«Краіна», якая змяніла краіну

Сёлета ў траўні спаўняецца 50-гадоў ад моманту пачатку выхаду іспанскай газеты «El Pais», якая не толькі да непазнавальнасці змяніла медыйны ландшафт у краіне пасля смерці генерала Франка, але і ўратавала дэмакратыю, калі над ёй навісла сапраўдная пагроза зрынання. Расказваем неверагодную гісторыю гэтага выдання.

«El Pais»
 Перадавіца газеты «El Pais» са спецнумару


Перадгісторыя

Для таго, каб правільна разумець прычыны ўзнікнення «El Pais», трэба звярнуцца да гісторыі. Летам 1936 года ў Іспаніі адбыўся вайсковы пераварот, які неўзабаве падзяліў краіну напалам – адна часта падтрымлівала законныя ўлады, другая была на баку мяцежнікаў.

Традыцыйна ў гістарыяграфіі першых, хто быў на баку закона, называюць рэспубліканцамі або чырвонымі, а вайскоўцаў, якія ўласна і паднялі мяцеж – нацыяналістамі. У абодвух лагерах сабралася даволі стракатая кампанія – на баку Рэспублікі былі і лібералы, і дэмакраты, і сацыялісты, і камуністы, і анархісты. Замежныя добраахвотнікі, якія ехалі падтрымаць законныя ўлады ў Мадрыдзе, аб’ядноўваліся ў так званыя Інтэрнацыянальныя брыгады. Былі ў іх, дарэчы, і выхадцы з Беларусі або беларусы паводле паходжання.

У лагеры мяцежнікаў былі вайскоўцы, буйныя землеўласнікі, клерыкалы, фалангісты, карлісты – прыхільнікі манархіі, а таксама правыя рэспубліканцы і аматары жорсткай рукі рознага калібру ды поглядаў. На міжнароднай арэне іх падрымлівалі найперш Германія і Італія, якія давалі зброю і неабходных спецыялістаў.

Па першым часе здавалася, што рэспубліканцы могуць аднавіць кантроль над краінай, бо не толькі насельніцтва Іспаніі, але і ўвесь цывілізаваны свет быў на іх баку. Аднак з часам міжусобіцы, якія нярэдка заканчваліся збройнымі сутычкамі, недысцыплінаванасць і развязаны тэрор супраць апанентаў пахавалі гэтыя планы. Бо супраць іх была моцная і дысцыплінаваная вайсковая машына, якая хай сабе і пакрысе, але брала верх.

«Мы прайшлі!»

Увесну 1939 года так званыя «нацыянальныя войскі», якімі кіраваў генерал Франка, увайшлі ў Мадрыд. Будучы дыктатар радасна паведаміў па радыё: «Мы прайшлі!». Гэта быў відавочны здзек з павержаных апанентаў, якія ад пачатку грамадзянскай вайны ўзялі сабе ў якасці лозунга выраз «¡No pasarán!» — «Яны не пройдуць!»


Fransiska Franka
Франсіска Франка

Амаль адразу пасля ўсталявання вайсковай дыктатуры, якая не прадугледжвала нічога, акрамя абсалютнага падпарадкавання з боку насельніцтва, у краіне з новай сілай пачаўся тэрор з боку пераможцаў. Паводле сучасных даследчыкаў, ён быў хутчэй за ўсё прадуманы і спланаваны яшчэ ў час падрыхтоўкі да мецяжу. Падаўлялася, забаранялася і знішчалася ўсё, што было хаця б нейкім чынам звязана са зрынутай рэспублікай. Кожны, хто хаця б мінімальна быў заўважаны ў сімпатыях да рэспубліканскага руху, падвяргаўся пераследу. Краіна пагрузілася ў рэжым сну на доўгія 40 гадоў.

Дзякуючы хітрасці і ўменню своечасова рабіць манеўры, генерал Франка здолеў не ўвайсці ў Другую сусветную вайну напоўніцу. Іспанія абмежавалася пастаўкамі вальфраму і адпраўкай сваёй “Блакітнай дывізіі” на Усходні фронт, дзе яна была разбітая савецкімі войскамі. Гэтым крокам генерал-дыктатар зрабіў яшчэ адзін важны ход у сваёй “шматхадовачцы” – не толькі астудзіў гарачыя голавы з ліку франкістаў, якім мала было грамадзянскай вайны, але і падавіў унутраную апазіцыю ў межах «Фалангі» – адзінай легальнай палітычнай партыі, якая ім і кіравалася.

Час мяняць значкі

У лістападзе 1975 года Франсіска Франка пайшоў з жыцця. Згодна з яго запаветам, кіраванне краінай мусіў узяць Хуан Карлас – адмыслова дзеля гэтага яшчэ ў 1947 годзе Іспанія была зноўку абвешчана манархіяй, штопраўда без дзейнага караля.

Яшчэ з канца 1960-х гадоў было добра вядома, хто стане будучым каралём. Паводле дамоўленасцяў, Хуан Карлас мусіў працягваць «франкісцкую» лінію, толькі злёгку змяняючы палітычную сістэму, каб яна магла захоўваць устойлівасць. Але малады чалавек, які доўгі час жыў і вучыўся ў Партугаліі і Італіі, амаль адразу пачаў сапраўдныя рэформы, якія ўрэшце і прывялі Іспанію да дэмакратыі.

Парадаксальна, але добрымі саюзнікамі ў гэтай справе ў яго аказаліся … колішнія франкісты, якія і самі ўжо стаміліся за некалькі дзясяткаў гадоў ад паказной стэрыльнасці. Унутраная апазіцыя да «лініі партыі» была яшчэ пры жывым генерале, але вельмі слаба праяўляла сябе, паколькі добра ведала метады, якімі Франка вырашаў любыя праблемы – турма, выгнанне або расстрэльная сцяна.

Некаторыя колішнія паплечнікі генерала, нават з ліку фалангістаў, настолькі захопяцца рэформамі, што пачнуць перапісваць уласную біяграфію: зменяць цёмна-сінія кашулі сябраў Фалангі на дарагія гарнітуры і пачнуць удаваць з сябе рэспектабельных палітыкаў і эфектыўных менеджараў у справах кіравання дзяржавай.

Спроба перавароту

Адным з першых новаўвядзенняў, якое зведала постфранкаўская Іспанія – з’яўленне свабоднай прэсы. Літаральна праз паўгады пасля смерці дыктатара з’яўляецца газета «El País», якая была заснавана 4 траўня 1976 года, а неўзабаве стала адным з самых чытаных выданняў не толькі ў краіне, але і за яе межамі.

У чым сакрэт поспеху?

Першы рэдактар газеты Хуан Луіс Себрыян сабраў пад дахам рэдакцыі найбольш цікавых інтэлектуалаў таго часу, якія былі гатовыя даваць адказы чытачам на хвалюючыя пытанні і ўдзельнічаць у складаных дыскусіях. Амаль ад моманту заснавання газета асацыюецца з сацыялістычнай партыяй, але на яе старонках можа сустрэць самыя розныя меркаванні. Літаральна ад самага свайго з’яўлення газета вельмі крытычна і з’едліва ставілася да ўраду – крытыка прэм’ер-міністра Адольфа Суарэса ледзь не пераходзіла ў асабістую варажнечу.

Выданне змагалася за дэмакратыю і свабоду не толькі словамі, але і справай. Калі ў лютым 1981 года адбылася спроба дзяржаўнага перавароту з мэтай рэстаўрацыі франкісцкага рэжыму, газета заняла катэгарычную пазіцыю – адстаяць свабоду слова любым коштам. Бо стаўкі ў гэтай гульні былі вельмі высокімі – усё альбо нічога. А падзеі разгортваліся вельмі драматычна.

Бліжэй да сёмай вечара, 23 лютага, падчас таго, як парламентарыі збіраліся абіраць новага кіраўніка ўраду, у залу пасяджэнняў уварваліся ўзброеныя мяцежнікі. Кіраваў імі падпалкоўнік грамадзянскай гвардыі Антоніа Тэхера, які ўзняўшыся на трыбуну ў лепшых традыцыях амерыканскіх баевікоў таго часу, стрэліў у паветра з пісталета і загадаў дэпутатам легчы тварам у падлогу. Усё гэта паказвалі ў прамым эфіры па іспанскім тэлебачанні. Усяго ў захопе будынка ўдзельнічала каля 150 гвардзейцаў.


Padpalkoŭnik hramadzianskaj hvardyi Antonia Techiera
Падпалкоўнік грамадзянскай гвардыі Антоніа Тэхера

Фактычна парламентарыі аказаліся ў закладніках, а адмовіліся падпарадкоўвацца мяцежнікам толькі тры чалавекі – цяпер ужо былы старшыня ўраду Адольфа Суарэс, ягоны намеснік Гутэрэс Мелада і сакратар камуністычнай партыі Санцьяга Карылья. Пры чым двое з гэтай тройкі – колішнія паплечнікі Франка. Яшчэ пры жывым генерале Суарэс паспеў пабыць намеснікам генеральнага сакратара Іспанскай фалангі, то бок другім чалавекам у адзінай легальнай партыі. Мелада сам быў вайскоўцам – брыгадным генералам, які пачынаў сваю кар’еру ў пачатку 1930-х з вучэльні, дзе некалі выкладаў Франка. Стары вайсковы заклікаў мяцежнікаў скласці зброю і здацца, а ў адказ яго паспрабавалі пакласці на зямлю. Штопраўда, няўдала …


Miaciežniki suprać hienierala Huteresa Mielady
Мяцежнікі супраць генерала Гутэрэса Мелады. Антоніа Суарэс спрабуе ім перашкодзіць

Пад канец дня парламент быў абкружаны вернымі каралю і ўраду войскамі. Хуан Карлас асабіста абзваніў усе вайсковыя акругі, каб пераканацца персанальна ў вернасці вайсковых начальнікаў, а потым сярод ночы звярнуўся з экранаў тэлевізараў з заклікам захоўваць вернасць Канстытуцыі.

