Выдавецтва “ЮрСаПрынт” размясціла ў вольным доступе кнігу Васіля Герасімчыка “Кастусь Каліноўскі: Асоба і легенда”. Гэта першы жыццяпіс кіраўніка паўстання 1863—1864 гадоў, які быў створаны цягам апошніх 30 гадоў.
Імя Кастуся Каліноўскага добра вядомае беларусам і даўно стала легендарным. Каліноўскаму прысвечаны шматлікія навуковыя і мастацкія творы, але даследчыкі працягваюць рабіць цікавыя адкрыцці, знаходзячы невядомыя раней дакументы і ўспаміны. Кніга “Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда” створана на аснове матэрыялаў з архіваў і бібліятэк Літвы, Беларусі, Расіі і дазваляе зірнуць на асобу правадыра паўстання 1863–1864 гадоў не толькі як на лідара і ідэолага нацыянальна-вызваленчага руху на беларуска-літоўскіх землях, але і пазнаёміцца з працэсам фармавання яго поглядаў.
Аўтар кнігі Васіль Герасімчык – журналіст, па адукацыі – гісторык. Скончыў з адзнакай універсітэты ў Гродне, Маскве і Торуні. Сфера навуковых цікаўнасцяў – паўстанне 1863–1864 гадоў і асоба Канстанціна Каліноўскага. Таксама займаецца краязнаўствам.
Сёлета Васілю Герасімчыку за гэтую кнігу была прысуджаная Прэмія імя Францішка Багушэвіча, якую цягам 25 год уручаюць за выдатную гістарычную прозу аўтарам кніг, што спрыяюць абуджэнню гістарычнай свядомасці і нацыянальнай незалежнасці чытачоў. Цырымонія ўганаравання адбылася на фестывалі інтэлектуальнай кнігі "Прадмова".
Кнігу “Кастусь Каліноўскі: Асоба і легенда” можна спампаваць у фарматах PDF і EPUB.
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!