– Ды Скарыну выгадны канец свету! – закрычаў заяц. – Вось давай, шэры, мысліць лагічна…
Стуль як заяц перацягнуў мяне на працу ў сваё піяр-агенцтва – спакою няма. Вечна палемізуе. Трэба паставіць яго на месца і заадно высветліць, хто плануе канец свету ў 2012 годзе. ПК, ВКЛ, БНР і РБ ратаваць трэба.
Тым часам заяц не сціхаў:
– Факт першы: Скарына дзеля запалохвання насельніцтва першы пераклаў на беларускую мову Біблію з жахлівымі сцэнамі Апакаліпсісу.
– Ну, ведаеш, кожны можа перакласці што яму заманецца. Яны ж літаратары.
– Факт другі, – не сунімаўся заяц. – Каварны Скарына вышукаў сабе месцейка роўненька пасярод тысячагоддзя беларускай гісторыі, каб усё жорстка кантраляваць. Вось адымі ад 1517 года, года выдання скарынаўскага “Псалтыра”, пяцьсот гадоў!
– Згодны, вушасты, маем 1017 год, год майго меркаванага нараджэння. Усё тады і закруцілася: першая незалежнасць, першыя навалы…
– А цяпер да 1517 пяцьсот дадай, – прыпусціў далей заяц, – што маем?
– 2017… – няўцямна прамовіў я. – І што гэта за год такі?
– Як?! Гэта год канца беларускай гісторыі.
– Ага, зая, тут і няўвязачка, – кажу. – Канец свету ў 2012, а канец беларускай гісторыі ў 2017. Як такое можа быць?
– Ну, у 2017 адбудзецца тая лёсавая вечарынка з нагоды пяцігоддзя канца свету. Ну, на якой усе беларусы сапсаванымі дранікамі атруцяцца і памруць.
– Стоп-стоп… – засумняваўся я. – А чаму толькі беларусы павінныя ўвогуле перажыць канец свету?
Заяц ганарліва заўсміхаўся:
– Памятаеш, шэры, анекдот, што калі акупанты павесілі беларуса, расійца і ўкраінца, і па няхуткім часе прыйшлі да месца пакарання вызваліцелі, дык убачылі, што беларус яшчэ варушыцца ў пятлі. Тады вызваліцелі яго пытаюць: “Як так здарылася, што ты яшчэ жывы?” – “Ну, ведаеце, паночкі, – адказвае вызваліцелям беларус, – спярша было, канечне, пагана, а потым неяк павісеў, прыцярпеўся”.
– Ну, вядома, памятаю, – адказваю я. – Гэтую показку ў школе расказвалі.
– Дык вось, гэты анекдот прыдумала нашае з Баянам піяр-агенцтва. Наш самы першы заказ. Заказчык, сівы дзядок у даўгой белай кашулі, папрасіў метафарычна падбадзёрыць беларусаў перад будучымі выпрабаваннямі, намякнуць, што яны са сваёй трываласцю перажывуць нават канец свету. І сапраўды: кажуць, у пачатку канца свету будзе пагана: не будзе хапаць кіслароду, адусюль паваляцца горы, ашалеюць цунамі, але ўсе ў Беларусі неяк папрывыкнуць, прыцерпяцца і той канец перажывуць патроху…
– …Зразумела, а потым праз пяць гадоў усе яны паўміраюць на вечарынцы з нагоды пяцігоддзя канца свету, – дадаў я. – А потым наноў пачнецца гэтая каніцель з пачаткам цывілізацыі: зноў Адам і Ева, Каін і Авель, Ноеў каўчэг… Усё як заўсёды.
– Абсалютна так, – пацвердзіў заяц. – Але ў дадатак цяпер існуе аграмадная верагоднасць, што праз сваю трывушчасць нехта з беларусаў перажыве нават тое атручанне дранікамі на вечарынцы з нагоды пяцігоддзя канца свету, і першымі людзьмі будуць не габрэі, а беларусы…
– Вось, зая, тут і палягае праблема, – сказаў я. – Усё гэтае развіццё падзеяў з першым чалавекам-беларусам цудоўнае і шчаснае, але толькі не для Скарыны…
– Чаму?! Ён жа патрыёт…
– Бо, разумееш, верагодны пачатак цывілізацыі будзе такі самы, як старазапаветны, акрамя адной, маленькай, аднак істотнай дэталькі: Біблія будзе напісаная не на іўрыце, а па-беларуску.
– Ну і што?
– Дык калі Біблія будзе першапачаткова напісаная па-беларуску, дык нашто нам паслугі перакладчыка на гэтую мову?! – закрычаў я. – Вось і вынікае, што Скарыну як перакладчыку Бібліі на беларускую ну ніяк не выгадны беларускі сцэнар пачатку цывілізацыі, а значыць, не цешыць і канец старой. Яго ўсё задавальняе ў цяперашняй гісторыі: ён першы перакладчык Бібліі, першадрукар, першаасветнік…
– Шэры, ты геній, – пагадзіўся заяц. – Ну што ж, будзем шукаць ініцыятара канца свету далей…