Natoŭp z žurnalistaŭ vakol zachoplienaha parlamienta
Натоўп з журналістаў вакол захопленага парламента

А ў той самы час, пакуль кароль спраўджваў лаяльнасць вайскоўцаў, капітан Мілан дэль Бош абвесціў ваеннае становішча ў Валенсіі, дзе камандаваў войскамі. Ён чакаў, што калегі з іншых рэгіёнаў не толькі падтрымаюць яго, але і пойдуць следам. Разлік мяцежнікаў быў на тое, што большая частка войска, даведаўшыся пра захоп парламенту, падтрымае змоўшчыкаў і далучыцца да іх.

Zvarot Chuana Karlasa pa telievizii
 Зварот Хуана Карласа па тэлевізіі

У гэты час газета «El País», якая з іспанскай мовы перакладаецца, як «краіна», з ініцыятывы першага галоўнага рэдактара Хуана Луіса Себрыяна, уключылася ў сваю гульню з мэтай недапусціць перамогі путчыстаў.

«Краіна» ратуе краіну

За лічаныя гадзіны ў рэдакцыі быў звярстаны спецыяльны нумар, які складаўся ўсяго з 16 старонак. Рабілі яго наспех, бо баяліся, што неўзабаве ў рэдакцыі могуць з’явіцца вайскоўцы – чакаць іх было цалкам лагічна, бо ў выпадку нават мінімальнага поспеху путча, рэдакцыя газеты была б адной з першых мішэняў для мяцежнікаў.

Перадавіца выйшла з вялікім загалоўкам «Дзяржаўны пераварот», пад ім была абазначаная выразная пазіцыя газеты – «El País з Канстытуцыяй». А далей сумбурны пераказ усяго таго, што адбывалася ў парламенце цягам дня і рэдакцыйны артыкул Хаўера Прадэры пад назвай «¡Viva la Constitucion!»


el-pais-7.jpg
«Спецыяльны» нумар «El País» з перадавіцай пра пераварот

Мэта канкрэтна гэтага нумару была відавочнай – супрацьстаяць перавароту, які літаральна ў прамым эфіры адбываўся ў Іспаніі, бо захоп будынка парламента паказвалі ў прайм-тайм па тэлевізары. Але была адна істотная праблема: панядзелак – гэта акурат той дзень, калі El País не меўся выходзіць і пры нармальным раскладзе. Да ўсяго газетныя шапікі былі ўжо збольшага зачыненымі, таму наспех надрукаваную газету проста раздавалі на вуліцах. А дыктары мадрыдскага радыё зачытвалі яе ў эфіры.

Вынік аказаўся ашаламляльным – выданне, паводле ўспамінаў самаго падпалкоўніка Тэхера, трапіла нават у захоплены будынак. І кіраўнік мяцежнікаў нібыта нават бачыў яго ў руках сваіх падначаленых. Тое самае пацвярджалі пазней і некалькі дэпутатаў-закладнікаў.

Усяго ў ноч з 23 лютага і да сярэдзіны дня 24 лютага было выдадзена 7 нумароў газеты. Кожны наступны выпуск, пачынаючы з другога, наўмысна суправаджаўся перадавіцай пра задушэнне мецяжу. «Спроба дзяржаўнага перавароту на мяжы правалу» – гаварылася ў загалоўку. Таксама пачынаючы з другога нумару газета вярнулася да ранейшага аб’ёму ў 60 старонак, публікуючы ўсё больш і больш інфармацыі пра ход падзеяў вакон захопленага парламенту.


Другі нумар «El País» з перадавіцай «Спроба дзяржаўнага перавароту на мяжы правалу»

Мяцеж у выніку праваліўся. Найперш, вядома, праз тое, што яго не падтрымаў ні кароль, ні войска. Але і ролю «El País» нельга не прызнаваць – газета была першай са сродкаў масавай інфармацыі, хто адкрыта, смела і даволі рэзка выступіў супраць мяцежнікаў.

Сёння «El País» – самая рэйтынгавая іспанская газета, якая выдаецца на іспанскай мове, а часткова — на каталонскай, англійскай і партугальскай мовах.

Р. Іберыйскі, Budzma.org
Фота з Вікіпедыі