Санкцыі, хутчэй за ўсё, будуць датычыцца калію, паведаміў чыноўнік на ўмовах ананімнасці. Калійныя ўгнаенні — асноўны экспарт Беларусі, які забяспечвае значную долю попыту еўрапейскіх краін. Акрамя гэтага, пад санкцыі можа трапіць «Белавія» — піша «Новы Час».
	
 
	 ЕС ужо працуе над тым, каб папоўніць санкцыйны спіс асобамі, якія мелі дачыненне да інцыдэнту з «Ryanair». Мяркуецца, што спіс будзе зацверджаны 21 чэрвеня.
	 Многае будзе залежаць ад характару санкцый. Напрыклад, калі беларускай калійнай прамысловасці абмяжуюць крэдыты ў еўрапейскіх банках, то гэта не будзе выклікаць асаблівых перашкод на рынку, бо Беларусь можа скарыстацца альтэрнатыўнымі крыніцамі фінансавання.
 
	 Аднак больш сур’ёзныя меры, напрыклад, забарона еўрапейскім кампаніям гандляваць з беларускімі вытворцамі калійных угнаенняў, будуць мець больш значныя наступствы.
 
	 Хутчэй за ўсё, у такім выпадку будзе назірацца кароткатэрміновы рост цэн на калій у Еўропе, бо Беларусь забяспечвае 25% попыту ЕС. Але ў еўрапейскіх краінах сітуацыя мусіць хутка нармалізавацца, бо недахоп змогуць запоўніць расійскія вытворцы накшталт «Уралкалія».
 
	 Для Беларусі наступствы будуць куды больш сур’ёзныя, бо «Беларуськалій» — адна з найбуйнейшых дзяржаўных кампаній і сусветны вытворца калійных угнаенняў, які забяспечвае значную частку экспартнай выручкі Беларусі.
 
                             
                            