«Паставіцца да гэтага як да эксперыменту — пазнавання сваёй краіны, сябе, культуры — і ісці наперад», — такую параду дае тым, хто хоча, але не рашаецца перайсці на беларускую мову, Аліна Нагорная — праваабаронца, лаўрэатка Ордэна Пагоні, аўтарка кнігі «Мова 404».
Што яшчэ варта зрабіць, каб было лягчэй перайсці на беларускую мову? Як змянілася становішча беларускай мовы за апошні час? Пра гэта Аліна расказала ў інтэрв’ю культурна-асветнаму парталу «Будзьма беларусамі!», а таксама пра свой уласны шлях да беларускай мовы, выхаванне дзяцей і новыя кніжныя праекты.
Аліна Нагоная. Фота: Паліна Махані
— Аліна, вы былі ўзнагароджаны Ордэнам Пагоні за шматгадовую дзейнасць па абароне правоў беларусаў на нацыянальную мову. Як нарадзілася гэтая любоў да мовы і жаданне яе абараняць?
— Магчыма, я кампенсую тое, чаго мне не хапіла ў дзяцінстве, бо ў той перыяд майго жыцця вакол мяне беларускай мовы не было. У сям’і толькі дзядуля размаўляў па-беларуску, але я яго вельмі рэдка бачыла. Калі падрасла, я стварыла літаратурны клуб, туды прыходзілі людзі, якія гаварылі па-беларуску. Тады я і пачала думаць: а чаму я не размаўляю на роднай мове? І мне так крыўдна стала. Я, канешне, добра тады ўжо разумела, што калі пачну размаўляць па-беларуску, мне не будзе так камфортна жыць, як калі я размаўляю па-руску. Для мяне было відавочна: Беларусь створана для рускамоўнага чалавека.
Я проста не магла зразумець гэтай несправядлівасці, таму што лагічна, вось: мы ў Літве вучыліся ў школе па правах чалавека, і ў Літве ўсе размаўлялі па-літоўску, у Расіі па-руску ўсе размаўляюць, у Польшчы — па-польску, і я заўсёды думала: што з намі не так? Вырашыла ў гэтым разабрацца і зразумела, што нашу мову і ідэнтычнасць нішчылі гвалтоўна і мэтанакіравана — знішчалі людзей, часам нават фізічна, палілі кнігі. Гэта была і ёсць вайна культур, і мы, беларусы, у ёй прайграем.
Разумеючы ўсё гэта, я пачала рабіць культурныя імпрэзы, арганізоўваць канцэрты на беларускай мове, літаратурныя сустрэчы ў Слуцку. Пасля я пераехала вучыцца ў Мінск і працягнула гэтую дзейнасць там — арганізоўвала шматлікія кампаніі па ўшанаванні памяці, кінапрагляды па-беларуску, розныя творчыя івэнты. І, робячы ўсё гэта, я адчула патрэбу быць сабой у сваёй краіне і перайшла на беларускую мову. Калі гэта адбылося, я зразумела, што ў Беларусі немагчыма свабодна карыстацца роднай мовай. З таго часу і пачалося маё змаганне.
Аліна Нагорная. Фота Рыгора Сапежынскага
— Як людзі рэагавалі вакол, калі вы пачалі размаўляць па-беларуску?
— Гадоў дзесяць назад я цалкам перайшла на беларускую мову. Шчыра сказаць, па-рознаму рэагавалі. Калі я пачала размаўляць усюды па-беларуску, трошку баялася рэакцыі людзей, асабліва блізкіх, тых, каго ведала, калі яшчэ размаўляла па-руску. І заўжды страшна, што рэакцыя блізкага чалавека можа быць, як у маёй кніжцы «Мова 404»: «Што гэта за выпендрёж, што ты пачаў размаўляць па-беларуску?». Вядома, такое ад роднага чалавека пачуць вельмі балюча. Мяне асабіста неяк абмінула, вядома, са мной здараліся ўсе гэтыя дзіўныя гісторыі з гарбатай, цытрынамі і іншыя цікавосткі, але блізкія мяне не пакрыўдзілі з прычыны мовы. Аднак адзначу, што нашмат лягчэй было размаўляць па-беларуску з новымі людзьмі, якіх дагэтуль не ведала.
— Вы выхоўваеце дваіх дзяцей па-беларуску. Чаму гэта для вас важна?
— Я лічу, што вельмі важна выхоўваць дзяцей па-беларуску, таму што гэта дае глебу пад нагамі.
Трэба, каб дзіцёнак разумеў, хто ён, ведаў гісторыю свайго народа, размаўляў на роднай мове. Гэта і ёсць тая глеба, а мэта расійскай агрэсіі — выбіць з-пад нас і нашых дзяцей гэтую глебу, вынішчаючы нашу мову і культуру. Таму што з людзей без каранёў можна зрабіць каго заўгодна — рускіх, палякаў, яшчэ кагось. Мы геаграфічна жывём у вельмі небяспечным месцы, і нам нават для нашай бяспекі і будучыні важна мець гэты грунт пад нагамі, каб нас не знішчылі.
