БНР: навошта?! Перадгісторыя дзяржавы-мроі

14.02.2018 Крылы БНР

Доўгі час Беларуская Народная Рэспубліка падавалася ці то недарэчнай мрояй, ці то фантазіяй эмігрантаў, ці то “нямецкім марыянеткавым праектам”, ці то… паўнавартаснай нацыянальнай дзяржавай, гвалтоўна задушанай бальшавікамі. Што ж гэта было насамрэч? Просты і зразумелы адказ на пытанне мы паспрабуем даць у серыі публікацыяў, прысвечаных 100-годдзю абвяшчэння рэспублікі. 


Але пачнём з вытокаў. На пачатку, як вядома было Слова, калі трактаваць шырэй – Ідэя. Дык хто ж выдумаў БНР, ці была гэта воля аднаго чалавека, плён шматлікіх заблытаных працэсаў альбо вынік няўхільнага ходу гісторыі? Давайце разбірацца.

Калі памятаеце фізіку і параграф з падручніка пра ўтварэнне навальніцы (канечне, вы яго не чыталі), то працэс там выглядае наступным чынам: дзякуючы моцнаму ветру кропелькі вады муляюцца адна аб адну, у выніку ідзе накапленне статычнай электрычнасці, утвараецца адмоўны зарад і… бах! Маланка, гром і залева.

З БНР было менавіта так. На пераломе ХІХ і ХХ стагоддзяў усім стала зразумела, што жыццё ўжо ніколі не будзе ранейшым, свет змяняецца, а час паскарае хаду. Індустрыяльная рэвалюцыя, накапленне навуковых ведаў, сацыяльнае разнявольванне, якое выштурхнула ў публічную прастору масу ўчорашніх сялянаў, – усё сыграла сваю ролю.

У пэўны момант нашчадкі засцянковай шляхты ды сялянскія дзеці, што абралі кар’еру дробных чыноўнікаў альбо ксяндзоў, абчыталіся этнаграфічных прац Карскага і Федароўскага, пазнаёміліся з моднымі сацыяльнымі тэорыямі і пабачылі свет, зрабілі сапраўднае адкрыццё. Выявілася, што масы людзей, якія жывуць паміж Смаленскам і Беластокам, Вільняй і Пінскам, аб’ядноўвае нешта важнае: яны беларусы, а значыць, вартыя таго, каб жыць у сваім асобным доме, мець дзяржаву.

Як да гэтага дайсці практычна? На пачатку гэта была культурная праца ў выглядзе выдання літаратуры на зусім “някніжнай” на той момант беларускай мове – так працавалі пецярбургскае выдавецтва “Загляне сонца і ў наша ваконца”, так паўстала першая беларуская газета “Наша Ніва”, што друкавалася як кірыліцай (для праваслаўных), так і лацінкай (для каталікоў). Гэта была палітыка ў выглядзе стварэння нашай першай партыі – “Грамады”. Гэта была рэлігія – каталіцкія семінарысты, на дзіва, пачалі друкаваць малітоўнікі зусім не па-польску, а па-беларуску.

Калі кропелькі муляюцца адна аб адну, ідзе накапленне статычнай электрычнасці… Так з’явіліся падставы для смелага і наватарскага стартапу – беларускага праекта. Зрэшты, падобнымі праектамі займаліся і суседзі: украінцы, літоўцы, латышы, эстонцы і інш. Заставацца ўбаку было б як мінімум дзіўна і неабачліва.

Чаму Беларусь, а не “ВКЛ 2.0”? Усё проста. З аднаўленнем Вялікага Княства, феадальнай шматнацыянальнай дзяржавы, можна было насіцца ў ХІХ ст., у часы Міцкевіча і Каліноўскага. У ХХ стагоддзі гэта была ўжо проста… састарэлая мадэль, антыкварыят для калекцыянераў. У сацыяльным плане – бо шляхта страціла сваю ролю, наперад выходзілі сялянства і сярэдні клас. У нацыянальным плане – бо прыйшоў час нацыянальных праектаў, а не імперыяў. У плане эстэтыкі патрэбны быў мадэрн на мяжы са стымпанкам, а не закос пад барока ці рамантызм.

Калі пачалася завіруха Першай Сусветнай, што прывяла да дзвюх рускіх рэвалюцыяў – дэмакратычнай і бальшавіцкай, фізіка зрабіла сваю справу: накоплены зарад статычнай электрычнасці нарэшце дасягнуў небяспечнай мяжы, на беларускім небе заблішчэла ды грымнула. Хлопцы вырашылі: “Цяпер альбо ніколі!”, і панеслася… Пачынаўся 1918 год.

Ці была пасля залева, што не пакінула аніводнага сухога дрэва ды каменя на віленскай брукаванцы, альбо ўсё прайшло бокам – “па-сухому”?

Чытайце ў наступных артыкулах.
 
Алесь Кіркевіч, budzma.org

Глядзіце таксама:

Алесь Кіркевіч: Колькі сталіцаў было ў БНР?