Навошта нам БНФ праз 33 гады?

33 гады таму была заснаваная найбольш вядомая апазіцыйная партыя ў Беларусі — Беларускі Народны Фронт. Сам панятак «Бэнээфавец» — даўно перарос партыйныя рамкі. У партыі можна забраць рэгістрацыю, забараніць яе сімволіку, перасаджаць яе лідараў — а вось «бэнээфаўцы» — застануцца. Як так?

Kurapaty_1989_meeting.jpgМітынг Беларускага народнага фронта ва ўрочышчы Курапаты ў 1989 г. Фота з Вікіпедыі

Здаецца, што нам зараз з таго БНФ?.. Гэта гісторыя. «Залаты час» партыі мінуў. Час палітычных партый у Беларусі ў прынцыпе — у мінулым. Калі ў краіне ёсць толькі адзін палітык, то палітыка — сканчаецца. Няма поля, дзе яна адбываецца. Самі ж палітыкі сядзяць па турмах або ў выгнанні.

Зрэшты, якое поле ў Беларусі яшчэ не выпаленае? Мастацтва, бізнес, спорт, кнігавыданне... За што не вазьміся — выпаленае поле. Нават «бёрдвотчынг» — пад забаронай. Але калі мы прымаем іхныя забароны і прымерваем іх да сябе — то капітулюем. Калі слова «беларус» забароняць, дык што — выпішамся ўсе з беларусаў?.. Але давайце пра БНФ.

Не пра партыйны білет, а пра ідэалогію

У Беларусі, пачынаючы з 1990-х, ёсць два ідэалагічныя полюсы. Дзве партыі з ідэалогіяй: БНФ і КПБ. Таму тэрміны «бэнээфавец» і «камуніст» — гэта не пра партыйны білет, а пра нешта большае. Можаш быць беспартыйным, але калі выходзіш на 25 сакавіка перакрываць праспект — для мянтоў ты заўжды «бэнээфавец». А калі нясеш гваздзічкі да Леніна ці спяваеш «Эх, дороги...» на 9 мая — «камуніст».

Уся рэшта палітычнага поля — перыферыя. Сітуатыўныя саюзы. Вось Вы, напрыклад, памятаеце палітычную праграму АГП? Або — Партыі Зялёных? А можа, сацыял-дэмакратаў?.. За што яны? Аб чым яны?.. Роўна як і па той бок барыкадаў цяжка адрозніць прыхільніка ЛДПБ ад функцыянера «Белай Русі».

Чаму? Бо дыскусія між сацыял-дэмакратамі і зялёнымі пра колькасць працоўных месцаў або экалагічныя кодэксы — гэта другаснае. Першасныя пытанні — іншыя. Мы жывём у Беларусі, як у сваім доме ці — у статусе «кватарантаў»? Абіраем мірнае неба над галавой ці — вайсковыя авантуры Масквы? Шануем прыватную ўласнасць ці жывём па прынцыпе «адняць і падзяліць»? Гаворым на сваёй мове ці на «общепонятном языке»? Гэта — два полюсы. Выбар ладу жыцця.

Не палітычная праграма, а — законы гравітацыі

Беларускі Народны Фронт як партыю хавалі шмат разоў, пачынаючы з 1994 года. Хавалі пасля парламенцкага крызісу і ад’езду Пазняка. Пасля пратэстаў 1999-га і выбараў 2001-га. Пасля 2006-га і 2010-га... Партыя губляла пазіцыі. Не таму, што губляла давер выбаршчыка, а таму што палітыка ў нармальным разуменні ў Беларусі губляла сэнс. А вось сама палітычная супольнасць — на дзіва! — нікуды не знікала.

БНФ-03.jpgШэсце і мітынг 24 сакавіка 1996 у гонар 78 гадавіны абвяшчэння БНР. Фота Георгія Ліхтаровіча, vytoki.net

Чаму? Бо першасныя палітычныя задачы БНФ — дасюль актуальныя. І дасюль не выкананыя. Усё тое самае, пра што казалі на мітынгах 33 гады таму. Яно ўсё мае сэнс і сёння:

— Незалежнасць
— Дэмакратыя
— Рынкавая эканоміка
— Прыватная ўласнасць
— Свае мова і гісторыя
— Балта-Чарнаморскі звяз
— Расія — вораг, ад якога трэба адбудоўвацца

Гэта нават не палітычная праграма. Гэта — законы гравітацыі, якія працуюць у нашым рэгіёне. Правілы, якія даюць шанец народу і дзяржаве адстаяць сябе. Інакш — з’ядуць, цябе не будзе. Тыя, хто доўгія гады пасмейваўся з «бэнээфаўцаў», урэшце самі ўзялі гэтыя прынцыпы на ўзбраенне. Пасля 2014, пасля 2020, пасля 2022... Бо, як яшчэ?

БНФ-02.jpg

«Бэнээфаўцы ідуць!»

Уся гэтая гісторыя — зусім не пра Пазняка ці Кастусёва. На іх месца стануць іншыя. Бо БНФ — гэта партыя не «пад лідара», не «пад выбары», але — «пад ідэю». Час паказаў, што час гэтай ідэі — прыспеў. І як бы сябе ні называлі тыя, хто пойдзе пад гэтым сцягам, апаненты ўсё адно скажуць: «Бэнээфаўцы ідуць!».

Алесь Кіркевіч, Budzma.org