У 2021 годзе беларуская паэтка Ганна Комар паступіла ў магістратуру Уэстмінстарскага ўніверсітэта. Выдаткі на жыццё і навучанне ў Лондане ёй пакрыла стыпендыяльная праграма Chevening. «Я мела a room of my own, — напісала Ганна на сваёй старонцы ў Фэйсбук. — Мела фінансавую і фізічную бяспеку, каб думаць, адчуваць, чытаць і даследаваць». Магістратуру яна скончыла з самай высокай адзнакай. У Лондане застаеццца і цяпер — вучыцца ў дактарантуры.
«Якое ў нас цяпер надвор’е? Сёння сонечна, цёплая восень. Але неба зацягваецца. За дзень яшчэ разоў дзесяць усё памяняецца», — усміхаецца Ганна. За час, праведзены ў Лондане — а гэта больш як год — яна прызвычаілася не толькі да англійскага клімату:
— У Лондан я прыехала з ПТСР (посттраўматычны стрэсавы сіндром — аўт.) і тугой па радзіме. Мне было вельмі цяжка бачыць, што людзі тут проста жывуць сваім жыццём. А пару дзён таму, пасля чарговага трындзяца ў навінах, я падняла на вуліцы вочы, агледзелася, убачыла ўсіх гэтых людзей, якія жывуць сваім жыццём, і падумала: «Божа, дзякуй, што яны так могуць».
«Лондан — не пра англічан, а нібыта пра ўвесь свет, сабраны ў адным горадзе
У магістратуры Уэстмінстарскага ўніверсітэта Ганна Комар вывучала творчае пісьмо: як пісаць горад. У арыгінале назва яе курса гучыць так: Creative Writing: Writing The City. На занятках (а па сутнасці варкшопах) студэнты вучыліся рабіць гэта ў розных жанрах: мастацкая проза, нон-фікшн, паэзія і драматургія. Па тры месяцы на кожны. Замест іспытаў ды залікаў — літаратурныя творы.
— Больш за ўсё спадабаўся курс драматургіі. За тры месяцы я стварыла нядрэнную п’есу — «Целам сваім». Яна напісаная па-англійску, але пра Беларусь. Пра досвед зняволення, эміграцыі і пераадолення траўмы. Увогуле я адчувала шмат свабоды, сама абірала тэмы і ўвесь час пісала пра сваю краіну. Гэта не было праблемай.
Не хавае Ганна і пэўнага расчаравання ад новага ўніверсітэцкага досведу:
— На некаторых модулях я разумела, што ў нашай Школе пісьменнікаў заняткі ў сто разоў лепшыя, чым у маёй брытанскай магістратуры. Вельмі бракавала аналітычнага падыходу, паглыблення, больш шырокай перспектывы.
— Хто вучыўся з вамі на курсе?
— Уласна брытанцы, студэнты з Кувейта, ЗША, Кітая, Албаніі, Індыі, Пакістана. Многія з іх заплацілі за гэты курс вельмі вялікія грошы, каля 16 тысяч фунтаў.
З плюсаў навучання пісьменніца называе адсутнасць ідэалогіі. «У беларускіх універсітэтах шмат лішняга — паліталогіі, ідэалогіі і ўсялякай такой лухты, — прыгадвае Ганна свой «ін’язаўскі» досвед. — Тут амаль усе прадметы па тэме». Трымалі ў форме і дэдлайны. Нават за хвіліну пратэрміноўкі студэнты губляюць балы. Затое працаваць над эсэ і паэтычнымі цыкламі можа і падчас, і замест пар:
— Першы семестр я наведвала заняткі вельмі адказна, а пасля 24 лютага амаль перастала. Не магла. Напісала ліст нашай куратарцы. Яна, дарэчы, вельмі шчыра адрэагавала. Нават папрасіла прабачэння, што яны са свайго боку не надалі гэтым абставінам дастатковай увагі. Звязалася з астатнімі выкладчыкамі і патлумачыла ім маю сітуацыю.
І вось таксама класна, што заўсёды можна звярнуцца па дапамогу. На самым пачатку мне было вельмі цяжка. Пасля Беларусі я не магла адэкватна існаваць, пастаянна плакала, мяне ўсё трыгерыла, але ва ўніверсітэце была псіхалагічная падтрымка. Там мне далі парады і нават знайшлі псіхатэрапеўта.
«Застаюся ў Лондане»
— Ганна, што ў Брытаніі ведаюць пра нашу краіну?
— Выкладчыкі збольшага абазнаныя ў сітуацыі. Са студэнтамі горш. Маім брытанскім аднагрупнікам і аднагрупніцам гэта проста нецікава. Значна бліжэй мне былі людзі з іншых краін. Дзяўчына з Кітая, якая разумела, што насамрэч адбываецца ў яе дзяржаве. Жанчына з Албаніі, якая назірала крах камунізму ў сваёй краіне. Дзяўчына з Індыі, якая блізка знаёмая з пераследам. З імі ў мяне былі больш блізкія адносіны.
