Гатуем з «Будзьма»! Новы відэапраект ад нашай кампаніі. Кожную раніцу суботы мы будзем паказваць вам хуткі відэарэцэпт смачнай беларускай стравы, якую лёгка згатаваць, а для вашых блізкіх яна стане смачным сюрпрызам выхаднога дня.
Гісторыя бліноў налічвае тысячы год. Яны былі першай стравай, якую людзі пачалі гатаваць пасля таго, як навучыліся рабіць муку. Яшчэ ў дахрысціянскі перыяд амаль у кожным доме гаспадыні мелі муку і ваду ды ўмелі рыхтаваць цеста. З цеста тады пяклі пышныя ляпёшкі ці блінцы.
Кожная краіна мае свае варыянты прыгатавання і ўжывання бліноў. На Захадзе — панкейкі, маленькія і пышныя аладкі, якія падаюць з салодкім соусам. Краіны Паўночнай Амерыкі пякуць бліны з кукурузнай мукі і ядуць іх з кіслымі ці вострымі запраўкамі. Азіяты робяць бліны з рысавай мукі ды заварочваюць у іх розныя начынні.
У беларускай традыцыі бліны — хіба адна з самых старажытных страваў, якую выкарыстоўвалі нават у часы язычніцтва, і не заўсёды як страву, але і як элемент культу. У хрысціянскія часы на «Дзяды» ці «Каляды» бліны былі абавязковай стравай на стале, імі сімвалічна частавалі продкаў. Бо блін — гэта збожжа, а збожжа атрымлівалі дзякуючы малітве сваім продкам — дзядам.
Для беларусаў бліны заўсёды былі традыцыйнай стравай, але есці іх было смачней з чымсьці.
Для бліноў шмат не трэба — нашыя продкі рабілі муку з любой збожжавай культуры. Да нас жа дайшла версія бліноў з пшанічнай мукі. Але есці бліны асобна не так смачна, таму нашыя продкі прыдумалі розныя дадаткі, кажучы сучасным слэнгам — топінгі.
Бліны елі са смажаным яйком, шкваркамі і цыбуляй, са смятанай, але найбольш смачна — з мачанкай.
Беларуская мачанка, як італьянская піца, у яе можна дадаваць усё, што вам падабаецца, або што засталося ў вашай лядоўні: сала, каўбасу, рэбры, фарш, грыбы, цыбулю, нават перцы з агарода.
Прадукты на 4 порцыі:
Для мачанкі:
1 вялікая цыбуліна
грыбы (любыя) — прыкладна 200 г
каўбаса ці сала — прыкладна 200-300 г
часнок — 1 зубчык
вяршкі — 1 кубак
соль, перац — па смаку
Для цеста:
малако — 300 мл
мука — 3 лыжкі
яйка — 1 шт
Каб прыгатаваць 4 порцыі бліноў з мачанкай, вам спатрэбіцца вялікая цыбуліна, грыбы. Яны могуць быць любыя, што прыдатныя да ежы, і ў любой колькасці. Мы выкарыстоўвалі шампіньёны, але ніхто не забараняе вам дадаць баравікоў ці падбярозавікаў. Мясны складнік можа быць з вясковай каўбасы і сала, але ніхто не пакрыўдзіцца, калі возьмеце смачную каўбаску і кавалачак вэнджанага бачка з крамы і акуратна іх нарэжаце. Колькі хочаце — столькі і кладзіце кожнага з інгрэдыентаў. Гэта ўсё па вашаму смаку і па магчымасці.
Затым трэба ўсё абсмажыць, дадаўшы дробна парэзаны часнок. Як усё прасмажылася — ідзем да соуса. Бярэм кубак вяршкоў, дадаем туды соль і перац па смаку. Перамешваем з вяршкамі і выліваем на патэльню. Мяшаем некалькі хвілінак, пакуль соус не стане густым.
Паралельна гатуем бліны. Для цеста нам спатрэбіцца 300 мл малака і тры лыжкі мукі (гэта на 4 добрыя блінчыкі), дадаем адно яйко, мяшаем цеста так доўга, пакуль яно не пачне нагадваць цягуцы сіроп, звычайна хапае трох хвілін. Правяраем, каб не было камякоў.
Прамазваем патэльню алеем і наліваем блінчык, калі ён прыпёкся, трэба перавярнуць на іншы бок. Гатовы блінчык кладзем на талерку і паліваем смачнай гарачай мачанкай.
Рэкамендуем есці блін з мачанкай упрыкуску з салёным агурком.
Смачна есці!
АМ, budzma.org