Калі ў мяне будзе сваё выдавецтва, назаву яго «Экстрэмісцкая літаратура». З добрай традыцыяй: высылаць поштай сігнальны асобнік адразу ў суд Заводскага раёна г. Мінска. Каб там хочаш не хочаш, а прачыталі і дадалі ў свой спіс. А каго ім яшчэ чытаць — Чаргінца?
Спіс экстрэмізму папоўніўся ў чарговы раз: кнігамі Шушкевіча, цытатамі Алексіевіч, вершамі Геніюш, тэзісамі Пазняка і «Вольнай Беларусі». Суд Заводскага раёна, напэўна, самы чытаючы суд у свеце ў плане мастацкай і дакументальнай літаратуры. Можна за іх парадавацца.

Крыніца: svaboda.org
Навошта ім гэта ўсё? Не Алексіевіч і Пазняку, а Суду Заводскага раёна? Няўжо Вячоркавы «прыназоўнікі» могуць справакаваць у Беларусі рэвалюцыю? Няўжо «Праграма канстытуцыйных пераўтварэнняў» Пастухова павядзе кагосьці на барыкады ці прымусіць «муціць» у гаражы кактэйлі Молатава?..
Канешне, не. Наадварот.
Доўгія гады ўладам было выгодна, калі энергія пасіянарнай меншасці вылівалася ў гуманітарна-філалагічную сферу. У кнігі. У аўтограф-сесіі. У беларускія дыктоўкі. Гэта і было дазволенае вальнадумства і «нацыяналізм» часоў ранняга і высокага лукашызму. У камуфляжы бегаць па лясах — нельга. Па праспекце — тым больш. А кніжкі — на здароўе.
Упэўнены, што розныя там аналітычныя групы ўзважвалі і прыкідвалі, куды можна скіраваць энергію пасіянарыяў. Калі пратэсты нельга расстрэльваць — іх можна скіроўваць. Туды, дзе няма відавочнага слова «палітыка». Атрымаўся стракаты спіс: урбанізм, журналістыка, НДА, роварны рух, музыка, народныя танцы, прыборкі смецця, летнікі ў Крэве, а таксама — кніжнасць.
Што ж пайшло не так, і чаму сёння экстрэмізм — гэта і кнігі, і ровары, і нават назіранне за птушкамі? Змяніліся не кнігі. Змяніўся — рэжым. Змяніліся квартальныя нарматывы па вынесеных прысудах у судзе Заводскага раёна г. Мінска.

Выява згенеравана нейрасеткай
Чым розніцца аўтарытарызм ад таталітарызму? Аўтарытарызм нікога нікуды не кліча, не мабілізуе. Грамадства мае заставацца інертным і займацца сваімі справамі: домам, сям’ёй, крэдытамі. Дзяржава сваёй: палітыкай.
Аўтарытарнае грамадства — маўклівае. Адным — «чарка і шкварка». Іншым — Купала і Колас. Абы ў палітыку не лезлі.
Таталітарызм — іншая матэрыя. Тут грамадства мае быць мабілізаваным. Нельга заставацца ў баку. Нельга быць абыякавым. Нельга маўчаць. Дзяржава, па-ранейшаму займаецца палітыкай. Толькі што палітыка гэтым разам ахоплівае ўсё: дом, сям’ю, крэдыты, чарку і шкварку, Купалу і Коласа. Нічога па-за палітыкай — няма.
У таталітарнай сітуацыі не застаецца месца ніякай пазадзяржаўнай актыўнасці ў фармаце «выпусціць пар» з грамадства. Увесь пар з катла павінен ісці ў цыліндры і ціснуць на поршні, каб колы паравоза круціліся. Таму менавіта да 2020-га кнігі Алексіевіч можна было купіць на праспекце ў Мінску. Зараз — іх нельга нават захоўваць.
Спецыфіка беларускага «таталітарызму» ў тым, што замяняць экстрэмісцкі кантэнт — няма чым. У сталінскай сістэме ўсё выглядала лагічна: на месцы забароненых кніжак Бухарына і Радэка станавіліся тамы Астроўскага, Горкага, Фурманава ці Эрэнбуга. Таму і не ўтваралася гуманітарнай пусткі: дзяржава клапацілася, каб яе запоўніць. Але ніякіх «эрэнбургаў» рэжым у Мінску так і не нарадзіў. Ды і наўрад ці народзіць.
Пустыя паліцы ў кнігарнях можна запоўніць хіба Чаргінцом і Карлюкевічам. Пытанне: хто гэта будзе чытаць?
Алесь Кіркевіч, Budzma.org
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org