Bookster распачынае курс лекцыяў па літаратуры

Лекцыі кніжнага сайту Bookster.by — гэта шанец зладзіць уцёкі ў літаратуру і разам з харызматычнымі апавядальнікамі за два месяцы прачытаць (або адкрыць для сябе наноў) сем знакавых кніг.

Лекцыі чытаюць універсітэцкія выкладчыкі, заняткі якіх выпускнікі згадваюць з цеплынёй і захапленнем – Гражына Паўлоўская, Уладзімір Капцаў, Ганна Бутырчык. Другая ж частка выступоўцаў – людзі розных прафесіяў, якія натхнёна распавядаюць пра любімых аўтараў. Гэта пісьменнікі Адам Глобус і Альгерд Бахарэвіч, псіхіятр Алег Айзберг, культуролаг Максім Жбанкоў. Такім чынам у межах курсу сумясціліся розныя манеры выкладання і погляды на літаратуру.

Кожны лектар абіраў кнігу на свой густ, таму падборка атрымалася стракатая – ад напісаных тысячагоддзе таму “Нататак ля ўзгалоўя” японкі Сэй-Сёнагон да новага рамана каталонскага аўтара Жаумэ Кабрэ “Я спавядаюся”. Будуць лекцыі пра культавыя творы, такія як “Лавец у жыце” Сэлінджэра, “Працэс” Кафкі або “Ганна Карэніна” Талстога, і пра тыя, якія могуць стаць адкрыццём – напрыклад, “Клуб радасці і ўдачы” Эмі Тан. Побач з мастацкімі кнігамі  – дакументальны бестсэлер неўролага Олівера Сакса “Чалавек, які прыняў жонку за капялюш”.

Пасля 45-хвіліннай лекцыі запрашаем адрэфлексаваць пачутае і прачытанае ў фармаце кніжнага клуба.

Месца сустрэчаў – прастора Space (вул. Кастрычніцкая, 16А)

Увесь курс каштуе 30 рублёў, за 20 рублёў можна наведаць чатыры лекцыі, а за 7 рублёў – адну. Набыць квіткі можна на bezkassira.by.

Інфо: +375 29 1060454

Сачыць за праектам можна ў суполках FB  і VK