Мова — гэта рэч, якая вельмі моцна яднае. Мова — гэта тое, што нас адрознівае ад іншых, і дзеці гэта вельмі добра разумеюць. Вось, напрыклад, мае дзеці разумеюць: гэта людзі, якія размаўляюць па-літоўску, — яны літоўцы; вось дзеці, якія размаўляюць па-ўкраінску, — яны ўкраінцы; а яны размаўляюць па-беларуску, і яны беларусы. Лічу, што бацькам неабходна даць дзецям гэты моўны грунт, які дапаможа ім у самавызначэнні.
Аліна Нагорная з дзецьмі. Фота: Паліна Махані
— Аліна, вы працуеце ўжо над другой дзіцячай кнігай. Раскажыце, як узнікла жаданне пісаць для дзяцей, і пра што ваша першая кніжка?
— Жаданне пісаць дзіцячыя кнігі ўзнікла натуральна, таму што ў мяне ёсць дзеці, і я люблю камунікаваць са светам праз напісанне тэкстаў. Мне захацелася распавесці дзецям пра свой родны горад — Слуцк, і зрабіць гэта цікава і прыгожа, з ілюстрацыямі і цікавосткамі. Таму я напісала сваю першую дзіцячую кнігу пра Слуцк. Наш горад у большасці людзей асацыюецца выключна са слуцкімі паясамі, а мне захацелася распавесці, што менавіта ў Слуцку паўстала першая гімназія, што з гэтага горада паходзіў Васіль Вітка, што ў Слуцку быў свой гатунак грушы, які называўся «Бэра».
Мая мэта была, каб людзі, якія жывуць у Слуцку, змаглі сваім дзецям пра ўсё гэта расказаць, ці каб дзеці мелі магчымасць пра гэта прачытаць. Гэтую кнігу можна бясплатна знайсці анлайн і пападарожнічаць па Слуцку.
— Ці не сакрэт, пра што будзе другая кніга для дзяцей?
— Не сакрэт. Я задумала стварыць беларускую нацыянальную азбуку, дзе кожная літара алфабэту будзе тлумачыцца словам пра Беларусь. Пасля да ўсяго гэтага я вырашыла дадаць тэксты, і атрымалася, што зараз я пішу беларускі лемантар. Гэты праект падтрыманы праграмай ArtPower Belarus і фінансуецца Еўрапейскім Cаюзам. Ён будзе класны — на кожнай старонцы слова, маленькі тэкст пра гэтае слова, пытанне да дзіцяці і інтэрактыўнае заданне. Я ўжо набліжаюся да фінішу ў гэтай працы.
— Як вы думаеце, што могуць зрабіць сучасныя беларусы ўнутры краіны для захавання беларускай мовы?
— Па-першае, калі ёсць грошы, фінансава падтрымліваць тое, што ладзіцца па-беларуску: купляць беларускія кнігі, хадзіць у беларускамоўныя кавярні, на пляцоўкі, данаціць на тое, каб ствараліся беларускамоўныя мульцікі.
Можна недзе трошку лакальна дамагацца беларускай мовы. Напрыклад, у Беларусі ёсць закон, што калі ты гэтага патрабуеш, пры аказанні паслуг табе павінны адказваць па-беларуску. То-бок табе кажуць па-руску, а ты акуратна просіш, каб табе адказалі па-беларуску. Але акуратна, не так, як мы гэта рабілі сотнямі, тысячамі зваротаў, бо на гэта вельмі звяртаюць увагу. Але калі гэта будуць адзін-два звароты, то, думаю, праблем не ўзнікне.
Але я таксама лічу, што мне з-за мяжы не вельмі дарэчна даваць парады тым, хто застаецца ў Беларусі, — кожны сам ацэньвае свае рызыкі. У Беларусі мы былі пад вялікай пагрозай, бо абаранялі беларускую мову, там, дзе яна з’яўляецца дзяржаўнай. Гэта ўвогуле нейкі сюр, і заклікаць іншых людзей рабіць тое, што рабілі мы, канешне, я не стану. Але вось нешта падтрымаць беларускае, пачытаць ці проста пагутарыць па-беларуску — гэта, канешне, вельмі важна.
— Аліна, распавядзіце пра сваю кнігу «Мова 404».
— Зараз у супрацы з выдавецкай ініцыятывай ByProsvet рыхтуецца трэцяе выданне маёй кнігі «Мова 404». Там з’явіцца каля дваццаці новых гісторый, трошку зменіцца фармат, магчыма, зменяцца ілюстрацыі, і сто працэнтаў будзе новая вокладка. З’явілася такая ідэя перавыдаць кнігу, і я гэтаму вельмі радуюся, бо праблема не знікае.
