Беларуская мастачка Ганна Мядзведзева атрымала першую прэмію на Міжнароднай біенале керамікі ў партугальскім горадзе Авейра. Гэты фестываль збірае лепшых керамістаў з усяго свету. Сёлета на конкурсную выставу было пададзена 782 работы ад 488 удзельнікаў, з іх журы адабрала 110 работ 96 мастакоў з розных краін. Сярод крытэрыяў адбору — інавацыйныя падыходы да керамічных тэхнік і матэрыялаў, піша reform.news.
Ганна Мядзведзева. Даждлівы дзень. Керамаграніт, парцаляна. 2025
Праца Ганны Мядзведзевай, якая выйграла конкурс, мае назву «Дажджлівы дзень». Гэтая абстрактная скульптура натхнёная прыродай. Калі прыгледзецца, то можна ўбачыць, што ландшафт сапраўды «злоўлены» мастачкай падчас дажджу. Аўтарка выкарыстоўвае напаўвадкую каменную масу (высокатэмпературную глiну з дамешкам тонкага шамоту), з дапамогай якой стварае шматслойныя карункавыя паверхні, што сапраўды нагадваюць ландшафты ці прыродныя фактуры.
Ганна Мядзведзева назірае за мікрадэталямі прыроды — тэкстурамі зямлі ці будовай раслін — і заўважае, што пры павелічэнні яны становяцца падобнымі да архітэктурных канструкцый. Адначасова яна захапляецца велічнымі прасторамі, што адкрываюцца з вышыні, фіксуючы ў памяці іх атмасферу і каларыт.
Свае скульптуры яна назвае медытатыўнымі аб’ектамі, бо за імі стаяць усё ж не канкрэтныя месцы, а сканцэнтраваныя ўражанні і ўспаміны.