Чарговае даследаванне «Беларуская нацыянальная ідэнтычнасць у 2022 годзе» вызначае пяць груп, якія па-рознаму бачаць нацыянальныя каштоўнасці.
Анлайн-апытанне было праведзена ў жніўні-верасні, у ім удзельнічалі 1279 гараджан — жыхароў Беларусі. Рэспандэнтам задаваліся пытанні, якія тычацца нацыянальнай ідэнтычнасці, палітычных працэсаў у Беларусі, стаўлення да цяперашняй вайны Расіі з Украінай, геапалітычнага выбару і інш. Цалкам з вынікамі апытання можна азнаёміцца тут, а ў размове з парталам Budzma.org аўтар даследавання, сацыёлаг Філіп Біканаў, тлумачыць некаторыя найбольш заўважныя яго вынікі.
Філіп Біканаў (фота з асабістага архіву)
Паводле даследчыкаў, вялікая частка беларускага грамадства знаходзіцца на ростанях ідэнтыфікацыі, а нацыянальныя праект моцна завязаны на сацыяльна-палітычны і каштоўнасны канфлікт у грамадстве. Сярод беларусаў пераважвае падтрымка нейтралітэту. З улікам скіраванасці беларускага рэжыму і знешнепалітычнай дынамікі, раскол у грамадстве будзе паглыбляцца.
Даследчыкі дзеляць, паводле апытання, цяперашняе беларускае грамадства на наступныя сегменты: «Свядомыя» (14%), «Савецкія» (29%), «Тыя, хто фармуецца» (39%), «Абыякавыя» (13%) і «Русіфікаваныя» (4%).
Паводле Філіпа Біканава, вынікі даследавання «больш-менш чаканыя, бо не першы дзень мы гэты падзел назіраем, даследаванні нацыянальнай ідэнтычнасці робім таксама ўжо не першы год». «І вось цяпер атрымалася больш-менш скласці гіпотэзу пра існаванне вось гэтага ідэнтычнаснага падзелу ў грамадстве — пра некалькі варыянтаў беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці і пра тое, як можна інтэрпрэтаваць погляды людзей, якіх не далучыць яскрава выражана да таго ці іншага варыянту».
«Свядомыя» — выступаюць за максімальнае развіццё беларускай мовы, маюць праеўрапейскія погляды; «Савецкія» — настальгуюць па СССР, дэманструюць погляды і каштоўнасці тых часоў, але падтрымліваюць развіццё нацыянальнай самасвядомасці; «Тыя, хто фармуецца» — не вызначыліся ў сваёй пазіцыі; «Абыякавыя» — не надаюць пытанням нацыянальнасці амаль ніякай увагі; «Русіфікаваныя» — праціўнікі развіцця беларускай мовы і культуры, самыя прарасейскія.
На першы погляд, самы вялікі сегмент у 39% — «тыя, хто фармуюцца» — можа стаць базай для папаўнення іншых, полюсных праектаў.
«Увогуле, не варта казаць пра падзел кшталту „добры полюс“ ці „кепскі полюс“. Гэта складана, канечне, калі вайна ідзе, але трэба хаця б спрабаваць думаць, што няма больш добрых, ці больш кепскіх людзей, яны проста розныя — адзін сегмент больш асацыяваны, напрыклад, с падтрымкай Расіі, другі — з падтрымкай вайны і г.д. Але ўсе па-свойму хварэюць за тую Беларусь, у якую вераць, — кажа Філіп Біканаў. — Наконт таго, хто ёсць рэзервуарам для папаўнення нацыянальных праектаў... Сегменту „тыя, хто фармуюцца“ ўласцівыя рысы некалькіх сегментаў: тут і любоў да беларускай культуры, але і не такое, каб кепскае стаўленне да савецкага мінулага і да Расіі. Гэтыя людзі, прынамсі мы так лічым, гэта прадукт беларускай сістэмы, беларускай дзяржавы, якая хоць і больш арыентаваная на тое, каб вось гэтую савецка-расейскую ідэнтычнасць падтрымліваць, але ўсё ж такі дэкларавалі і каштоўнасць незалежнасці. Не ўпэнены, што гэта крыніца падтрымкі іншых. Пры гэтым, у 2020 годзе багата людзей з гэтага сегменту падтрымлівалі пратэсты, удзельнічалі ў іх, багата — не. Удзел у супрацьстаянні — гэта не пытанне ідэнтычнаснага выбару, на маю думку».
Пры гэтым, як кажа Філіп Біканаў, інфармацыйныя ўпадабанні сегменту «тых, хто фармуецца» знаходзяцца большай часткай у расейскай інфармацыйнай прасторы: «НТВ-Беларусь» любяць глядзець, АНТ таксама, «Яндекс» для іх адна з крыніц інфармацыі. Усё, як у сегмента «савецкія», толькі замест РТР «Онлайнер» у іхным топ-5 — толькі гэта адрознівае. Трэба прызнаць, што інфармацыйнае поле ў Беларусі даволі русіфікаванае, не проста рускамоўнае, што расейская медыйная павестка пануе сярод беларусаў».
Паводле вынікаў даследавання, 41% рэспандэнтаў не падтрымліваюць у вайне ні Расію, ні Украіну, 39% — за Расію, толькі 20% падтрымліваюць Украіну.
«Чаму так? Гэта вытворнае ад той агульнай падтрымкі Раіі. Мы бачым, што гэтая падтрымка не прагматычная, а базуецца на блізкіх да ірацыянальнага рэчах — пачуццё еднасці з расейцамі, што мы вось брацкі народ, што мы заўжды былі разам і павінны быць. Гэта ўсё яшчэ звязана і з медыяспажываннем, з уплывам яшчэ савецкага трэнда, маўляў, вось Масква — цэнтр, а астатнія — вакол цэнтра. Таму Украіна і ўспрымаецца як нешта, што расколвае сітуацыю. Ды і беларуская дзяржава 30 год працягвала вышэйзгаданы трэнд наконт агульнаславянскай трыадзінай сям’і і г.д.», — тлумачыць Філіп Біканаў.
Пры гэтым, паводле сацыёлага, падтрымка трэнду наконт «трыадзінасці» etc, не з’яўляецца канстантай, «вельмі значнае зніжэнне гэтай пазіцыі — на 10% — прыйшлося на перыяд з 2020-га па 2021 год, перыяд тэктанічных зрухаў у грамадстве, а вось у даследаваннях 2021-2022 гадах такіх зменаў не фіксуем».
Сацыёлаг не прагназуе сур’езных зменаў структуры беларускага грамадства ў бліжэйшыя часы, «думаю, вайна ўжо дужа добра ўбудавалася ў гэтую існуючую структуру беларускай дыхатаміі, якую мы мелі, па палітычных матывах, перш за ўсё». «Вайна ўбудавалася ў структуру грамадства, то бок людзі, якія схільныя падтрымліваць Лукашэнку — яны таксама больш схільныя падтрымліваць Расію ў вайне, і наадварот. Тут аніякіх сюрпрызаў, — кажа сацыёлаг. — Змены магчымыя пра рэгіянальных зрухах. У самой жа Беларусі, мне здаецца, патэнцыял да зменаў ёсць, але ўсё цалкам забіта міліцэйскімі дручкамі і закатана ў асфальт. Таму без знешніх шокаў для беларускай сістэмы нічога не пачнецца».
Дадзеныя даследавання. Адказ на пытанне: «З Вашага пункту гледжяння, тыповы беларус - які ён? Паспрабуйце апісаць трыма прыметнінкамі»
Як заўважае Філіп Біканаў, найбліжэйшае, што чакае частку беларускага грамадства, тую, якую ўмоўна сацыёлаг называе «свядомыя», гэта кадыфікацыя праяў беларускай ідэнтычнасці ў публічнай прасторы.
«Гэты наратыў, які можна назваць нацыянальна-адраджэнскім, рамантычна-нацыянальным — ужо па-за законам у Беларусі. Гэтым 15% грамадства нялёгка, супраць іх дзяржапарат, шмат суайчыннікаў таксама іх не разумее — яны будуць змушаныя неяк кадыфікаваць праявы сваёй ідэнтычнасці, сваёй самасці. Сама ідэнтычнасць не знікне — дручком не выб’еш любоў да беларускасці, але як будуць выглядаць праявы гэтай ідэнтачнасці ў такой Беларусі, якую мы маем цяпер, гэта пытанне».
Паводле Філіпа Біканава даследаванні нацыянальнай ідэнтычнасці будуць працягнутыя і ў наступныя гады.
Рыгор Сапежынскі, budzma.org