4 лістапада ў музеі кнігі пачне працу выстава «"Боская камедыя" Дантэ», прымеркаваная да 700-годдзя сусветнага паэтычнага шэдэўра, створанага Дантэ Аліг’еры, паведамляе сайт Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
«La commedia» (1307−1321), вядомая нам цяпер як «Боская камедыя», — манументальная эпічная праца, сапраўдная паэтычная энцыклапедыя навуковых, палітычных, маральна-філасофскіх і багаслоўскіх ведаў эпохі Ранняга Адраджэння. Менавіта гэты твор Дантэ стаў вяршыняй яго літаратурнай дзейнасці. Паэма складаецца з трох частак: «Пекла», «Чысцец», «Рай» і ўключае 100 песень.
На выставе «"Боская камедыя" Дантэ» ўвага нададзена рарытэтным ілюстраваным выданням паэмы з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Сярод экспанатаў − каштоўнае факсімільнае выданне, якое дакладна ўзнаўляе першы рукапісны спіс паэмы (1330), аздоблены каляровымі мініяцюрамі.
У экспазіцыі таксама будзе прадстаўлены адзін з першых ілюстраваных першадрукаў твора (1481), які пабачыў свет у родным горадзе паэта — Фларэнцыі. Гравюры да выдання выкананы паводле прац вядомага італьянскага мастака эпохі Адраджэння — Сандра Бацічэлі.
Можна будзе пабачыць шэдэўр кніжнай графікі ХІХ ст. — цыкл гравюр (1861) французскага майстра Гюстава Дарэ да першай часткі паэмы «Пекла», а таксама іншыя прыклады мастацкага асэнсавання бессмяротнага твора.
Выстава будзе працаваць у музеі кнігі (пам. 347) да 16 студзеня 2022 г. Дата яе завяршэння можа быць зменена.