадання няма. Але жыццё ёсць жыццё – паглядзім. Стаўлюся па-філасофску да гэтага.

 

 

Алесь Кіркевіч, budzma.by