Калі кажуць пра значэнне БНР для сучаснай незалежнай Беларусі, то звычайна маюць на ўвазе як сам прэцэдэнт – стварэнне нацыянальнай дзяржавы, так і сімвалы, якія дажылі да сённяшняга дня: Пагоню і бел-чырвона-белы. Пры гэтым вельмі важны і характэрны момант нібыта губляецца: менавіта ў БНР Мінск упершыню стаў сталіцай Беларусі, адсунуўшы ўбок сівы Наваградак і шыкоўную Вільню.
Як так сталася? Усё проста: лінія фронту цягам Першай сусветнай пралягала такім чынам, што Вільню трымалі немцы, Мінск – спачатку расійцы, пазней – незразумела хто, яшчэ пазней – бальшавікі. І калі немцы жорстка кантралявалі ўсе працэсы ў Віленскім краі, талеруючы адно літоўцаў, якія былі для іх зручнай картай у піку палякам, то акурат у Мінску ў “незразумелы” перыяд беларусы змаглі гучна заявіць пра сябе. Нават фізічна нацыянальных дзеячаў, якія засталіся па нямецкім баку, былі адзінкі, па расійскім жа – нашмат болей. Яны і абвясцілі БНР.
Калі немцы занялі Мінск, то паставілі беларускіх палітыкаў у жорсткія рамкі, не даючы разгарнуць якой-кольвек сур’ёзнай дзейнасці або стварыць сваёй арміі – незалежнай Беларусі ў нямецкіх планах не існавала. Апафеозам такой палітыкі Берліна стаў Брэсцкі мір з бальшавікамі, куды прадстаўнікоў Беларусі нават не запрасілі. У выніку ўжо напрыканцы 1918 года Мінск апынуўся пад чырвонымі сцягамі, а ўрадоўцы БНР меліся раз’язджацца хто куды.
Чарговым пунктам, дзе нашым палітыкам можна было прынамсі перавесці дух, стала Горадня, дзе немцы яшчэ стаялі. Чаму горад быў для іх важным? Праз Горадню і Сувалкі немцы перакідалі ва Усходнюю Прусію свае часткі, амуніцыю і майно з Украіны – гэта быў стратэгічна-значны калідор. Да прыкладу, нямецкія аддзелы, якія спрабавалі прайсці праз Польшчу, палякі проста абіралі да ніткі, раздзявалі і раззбройвалі.
Дык вось, у канцы 1918 – самым пачатку 1919-га ў Горадні сабралася ці не ўся нацыянальная і палітычная эліта Беларусі: браты Луцкевічы, Язэп Варонка, Іван Серада і іншыя. У горадзе панавала безуладдзе, таму справы ў рукі ўзяло самакіраванне, прадстаўленае палякамі, яўрэямі, расійцамі і беларусамі. За тры месяцы 1919-га ў Горадні надышла сапраўдная “Беларуская вясна”: была створаная беларуская камендатура, дзе стаяў наш полк гусараў, запрацавалі гурткі і кнігарні на роднай мове.
Цешыцца, аднак, давялося нядоўга. У красавіку 1919-га горад займаюць палякі, а дзеячы БНР пачынаюць свой доўгі і змрочны шлях выгнання па краінах свету, пакідаючы Беларусь. Антон Луцкевіч, праўда, яшчэ вёў пасля перамовы з Пілсудскім пра аднаўленне БНР у занятым палякамі Мінску, але яны ні да чаго не прывялі.
Нашмат цікавейшы іншы сюжэт, які тычыцца канца 1920 года. Падчас свайго знакамітага Палескага паходу генерал Булак-Балаховіч, які ўжо паспеў адчуць сябе беларусам, пры гэтым служачы ў складзе польскага войска, абвяшчае сталіцай “сваёй” бБеларускай дзяржавы… Мазыр! Хто ведае, калі б не контрнаступ бальшавікоў, магчыма сённяшні раённы цэнтр меў бы далёкія перспектывы ў плане сталічнага статусу.
Зрэшты, хто ведае, што б атрымалася, калі б Балаховіч рушыў не на Мазыр, а напрамкі на Мінск – такі крок, імаверна, мог бы змяніць ход гісторыі… Адна справа – абвяшчаць Мінск сталіцай новай дзяржавы, калі ў цябе ёсць адно стос цікавых думак і праекты “паветраных замкаў”, іншая – калі за табой стаіць рэальная сіла: войска.
А што з дзеячамі БНР?.. Старшынёй Рады рэспублікі на той момант быў Вацлаў Ластоўскі, які абраў для сябе прыстанкам Коўна – сталіцу Літвы (Вільня была занятая палякамі). Там жа месцілася спачатку Міністэрства беларускіх справаў, пасля – Беларускі камітэт. Беларусаў на тых землях было небагата, таму “міністэрства” адпачатку было нонсэнсам, затое Ластоўскі разгарнуў шырокі выдавецкі фронт. Менавіта тут выходзіў ягоны часопіс “Крывіч”, тут жа пабачыла свет знакамітая “Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі” – самая важкая ў плане зместу і афармлення наша кніга таго часу.
Чарговым прыстанкам “тусоўкі” дзеячаў палітыкі і культуры стаў Берлін, дзе ў канцы 1925 года прайшла знакамітая канферэнцыя, падчас якой урадоўцы БНР фактычна “здалі справы” на карысць БССР, паверыўшы абяцанням аб стварэнні там сапраўднай “беларускай Беларусі”. Той жа Ластоўскі і безліч іншых пасля перадачы мандатаў пераехалі ў Мінск фізічна. Такі крок паспрыяў беларусізацыі 1920-х, але для саміх яе архітэктараў аказаўся фатальным: большасць была знішчаная падчас сталінскіх чыстак 1930-х.
Пятро Крэчэўскі, мабыць, маючы неблагую інтуіцыю, урадавы мандат не здаў, што і дазволіла яму ўзначаліць групоўку “няверуючых у рай на зямлі пад назвай СССР” і стварыць новую Раду БНР – у Празе. Пасада Крэчэўскага была ўжо сімвалічнай, але тым не менш дазволіла беларусам замежжа трымаць сцяг “прынцыпаў 25 сакавіка” цягам усяго ХХ стагоддзя. У Празе Рада заставалася ажно да 1945 года, пакуль новы прэзідэнт БНР доктар Мікола Абрамчык не перабраўся з занятай Чырвонай арміяй Чэхіі ў Парыж. Яшчэ пазней сталым прыстанкам Рады БНР стала Паўночная Амерыка.
Экзістэнцыя Рады БНР на той момант набыла цалкам біблійныя рысы і стала нечым кшталту ордэна, згуртаванага вакол “Каўчэга Запавету” – архіваў БНР, – які ездзіў па ўсім свеце. Асоба прэзідэнта рэспублікі-мроі ўжо не мела прынцыповага значэння, гэта быў хутчэй захавальнік ідэі незалежнасці, які мог нагадваць усяму свету пра нашу нацыю і яе натуральнае права на незалежную дзяржаву.
Такім чынам, дзякуючы БНР Мінск фактычна ўпершыню набыў сталічны статус, які трымае і цяпер. У той жа час “качавыя” сталіцы БНР цягам ХХ ст. у розных частках свету таксама мелі сваё значэнне: гэта былі фактычна мабільныя базы для эмігранцкіх асяродкаў, сховішчы для няспляжанай памяці пра “іншую” (чытай – несавецкую) Беларусь, а таксама транслятары несціханай думкі пра незалежнасць краіны.
Алесь Кіркевіч
Глядзіце таксама: