Гурт Intelligency дапрацоўвае новы альбом. Ён будзе не толькі першым паўнавартасным за чатыры гады, але і першым беларускамоўным у іх дыскаграфіі, піша «Наша Ніва».
Фота: інстаграм @intelligency_band
«Мы пішам музыку ўжо 12 гадоў, спрабавалі граць яе ў многіх гарадах свету, але ніколі не задумваліся пра тое, каб наша творчасць перш за ўсё была патрэбная тут [у Беларусі]. Таму мы вырашылі запісаць вялікі альбом на беларускай мове», — падзяліліся музыкі.
«12 гадоў пісаць музыку дзеля таго, каб нарэшце прыйсці да самога сябе. У нас ёсць хіт «August», у нас ёсць іншыя песні-мільённікі, але чаго гэта ўсё варта ў нашы часы? Наш наступны альбом — асаблівы, на беларускай мове, для нашых людзей і проста для ўсіх добрых людзей. Няхай будзе свята музыкі».
На гэты момант вядомыя толькі назвы трэкаў будучай кружэлкі — «Мінск», «Камяні», «Таямніца», «Мара», «Каханне». А таксама — некаторыя ўрыўкі з трэкаў.
Аўтары абяцаюць у тэкстах шмат пасхалак і чыста беларускіх выразаў кшталту «кінь дурное».
Акрамя таго, музыкі ўжо прэзентавалі кліп на песню «Таямніца», у якім яны разам з акцёрамі месяць нагамі бруд, танцуючы на беларускім полі, а пасля ядуць халаднік, гуркі, дранікі і печаную бульбу з малаком. Пры гэтым знята ўсё ў вельмі рэйвавым вайбе.
«Нехта скажа: навошта [беларуская] мова, калі гэта абмяжуе кола слухачоў? Дурасці ўсё гэта — ад глыбокага неразумення і слепаты духу. Альбомы і канцэпцыі ніколі не састарваюцца; а народнае ніколі не імгненнае, а вечнае, і якое пашырае тваю свядомасць і дух як ніколі. А там, дзе мацуецца дух і ёсць ідэя — там і сіла», — упэўненыя артысты.
Канкрэтная дата рэлізу беларускага альбома ад Intelligency пакуль невядомая.