Тэатральную пастаноўку «Слава, застылая ў стагоддзях» пакажуць 3 ліпеня на цэнтральнай плошчы Браслава.
У вобразах дваццаці вядомых беларускіх помнікаў і мемарыяльных комплексаў паўстануць акцёры народнага тэатра Браслаўскага дома культуры.
Пра тое, як будзе стварацца пастаноўка, Край.бай распавёў рэжысёр народнага тэатра Яўген Набееў. Паводле яго слоў, дэкарацыі да сяміхвіліннага спектакля ствараліся на працягу некалькіх месяцаў, а некаторыя да гэтага часу ў стадыі дапрацоўкі.
– З дапамогай дэкарацый, грыму і гульні акцёраў мы плануем стварыць вобразы дваццаці самых вядомых беларускіх помнікаў, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне, – падзяліўся ён. – Сярод іх такія манументы і мемарыяльныя комплексы як «Брэсцкая крэпасць», «Тры штыкі», помнік Марату Казею і іншыя.
Па словах рэжысёра, працаваць над стварэннем выявы будуць як дэкарацыі – макеты помнікаў – так і грым акцёраў. Дарэчы, яго нанясеннем зоймуцца самі рэжысёр і артысты. Як растлумачыў Яўген Набеев, у яго ўжо ёсць вопыт рэжысуры падобнага спектакля: у мінулым годзе яму ўдалося ўвасобіць адзін такі вобраз.
– Увасобіўшы адзін вобраз, я зразумеў, што атрымліваецца сапраўды вельмі прыгожая карцінка. Уласна, – дадаў ён, – так і ўзнікла ідэя зрабіць нешта больш маштабнае. Бо ў нас у краіне вельмі шмат помнікаў, аб існаванні якіх людзі нават не ведаюць.
Тэгі: Браслаў