Лявон Вольскі: «У Беларусі з культурай — поўны гамон»

«У сфэры культуры — усё, да чаго хоць крыху дакранулася дзяржава — усё нягегла, брыдка і проста кепска. Глядзіш — і робіцца сорамна». Лявон Вольскі разважае пра стан беларускай культуры, і, як ні дзіўна, нават знаходзіць у гэтай сітуацыі нешта добрае.

Liavon Voĺski
Лявон Вольскі

Горкая праўда

Давайце ўжо скажам праўду: у Беларусі з культурай — поўны гамон. Ну, вось проста поўны і канчатковы. І калі трэба будзе адбудоўваць новую дзяржаву, давядзецца ўсё пачынаць з нулявой адзнакі.

Улада прыклала шмат намаганьняў, каб дасягнуць гэтага нулявога (а часам і са знакам «мінус») узроўню — забараняла музыку, выяўленчае мастацтва, літаратуру, тэатр, кіно. Забараняла ўсё, што падавала надзею і ня ўпісвалася ў звыклыя для заімшэлых чыноўнікаў агратрэшавыя межы. І адначасова культывавала тупыя, нецікавыя, несучасныя калямастацкія вырабы — «патрыятычныя песьні», якія ніхто ніколі ня слухаў, «правільную» літаратуру ад праўладнага саюзу пісьменьнікаў, якую ніхто ніколі не чытаў і чытаць ня будзе, бяздарна скляпаныя прапагандысцкія фільмы, спэктаклі і карціны...

У сфэры культуры — усё, да чаго хоць крыху дакранулася дзяржава — усё нягегла, брыдка і проста кепска. Глядзіш — і робіцца сорамна.

Архітэктура

Палац незалежнасьці — нібыта перанесены з Пхэньяну, Вярхоўны суд, што ўтыкнулі пасярод водна-зялёнага пэрымэтру, якім раней ганарыліся менскія архітэктары, дом Чыжа, бізнэс-цэнтр братоў Карычаў і шмат іншых дзікіх архітэктурных праектаў, якія невядома якім чынам прайшлі шэрагі афіцыйных дзяржаўных узгадненьняў і матэрыялізаваліся ў цэнтры беларускае сталіцы...

Музыка

Ёсьць парачка прыдворных кампазытараў-паэтаў, якая кляпае ідэалягічна вывераныя песьні. Творы гэтыя — шэрыя, незапамінальныя і бяздарныя. Таму народ з падлеткавых гадоў звыкла слухае расейскую пап-музыку. 

Цяпер зьявіліся новыя «зоркі» суседняе эстрады, творчасьць якіх масава спажывае беларускі народ. І на «сьвятах гарадоў» па ўсёй Беларусі гэтыя «зоркі» актыўна адкрываюць раты пад плэйбэк да радасьці хлопчыкаў і дзяўчынак, якія танчаць і падпяваюць завучаныя няхітрыя словы ўсходніх хітоў. 

А сур’ёзная музыка? Музычная акадэмія ж, відаць, штогод выпускае пэўную колькасьць маладых кампазытараў? Дзе ж яны? Чаму мы ня чуем іхныя геніяльныя творы ў філярмоніях ды опэрных тэатрах? Таму што іх няма. Няма гэтых таленавітых сымфоніяў, кантатаў ды араторыяў, напісаных творцамі з крышталёва чыстай (у разуменьні РБшнага рэжыму) біяграфіяй.

Кіно

За ўсе трыццаць з гакам гадоў панаваньня аўтакратыі час ад часу рабіліся спробы зьняць мастацкі фільм. Нягледзячы на тое, што на галоўныя ролі традыцыйна запрашаліся расейскія (а аднаго разу — нават амэрыканскі) акторы, фільмы ня мелі посьпеху. Пазганялі публіку на прэм’ерныя паказы, паказалі ў навінах, на гэтым уся гісторыя й скончылася. І прыяжджаў генэральны жрэц на «Беларусьфільм», і рабіў там чарговы разнос — не дапамагло.

Літаратура

За савецкім часам, каб уступіць у саюз пісьменьнікаў, трэба было прайсьці жорсткі адбор. Камісія з мастадонтаў-літаратараў, наяўнасьць публікацыяў — усё сур’ёзна. Таму некалькі сотняў графаманаў мелі пякучую крыўду на тагачасны саюз — маўляў, іх не прынялі, бо там у саюзе «міжсабойчык», дзе ўсё загадзя расьпісанае. І яшчэ адна вэрсія — «не прынялі, бо пішу па-расейску, а саюз пісьменьнікаў — нацыяналістычнае кубло». І вось, калі ўлады запачаткавалі новы, дзяржаўны, саюз, усіх тых недарэкаў-графаманаў, пераважна, расейскамоўных, дружна ў яго прынялі. 

Што яны пішуць — ніхто ня ведае, бо цяпер, наагул, людзі мала чытаюць, і гэтая зьява амаль немагчымая — каб нехта пайшоў у кнігарню і набыў наўздагад кнігу прозы пад назваю «Отчизны тёплый уголок» аўтарства якога Івана Праскурдзяева. Хіба вымушана хтосьці возьме ў турэмнай (вайсковай) бібліятэцы і прачытае пару абзацаў, каб потым навечна занесьці Праскурдзяева ў чорны сьпіс.

Выяўленчае мастацтва

Авангард, розныя сучасныя плыні і адгалінаваньні чыноўнікі традыцыйна ня любяць. Бо там, за ўсімі гэтымі калякамі-малякамі, паўценямі і паўтанамі можа хавацца наўпроставая абраза гонару-годнасьці самі ведаеце каго і зьнявага дзяржаўнага ладу. Тым болей, што шмат хто з мастакоў падтрымаў народныя хваляваньні ў 2020-м, таму выстаўляць можна толькі правераных. А гэтыя правераныя — альбо бяздарныя, альбо нудныя. Альбо і першае, і другое — два ў адным.

Голае поле

Maliunak Liavona Voĺskaha
Малюнак Лявона Вольскага

І так — дзе ні капнІ, куды ня плюнь! Як толькі нешта зьвязанае з культурай — гамон! Гарадзкая скульптура (дастаткова прыгадаць узяцьце асобна ўзятага райхстагу ў Магілёве!), ФМ-станцыі (адна ад адной нічым не адрозьніваюцца, і на ўсіх пануе чорны сьпіс), караоке, вулічная музыка, арганізацыя дзяржаўных сьвятаў, фэстываляў, аздабленьне гарадоў падчас гэтых сьвятаў — усё-усё-усё! У лепшым выпадку будзе агратрэш (прынамсі, усё ў адным стылі). 

Горай за ўсё — тое, што людзі прызвычайваюцца да гэтага тла свайго існаваньня, ім нават тое-сёе зь цягам часу пачынае падабацца! А падлеткі — дык, наагул, нічога іншага ня бачылі, расьлі й гадаваліся сярод гэтае ўсяе жудасьці й лічаць яе нармальнай.

Але добра тое, што нічога ня трэба будзе ламаць і перабудоўваць. Ну, хіба зьнесьці некалькі асабліва пачварных будынкаў. А ў астатнім — за доўгія дзесяцігодзьдзі панаваньня аўтакратыі ў РБ у сфэры культуры ня створана нічога хоць збольшага вартага, пра што можна было б спрачацца: ці пакідаць гэта нашчадкам? Ні-чо-га! Проста голае поле.

Яго й пачнем забудоўваць.


Лявон Вольскі, Budzma.org

*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org