Руціна аўтарытарнай цэнзуры. Навошта ўлада аб’яўляе экстрэмісцкім гістарычнае кіно?

19.06.2026 Кіно
Кінакрытык Тарас Тарналіцкі піша пра аб'яўленне «экстрэмісцкімі матэрыяламі» шэрагу гістарычных фільмаў.

Сапраўднага беларуса сёння забаронамі не здзівіш. Вось і зараз амаль незаўважным для большасці прайшло аб’яўленне «экстрэмісцкімі матэрыяламі» стоса стужак.
На мінулым тыдні такі лёс напаткаў беларусьфільмаўскую стужку «Дарога на Курапаты» савецкага і беларускага дакументаліста Міхаіла Жданоўскага. А літаральна на днях — адразу 10 гістарычных тэлепрац  тэлеканала «Белсат», прысвечаных гісторыі ўтварэння БНР, савецкаму тэрору 1930-х гадоў, Другой сусветнай вайне і нямецкай акупацыі Беларусі 1940-х гадоў.

daroha-na-kurapaty.jpeg

Гаворка пра фільмы і відэа: «Кроў i попел Дражна», «Амаль забыты лес», «Курапаты», «Гісторыя Беларусі! С. Булак-Балаховіч!», «Беларусь пад нямецкай акупацыяй», «Расьціслаў Лапіцкі! Герой нацыянальнага супраціву!», «Войска польска на тэрыторыі Беларусі», «Браты па крыві! НКВД=ГЕСТАПО», «Праклятыя ды забытыя! Ч.1», «Праклятыя ды забытыя! Ч.2».

Пра гэта пісалі толькі праваабарончыя арганізацыі і некалькі медыяў, якім неабыякава беларуская культура. Бо што пісаць, калі беларуская дзяржава ніколі і не хавала, што займацца цэнзурай — яе звыклы стыль паводзінаў, які толькі інтэнсіфікаваўся пад уплывам вайны і палітычнага крызісу 2020 года.

kadr-z-filma-kurapaty.jpg

Робіцца тое па розных прычынах.

Рэжыму важна адчуваць інфармацыйны кантроль над краінай. Асабліва над тымі ідэямі, якія лунаюць у не да канца кантраляваным інтэрнэце і пагражаюць няўстойлівай лукашэнкаўскай ідэалогіі, пабудаванай на міфе аб тым, што беларуская дзяржава паўстала ў савецкі перыяд, і ўслаўленні перамогі ў Другой сусветнай вайне.

Як бачна, набор нацыянальных скрэпаў зусім ужо бедны — і спрыянню іх разгінання праз працы, дзе паказаны іншы погляд на складаны і супярэчлівы бок гісторыі Беларусі мінулага стагоддзя, дзяржаўны апарат спрабуе пазбегнуць любымі сродкамі.

Да таго ж Адміністрацыі Лукашэнкі трэба дэманстраваць сваю эфектыўнасць. Бо навошта тады ўліваць і так абмялелы бюджэт краіны ў гэтыя бясконцыя камісіі і назіральныя органы, калі яны не дэманструюць выніку.

Вось і сядзяць чыноўнікі пакорліва, пыласмокчуць інфапрастору ў пошуках схаванай інфармацыйнай крамолы, на якую можна прыклеіць «экстрэмісцкую» налепку.

Праблема толькі ў тым, што гэты цэнзурны канвеер даўно не мае вялікага сэнсу.

Рэжым яшчэ да 2020 года расправіўся з усімі праявамі ідэалагічнага іншадумства. Знятая ў 1990-м годзе «Дарога на Курапаты» пасля прыходу да ўлады Лукашэнкі была схавана на дальнюю паліцу архіва дзяржстудыі. Нават у часы дрэнных адносін афіцыйнага Мінска і Масквы ў канцы 2010-х, калі Лукашэнка адчуў імперскі апетыт Крамля да Беларусі, фільм не вярнулі на экраны і нават не адрэстаўравалі.

Бо ідэі злачыннасці савецкай улады, паказаныя Жданоўскім, нервавалі савецкі светапогляд Лукашэнкі, які так шмат высілкаў прыклаў, каб пабудаваць з Беларусі новую версію сваёй радзімы — БССР 2.0. А ў такіх справах ніхто жартаваць не любіць.

Такі ж лёс напаткаў публіцыстычны відэакантэнт тэлеканалу «Белсат», які быў заблакаваны ўсімі магчымымі сродкамі яшчэ задоўга да аб’яўлення медыя «экстрэмісцкім фармаваннем» у 2021 годзе.

Усе гэтыя фільмы ніколі нельга было легальна сустрэць у сетцы тэлевяшчання ці паказаць у кінатэатрах, бо на паказ такога кантэнту дзяржорганы ніколі б не выдалі пракатнага пасведчання.

Усе жадаючыя іх і так глядзелі выключна на ютубе, з якім рэжым нічога не можа зрабіць (прынамсі, пакуль што). І працягнуць глядзець, бо спроба напалохаць «экстрэмізмам» ніколі не спыняла пытлівы чалавечы розум на шляху да забароненага плоду.

Таму цэнзураванне, якое сёння практыкуюць улады, мае сэнсу не болей, чым праца на неэфектыўных дзяржпрадпрыемствах у позднесавецкія часы. Такая сабе імітацыя бурлівай дзейнасці пры поўнай адсутнасці неабходнасці сэнсу. Абы толькі зарплату плацілі і з наседжанага месца не звольнілі.


Тарас Тарналіцкі, Budzma.org