— Куды далей? У якія краіны-гарады?
— Застаюся ў Лондане. Я паступіла ў дактарантуру ўніверсітэта Брайтана. Гэта недалёка ад Лондана, гадзіна-паўтары цягніком.
— На якую тэму будзе дысертацыя?
— Як паэзія можа быць інструментам працы з траўмай гендарна абумоўленага гвалту беларускіх жанчын. Простымі словамі — як паэзія, верш могуць дапамагчы знайсці словы, каб апісаць свой траўматычны досвед і як ад гэтага можа стаць лягчэй, а таксама як такім чынам можна разарваць ланцуг. Гэта вельмі блізкая мне тэма. Мая маці цягам сарака гадоў была ахвярай хатняга гвалту.
— У дактарантуры будзеце вучыцца таксама па нейкай стыпендыяльнай праграме?
— На жаль, не паспела падацца, бо рашэнне было даволі спантанным. Паступіла нечакана для сябе. На шчасце, універсітэт даў стыпендыю, каб пакрыць аплату за навучанне. Пра жыццё мушу дбаць ужо сама.
— Яно ў Лондане сапраўды дарагое?
— Жытло, паслугі і транспарт — вельмі дарагія. На прадуктах можна эканоміць. Ёсць, напрыклад, мабільныя прыкладанні, у якіх можна знайсці тавары з добрай зніжкай. Кошты на ежу, дарэчы, як у Беларусі. То-бок настолькі ў Беларусі цяпер усё дорага.
«Я ў Лондане? Абалдзець!»
Ганна прыехала ў Лондан у верасні 2021-га, хутка пасля таго, як быў зняты лакдаўн. Праз знаёмых атрымалася знайсці пакойчык у доме з гаспадыняй. «Варыянт не вельмі дарослы, але і не вельмі дарагі», — кажа паэтка.
— У Лондане жыве амаль 9 мільёнаў чалавек, то-бок горад вельмі расцягнуты. Скажам, калі глядзець на сетку метро, то існуе шэсць зон. Я жыву ў другой, за паўгадзіны магу дабрацца да цэнтра. Так што 650 фунтаў — гэта няшмат на цяперашнія кошты.
— Хто вашая гаспадыня?
— Жанчына ўжо даволі сталага веку, былая прафесарка, ведае некалькі моваў, цікавіцца палітыкай, навінамі, кожны дзень працуе ў сваім кабінеце. Калі Алесь Бяляцкі атрымаў Нобелеўскую прэмію, напісала мне электронны ліст з віншаваннямі.
— Ганна, любімыя месцы ў горадзе з’явіліся?
— Мне падабаецца мой раён, ён ціхі, на поўначы. Пасля траўматычных беларускіх падзей вельмі хацелася ціхага месца. Падабаецца ўсходняя частка Лондана. Калісьці там былі бедныя рабочыя, габрэйскія кварталы. Маё месца сілы — адзін з тамашніх дворыкаў. Гэта першае ў Еўропе сацыяльнае жытло.
Вельмі прыгожыя дамы з чырвонай цэглы. Калісьці на курсе «Колеры Беларусі» ў Беларускім Калегіуме Міхал Анемпадыстаў расказваў, што брунатны — гэта вельмі беларускі колер. Таму, напэўна, у мяне такая слабасць да гэтай чырвонай, брунатнай цэглы. У Лондане яна амаль паўсюль — за выняткам новых сучасных будынкаў. Жоўтая або чырвоная цэгла. Вельмі кайфова! А яшчэ тут неверагодна прыгожыя паркі, шмат вады, каналы. Вельмі іх люблю. Часамі ловіш гэтыя гарадскія віды і думаеш: «Я ў Лондане? Абалдзець!».
— Ганна, што напісалася за першы лонданскі год?
—П’еса. Я пра яе вам ужо распавядала. Напісалася вялікае эсэ — пра тое, якім у Лондане было жыццё беларускай супольнасці да 2020 года і пасля. Дарабілася кніжка, з’яўляліся вершы.
— Вы прыехалі ў горад, па сутнасці, у дэпрэсіі. Што робіце, каб зноў не сысці ў псіхалагічны накаўт?
— Адчуваю, што фізічна не магу ўспрымаць інфармацыю ў той форме, у якой яна нам падаецца. Як памыі на цябе выліваюць. Таму тэлефон — толькі некалькі разоў на дзень. Завяла сабе новую звычку: кожную раніцу стаўлю таймер на пяць хвілін і пішу, выгружаю з аператыўкі ўсе свае думкі. Гэта мая псіхалагічная гігіена. Увогуле першую гадзіну раніцы стала рабіць вельмі спакойнай, пакрысе. Прачынаюся, раблю ёгу або фізуху, душ, сняданак. І толькі потым цягнуся да тэлефона і ныраю ў гэтую шалёную прорву.
Пазнаёміцца з творчасцю Ганны Комар можна на яе персанальным сайце hannakomar.com
Паліна Часноўская, budzma.org