Кніга "Мова 404". Фота Сяргея Гудзіліна
Лічу, што пра правы беларускай мовы і пра тыя праблемы, з якімі сутыкаюцца беларускамоўныя людзі, трэба казаць як мага гучней, і ў мяне дзякуючы «Мове 404» ёсць такая магчымасць.
Кніга перавыдаецца на беларускай мове, але па-ранейшаму можна прачытаць анлайн англійскую і рускую версіі гэтай кнігі.
Аліна Нагорная з кнігай "Мова 404". Фота Сяргея Гудзіліна
— Што змянілася ў Беларусі за апошні час у дачыненні да беларускай мовы?
— Тут можна казаць па-рознаму, але дыскрымінацыі менш не становіцца.
Калі паглядзім на графікі пра адукацыю па-беларуску ў садках, у школах, — яна падае ўніз, але разам з тым людзі пераходзяць на беларускую мову больш. Гэта вельмі цікава.
Выдавецтвам не даюць незалежныя кнігі выдаваць па-беларуску, гэта вельмі сур’ёзная дыскрымінацыя. Беларускія пляцоўкі, бізнесы, якія маюць назвы па-беларуску, не так даўно мелі з-за гэтага праблемы.
Карацей, ёсць вось гэта вайна з мовай з боку ўладаў, яна ёсць, але разам з тым людзі ўсё адно карыстаюцца мовай, і гэта вельмі натхняльна.
І мне б хацелася, каб людзі ў Беларусі неяк усвядомілі значнасць і ролю беларускай мовы ў першую чаргу для сябе, для свайго жыцця, для сваіх нашчадкаў.
— Ці адчулі вы, што пасля 2020 года значна больш людзей стала карыстацца беларускай мовай?
— Так. Я гэта адчула, але гэта ж не даследавана — можа, проста людзі сталі лепш карыстацца сацсеткамі, а можа, сапраўды так. Але паветра з’явілася. І асабліва пасля 2022 года, калі свет абляцелі фотаздымкі, як расійскія войскі заходзяць ва Украіну і мяняюць шыльду з украінамоўнай на рускамоўную. Вось гэта фота — проста яскравая ілюстрацыя пра ролю мовы. Мне здаецца, што пасля поўнамаштабнага ўварвання яшчэ больш людзей зацікавіліся беларускай мовай.
Аліна Нагорная. Фота Таццяны Уласенка
— Ці можна сказаць, што самі беларусы дыскрымінуюць беларускую мову?
— Я лічу, што нават калі беларусы дыскрымінуюць беларускую мову, то гэта не таму, што яны самі хочуць яе дыскрымінаваць, а таму, што гэта вынік палітыкі русіфікацыі, якая праз пакаленні дзейнічала. І ўсё, што было прыдумана пра «калгасную» мову, спецыяльна прыдумвалася і насаджалася, таму што ў вёсках жывая мова заставалася, а гарады актыўна русіфікавалі, таму прыдумана была такая рэч, каб мову вынішчыць нават і з вёсак.
Беларус можа дыскрымінаваць іншага беларускамоўнага чалавека або парушаць закон (не аказваць паслугу на беларускай мове, Закон аб мовах, пункт 3), проста таму, што яны не ведаюць закона, не разумеюць, што ёсць правы, што ёсць дзяржаўная мова. У нас у краіне няма прававой адукацыі, мала гаворыцца пра правы чалавека. У нас глеба пад нагамі вынішчалася доўга і мэтанакіравана, і гэта мае свае наступствы. Насамрэч не так проста ў звычайным беларускім жыцці, калі ты працуеш шмат, а ўзровень жыцця ў Беларусі не вельмі добры, — вельмі складана ва ўсім гэтым знайсці час і разабрацца ў моўных пытаннях.
То-бок вінаваціць людзей у гэтым нельга, трэба вінаваціць дзяржаву, якая стварыла такія ўмовы, што ў нашай краіне русіфікацыя, вялікая колькасць суіцыдаў і алкагалізм, што людзі не могуць проста прыйсці да сябе і падумаць пра гэта
— Дайце параду тым беларусам, якія хочуць перайсці на беларускую мову і баяцца. Што ім рабіць?
— Магу параіць толькі са свайго досведу — я, напрыклад, баялася, што буду гаварыць няправільна, што мяне ўвесь час будуць выпраўляць. Трэба проста зразумець, што без практыкі не будзе выніку, і паставіцца да гэтага як да навучання. Не баяцца сказаць іншым, больш вопытным: чуеце памылку — папраўляйце, калі ласка.
Калі чалавек баіцца рэакцыі іншых людзей — раю пераходзіць на мову паступова, напрыклад, пачаць з пераводу сацсетак на беларускую мову, пачаць з некім адным гаварыць па-беларуску і паступова пашыраць кола. Я прыняла рашэнне размаўляць па-беларуску і паступова пачала пераходзіць на мову. Паставіцца да гэтага як да эксперыменту — пазнавання сваёй краіны, сябе, культуры — і ісці наперад.
Наста Пабягунская, Budzma.org
Фотаздымкі прадастаўлены суразмоўцай