Невядомае: легендарны рэгі-гурт Botanic Project у PartyZone

15.06.2021 Музыка

Пра рэгі-гурт Botanic Project можна сказаць адно: ён шырока вядомы ў вузкіх колах. У прынцыпе, як і ўвесь кірунак reggae, цікавы даволі вузкаму колу асоб. Ён не такі папулярны, як рок, не такі «моладзевы» і «раскручаны», як рэп ці хіп-хоп. Але ў гэтага напрамку музыкі шмат сваіх адданых прыхільнікаў.

Падавалася б, ямайская музыка не вельмі ўласцівая беларускім шыротам. Аднак, як ні дзіўна, беларускае рэгі з’яўляецца адным з найбольш аўтарытэтных і вядомых на прасторы СНД і ў постсавецкіх рэспубліках. Па словах аднаго з лідараў ВР, Андрэя Багамолава, беларускае рэгі можна лічыць «рэгі са знакам якасці» на нашай прасторы і ў ваколіцах.

Запрашаем на рэгі з Botanic Project – 17 чэрвеня

Асноўны склад Botanic Project сфармаваўся ў 2006 годзе. Прэзентацыя першага альбома пад назвай «Нармалія» (2008) стала пачаткам актыўнай канцэртнай дзейнасці калектыву. Рэгулярныя шоў у клубах сталіцы і за межамі Беларусі заслужана вызначылі Botanic Project як адзін з самых перспектыўных рускамоўных reggae-праектаў. На канцэртнай мапе былі адзначаныя Маладзечна, Мінск, Віцебск, Масква, Піцер, Екацярынбург, Армавір, Пяцігорск, Стаўрапаль, Растоў, Алматы, Беласток…


Андрэй Багамолаў. Фота — Зарына Кандрацьева

«Беларускае рэгі — гэта трэнд у постсавецкай, СНДшнай прасторы. Мы вельмі шмат гадоў займаліся арганізацыяй рэгі-фестываляў: у Маскве, у Піцеры, пару разоў у Мінску. У той жа Маскве заўсёды беларускія гурты — Botanic Project і «Адыс Абеба» — былі хэдлайнерамі фестываляў. Бо ва Украіне, у Расіі рэгі-гуртоў даволі няшмат. І беларускае рэгі — гэта заўсёды быў знак якасці», — адзначае Андрэй Багамолаў.

Дастаткова вядомым праектам была група «Адыс Абеба». Але лідар «АА» Дзмітрый Іваноў з’ехаў у В’етнам, і музыкі «Адыс-Абебы» арганічна ўліліся ў Botanic Project. «Мы цяпер граем з музыкамі гэтай групы, і на дадзены момант у нас цалкам адысабебскі, калі можна так выказацца, склад», — кажа Андрэй.


Botanic Project. Фота — Зарына Кандрацьева

Пры гэтым Botanic Project эксперыментуюць — іншым разам даволі рызыкоўна. У 2016 годзе гурт запісаў кампазіцыю на музыку Боба Марлі (што нядзіўна) і… верш Янкі Купалы «А хто там ідзе?» Вось гэта ўражвае: наўрад ці гэты тэкст Купалы можна назваць «спеўным».

«Ідэя прыйшла ў галаву, напэўна, выпадкова. Кампазіцыя Боба Марлі называецца Exodus — у перакладзе “Выхад”. Гэта такая алюзія на Біблію, біблейская тэматыка — выхад габрэяў з Егіпта. Вершы Купалы падышлі як па музыцы вельмі дакладна, так і па тэматыцы — сэнсавай нагрузцы. Выхад — і такі нацыянальны кліч, калі нацыя сябе ўсвядоміла... Гэта тэматычна вельмі падобна. А потым мы нават здзівіліся, як добра тэкст лёг на музыку Боба Марлі. Не буду хаваць, спачатку гэта было як прыкол, а аказалася вельмі добра», — распавядае Андрэй.

Нягледзячы на тое, што музыкі могуць і ўмеюць размаўляць па-беларуску, беларускамоўных песень у іх рэпертуары ўсё яшчэ няшмат. Напрыклад, беларускамоўная «Ратуй». «Гэтая песня з’явілася, калі Клім сядзеў у турме. Ён мне выслаў тэкст, я запісаў у акустыцы», — кажа Андрэй.

Клім Малажавы, саліст ВР, у 2016 годзе быў асуджаны за распаўсюд наркотыкаў праз знойдзеныя ў яго 40 грамаў гашышу і 17 грамаў марыхуаны. Гісторыя была дастаткова «каламутнай», але музыканта адправілі ў калонію ўзмоцненага рэжыму на 9 гадоў па сумнавядомым 328 артыкуле КК. Першапачаткова да яго не ўжывалася амністыя, потым «наркатычны» артыкул высілкамі грамадства і ініцыятывы «Маці 328» быў зменены, і ў лютым 2021 года Клім выйшаў з калоніі па ўмоўна-датэрміновым вызваленні.

Пасля выхаду ў інтэрв’ю ён казаў, што напісаў у зняволенні каля паўсотні песень, але Андрэй Багамолаў папраўляе: каля сотні.

«Мы цяпер і займаемся тым, што разграбаем гэты матэрыял. Нешта адабралі ў Botanic Project, наш асноўны праект, практычна ўсе ўжо адрэпеціравалі, хутка пачнём запіс. Песні ёсць розныя, ёсць наогул нефарматныя. На PartyZone мы збіраемся прадставіць менавіта такую праграму — рэчы, якія мы ў асноўным не граем на канцэртах, якія не ўвойдуць у альбом. Ёсць шмат песень, якія мы граем у акустыцы. Увогуле, песень шмат, песні розныя, — і набалелае, і асабістае, і лірычнае, і «18+»: матэрыялу хапае, паволі спрабуем усё прывесці да ладу», — адзначае Андрэй.

Так што нават аматары Botanic Project могуць убачыць сваіх куміраў на PartyZone з незвычайнага боку.


Botanic Project. Фота — Зарына Кандрацьева

Наогул жа анлайн-канцэрты, прызнаецца Андрэй Багамолаў, — гэта нязведанае для гурта поле. «Трэнд з’явіўся не так даўно, будзе, напэўна, цікава. У сувязі з абмежаваннямі па Covid мы мала куды выязджалі, у асноўным былі канцэрты ў Мінску, але там не будзеш выступаць кожны дзень — проста людзі не збяруцца. Спадзяюся, цяпер сітуацыя трошкі зменіцца — у сувязі з вызваленнем Кліма», — кажа Андрэй Багамолаў.

Да таго ж цяпер час адпачынкаў, палова складу гурта раз’ехалася. На ліпень-жнівень у каманды ёсць планы вялікіх канцэртаў, у асноўным у Мінску. Гэта, зноў жа, звязана з Клімам Малажавым: пакуль па правілах умоўна-датэрміновага вызвалення яму забаронена выязджаць за межы Беларусі. Таму гурт будзе радаваць збольшага беларускіх слухачоў.

Нічога не адбываецца дарма і проста так. Можа быць, такія абмежаванні змусяць Botanic Project звярнуць больш увагі на родную публіку, і ў іх рэпертуары з’явіцца больш песень на беларускай мове.

А пакуль іх можна будзе ўбачыць у чацвер на YouTube-канале PartyZona.

Аліна Бялова, budzma.org