Раніцай 27 траўня ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру, былы палітвязень Алесь Бяляцкі апублікаваў на сваёй старонцы ў Facebook фота з пляцу Сьвятога Пятра ў Ватыкане, піша «Радыё Свабода».
Алесь Бяляцкі і ягоная жонка Натальля Пінчук размаўляюць з папам Рымскім, 27 траўня 2026 году
Традыцыйна папа Рымскі зьявіўся на пляцы Сьвятога Пятра ў Ватыкане ў адкрытым «папамабілі». Падчас руху ён пэрыядычна спыняўся, каб дабраславіць шматлікіх пілігрымаў.
Пантыфік прачытаў Сьвятое Пісаньне, потым прайшла супольная малітва, а пасьля яе папа Рымскі індывідуальна прывітаў ганаровых гасьцей.
Падчас аўдыенцыі Алесь Бяляцкі знаходзіўся побач з герархамі Каталіцкай царквы, у непасрэднай блізкасьці да папы Рымскага. Пасьля агульнай аўдыенцыі папа Леў XIV прыняў Алеся Бяляцкага з жонкай Натальляй Пінчук і меў зь імі размову. Нобэлеўскі ляўрэат таксама перадаў сваё пасланьне Пантыфіку.

Алесь Бяляцкі і ягоная жонка Натальля Пінчук размаўляюць з папам Рымскім, 27 траўня 2026 году
Пазьней Telegram-канал «Хрысціянская візія» паведаміў, што гэтая сустрэча рыхтавалася некалькі месяцаў. Было вядома, што папа Леў XIV выказаў жаданьне сустрэцца зь беларускім нобэлеўскім ляўрэатам, аднак канкрэтная дата заставалася няпэўнай. Сам Бяляцкі тады яшчэ праходзіў лячэньне пасьля чатырох з паловай гадоў зьняволеньня, і магчымасьць зьдзейсьніць паездку ў Рым зьявілася толькі цяпер.
Алесь Бяляцкі перадаў Пантыфіку ліст, у якім апісаў сытуацыю з правамі чалавека і свабодай веравызнаньня ў Беларусі. Ён нагадаў, што ў краіне цяпер прыблізна тысяча палітычных вязьняў — сярод іх жанчыны і сталыя людзі, хворыя і інваліды, шматдзетныя бацькі. Асобна праваабаронца паведаміў аб перасьледзе вернікаў і сьвятароў розных канфэсій — каталіцкіх, праваслаўных і пратэстанцкіх. Ён згадаў айца Анатоля Парахневіча, арыштаванага ў сакавіку 2026 году, які перанёс інфаркт у зьняволеньні, але працягвае ўтрымлівацца за кратамі.
Бяляцкі выказаў удзячнасьць Сьвятому Пасаду за вызваленьне сьвятароў Генрыха Акалатовіча і Анджэя Юхневіча ў лістападзе 2025 году, аднак заўважыў, што перасьлед не спыніўся — сьвятары ня могуць вярнуцца ў свае парафіі, а іх маёмасьць сканфіскавалі.
Праваабаронца таксама зьвярнуў увагу на сыстэмнае зьнішчэньне рэжымам легальных падстаў для служэньня Каталіцкага касьцёла ў Беларусі: закрыцьцё храмаў (у тым ліку касьцёла сьвятых Сымона і Алены ў Менску), скасаваньне рэгістрацыі грэка-каталіцкіх абшчынаў, дэпартацыю місіянэраў. Сотні тысяч беларусаў, у тым ліку каталіцкія і праваслаўныя сьвятары, былі вымушаныя пакінуць краіну, ратуючыся ад рэпрэсій.
Значная частка пасланьня прысьвечана вайне Расеі супраць Украіны і ролі ў ёй рэжыму Лукашэнкі. Разам з тым Алесь Бяляцкі падкрэсьліў: сам беларускі народ супраць вайны — больш за 200 грамадзян Беларусі знаходзяцца за кратамі менавіта за крытыку вайны і салідарнасьць з украінцамі. Беларусы хочуць жыць мірна і ў згодзе з суседзямі, але рэжым Лукашэнкі несамастойны, і захоўваецца небясьпека прамога ўцягваньня Беларусі ў вайну.
Аўдыенцыя папы Рымскага — гэта традыцыйная штотыднёвая сустрэча, падчас якой Пантыфік выступае з казаньнем, чытае малітвы і асабіста дабраслаўляе вернікаў.
Аўдыенцыі праходзяць у Ватыкане на пляцы Сьвятога Пятра штосераду. Яны пачынаюцца раніцай. На іх зьбіраюцца тысячы вернікаў.